8 кастрычніка ў Беларускім ПЭН-цэнтры адбыўся круглы стол, прысвечаны Тыдню супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.
Удзел у круглым стале ўзялі беларускія літаратары Уладзімір Арлоў, Адам Глобус, Барыс Пятровіч, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хаданович, праваабаронца Алесь Бяляцкі, старшыня Камітэта па замежных справах Парламента Чэшскай Рэспублікі, былы міністр замежных спраў Карэл Шварцэнберг, пасол Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт, пасол Балгарыі Івайла Іванаў, пасол Вялікабрытаніі Брус Бакнэл, апостальскі нунцый Клаўдзіа Гуджэроці.
Як паведамляе «Наша Ніва», усе ўдзельнікі пагадзіліся, што існаванне ў Беларусі смяротнага пакарання з’яўляецца абсалютна непрымальным.
Аднак адна з галоўных ліній дыскусіі разгарнулася вакол магчымых інструментаў адмены смяротнага пакарання. Так, еўрапейскія дыпламаты казалі пра пераацэнку ролі прадстаўнікамі Беларусі ролі ўсенароднага рэферэндуму.
Некаторыя з іх нагадалі, што меркаваннем грамадства лёгка маніпуляваць, проста ўзгадаўшы гучныя жорсткія злачынствы.
«Праблемы смяротнага пакарання адносяцца да таго тыпу праблем, дзе палітыкі мусяць бачыць далей за звычайных грамадзян. У Чэхіі адмена смяротнага пакарання адбылася не праз усенародны рэферэндум, але праз намаганні гуманістычна настроеных асоб, такіх, як Вацлаў Гавал», — сказаў Мілан Экерт.
Івайла Іванаў нагадаў прыклады Францыі, дзе грамадзяне на рэферэндуме выказаліся за захаванне смяротнага пакарання, аднак парламент і прэзідэнт адмянілі вышэйшую меру.
Пасол Брус Бакнэл таксама засяродзіў увагу на тым, што ў Вялікабрытаніі падчас адмены смяротнага пакарання большасць жыхароў выступала за яго захаванне. Нават цяпер 45% людзей старэйшага пакалення краіны выступае за вышэйшую меру пакарання. Аднак сярод маладых людзей 18-24 гадоў гэтая лічба нашмат меншая.
Бакнэл таксама паведаміў, мінулагодні узровень наўмысных забойстваў і гвалту ў Вялікабрытаніі быў самым нізкім за апошнія 30 гадоў, і гэта пры адсутнасці ў краіне смяротнага пакарання. Бакнэл кажа, што гэтага ўдалося дасягнуць з дапамогай як добрай працы праваахоўных структур і ранняга папярэджвання злачынстваў, так і з дапамогай глыбокага і рознабаковага выхавання ў грамадстве цярпімасці.