Беларускі Калегіум прапануе дадатковае навучанне па спецыялізацыях:
— журналістыка: базавы курс (новая праграма);
— найноўшая гісторыя (новая праграма);
— філасофія/літаратура (новая праграма);
— а таксама на журналісцкія практыкумы (сумесна з Беларускай асацыяцыяй журналістаў).
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца студэнты старэйшых курсаў альбо асобы з вышэйшай адукацыяй. У выключных выпадках прымаюцца студэнты малодшых курсаў.
Сертыфікат Калегіуму не замяняе дыплом аб вышэйшай адукацыі.
Заяўкі прымаюцца па 25 верасня 2013 г.
Навучанне ў БК — бясплатнае. Пачатак заняткаў — з 28 кастрычніка 2013 г. Больш падрабязную інфармацыю пра ўмовы паступлення можна знайсці тут.
Навучальныя праграмы БК арыентаваныя на выкладанне найноўшых фрагментаў сучаснай веды і тэхнік інтэлектуальнай працы і не дублююць праграмы дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў.
Беларускі Калегіум паўстаў у лістападзе 1997 г. з ініцыятывы шэрагу няўрадавых беларускіх арганізацыяў і прыватных асобаў і, як адукацыйны праект, рэалізуецца з 1 кастрычніка 1998 г.
Беларускі Калегіум — форум для правядзення публічных лекцый і дыскусіяў, месца інтэлектуальнага і культурніцкага дыялогу, кантактаў і супрацоўніцтва з калегамі з сярэднееўрапейскіх і заходніх краінаў.
Беларускі Калегіум аб’ядноўвае навукоўцаў, журналістаў, людзей мастацтва і культуры, грамадскіх асобаў з мэтай актуалізацыі шматкультурнай беларускай традыцыі і спрыяння дэмакратычным пераўтварэнням у беларускім грамадстве ў кантэксце вызначальных каштоўнасцяў еўрапейскай цывілізацыі і агульнаеўрапейскіх працэсаў інтэграцыі.
Прынцыпы дзейнасці:
— заходне- і сярэднееўрапейскія культурніцкія практыкі ў ажыццяўленні навучальнага працэсу і навуковых даследаванняў;
— сучасныя еўрапейскія навучальныя тэхналогіі;
— параўнальны навуковы і навучальны падыход, крытычнае мысленне і адукацыя, заангажаваныя ў беларускую культурную традыцыю і сучасную сітуацыю;
— каштоўнасці адкрытага і дэмакратычнага грамадства.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць, напісаўшы на адрас: [email protected].