SOUNDOUT! Міжнародны конкурс для літаратараў

Апошняе абнаўленне: 15 снежня 2013
SOUNDOUT! Міжнародны конкурс для літаратараў
Арганізатары літаратурнага фестывалю Soundout! запрашаюць да ўдзелу ў конкурсе на новыя спосабы прадстаўлення літаратуры.

З 26 траўня па 1 чэрвеня 2014 года Літаратурны дом Lettrétage ў Берліне арганізуе тыдзень літаратурных хэпенінгаў — фестываль SOUNDOUT! Асноўнай мэтай фестывалю будзе пошук новых фарматаў і спосабаў прадстаўлення літаратуры. Аўтары найцікавейшых канцэрт-ідэяў будуць запрошаныя ў Берлін і атрымаюць падтрымку на рэалізацыю сваіх праектаў. Заключнай падзеяй фестывалю зробіцца прэзентацыя ідэяў, сярод якіх міжнароднае журы выбера найлепшую. Пераможца атрымае прыз — 5000 еўра.

Літаратурная падзея не заўсёды мусіць асацыявацца са сталом, крэслам, аўтарам, творам і шклянкай вады. Існуе нямала нестандартных спосабаў данесці літаратуру да шырокіх масаў: чытанне вершаў у грамадскім транспарце, літаратурныя перфомансы, раскідванне вершаў з верталёта, чытанні праз скайп і г.д. Частка з іх ужо была рэалізаваная на практыцы. Арганізатары фестывалю запрашаюць творцаў і літаратурных актывістаў узяць удзел у конкурсе на новыя спосабы прадстаўлення літаратуры і прыдумаць у гэтым рэчышчы нешта зусім нечаканае.

Усе ахвочыя паўдзельнічаць у фестывалі і прапанаваць уласныя ідэі нестандартнага прадстаўлення літаратуры могуць да 14 студзеня 2014 года падаваць свае заяўкі на адрас [email protected]. Шэсць аўтараў найлепшых ідэяў будуць запрошаныя на фестываль і атрымаюць шанец выйграць асноўны прыз. Падчас фестывалю пройдзе шэраг семінараў для літаратурных актывістаў.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць на згаданы вышэй электронны адрас апісанне праекта (1-2 старонкі), інфармацыю пра мінулыя праекты (1-2 старонкі, па магчымасці — з адпаведнымі фотаздымкамі і іншымі матэрыяламі), кароткую біяграфію ўсіх удзельнікаў праекта і аўтара ідэі.

Больш падрабязную інфармацыю пра конкурс можна знайсці на старонцы lettretage.de.