У Беларускі ПЭН-цэнтр прыходзяць лісты з просьбамі ўдакладніць інфармацыю пра Рэзідэнцыю маладога літаратара. Калі ласка, удакладняем.
Практыка запрашаць актораў, мастакоў, пісьменнікаў ды іншых творчых людзей у своеасаблівыя рэзідэнцыі існуе здаўна, мае багатую гісторыю і нават старонку ў англамоўнай Вікіпедыі. Такія месцы створаныя дзеля таго, каб пісьменнік мог удалечыні ад штодзённасці, уліўшыся ў жыццё іншага горада, займацца творчай працай.
Пісьменніцкія рэзідэнцыі — не выключэнне: аўтар выязджае ў іншую мясціну, каб у спакойным атачэнні займацца літаратурнай работай. Гэта значыць пісаць вершы, прозу, крытыку ці проста паглыбляцца ў атмасферу незнаёмага горада, вынікам чаго, тым не менш, будзе літаратурны ці літаратуразнаўчы тэкст.
Рэзідэнцый для пісьменнікаў існуе вельмі шмат, напрыклад, у Вэнстпілсе (Латвія), Берліне (Германія), Грацы (Аўстрыя) і да т.п. Так што праграма ПЭН-цэнтра з’яўляецца працягам еўрапейскай традыцыі і дае новыя магчымасці беларускім аўтарам.
Беларускі аўтар, які трапіць у Рэзідэнцыю маладога літаратара, адкрытую ПЭН-цэнтрам, зможа два тыдні бясплатна жыць у пакоі Дома правоў чалавека ў Вільні. У памяшканні ёсць стол, крэсла, лямпа, тумбачка, ложак і прыбіральня, душ знаходзіцца на паверсе. Малады аўтар жыве ў літоўскай сталіцы, займаецца літаратурнай работай, а пасля дзеліцца яе вынікамі з ПЭН-цэнтрам.
Адначасова ў нашай рэзідэнцыі жыве толькі адзін літаратар.
Каб трапіць у Рэзідэнцыю маладога літаратара і на ўласныя вочы пабачыць, што ж гэта такое, трэба падаць заяўку на сайце альбо даслаць яе на адрас [email protected].