На заключнай вечарыне з серыі “Пятніцы з Гедройцам” сябра журы прэміі Альгерд Бахарэвіч абвясціў шорт-ліст. У яго ўвайшлі наступныя аўтары і кнігі:
1. Ігар Бабкоў. Хвілінка: Тры гісторыі. — Мінск: “Логвінаў”.
2. Алена Брава. Дараванне. Прощение. Vergebung. — Мінск: “Звязда”.
3. Сяргей Вераціла. Разбітае сэрца Вітаўта. — Мінск: “Мастацкая літаратура”.
4. Артур Клінаў. Шклатара. — Мінск: “Логвінаў”.
5. Вінцэсь Мудроў. Багун. — Полацк: “Полацкае ляда”.
6. Людміла Рублеўская. Ночы на Плябанскіх млынах. — Мінск: “Мастацкая літаратура”.
Абвяшчэнне адбылося пасля прадстаўлення трох кніг лонг-ліста: “Дараванне” Алены Брава, “Errata” Сяргея Дубаўца і “Зкімбы-зымбы” Аляксандра Лукашука. Вечарыны з серыі “Пятніцы з Гедройцам” праходзілі кожны тыдзень цягам красавіка з мэтай папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру. Сустрэчы былі арганізаваныя Беларускім ПЭН-цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і кнігарняй “логвінаЎ”.
Імёны трох фіналістаў будуць названыя 2 чэрвеня на ўрачыстай цырымоніі ўручэння прэміі. Аўтар кнігі, якая зойме трэцяе месца, атрымае творчую стыпендыю ва Вроцлаве (Польшча), другое — пераклад на польскую мову і стыпендыю на Готландзе (Швецыя), першае — чэк на 130 мільёнаў беларускіх рублёў ад IdeaBank.
У журы прэміі сёлета ўвайшлі: з беларускага боку — Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, з польскага боку — Малгажата Бухалік, Адам Паморскі. Ганаровы старшыня журы — Лешак Шарэпка, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. Ганаровы старшыня выконвае прадстаўнічыя функцыі і не ўдзельнічае ў працы журы.
Папярэднія пераможцы прэміі:
2012 — Павел Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (атрымаў 105 мільёнаў);
2013 — Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (атрымаў 115 мільёнаў).