• Навiны
  • Вера Бурлак чытае новыя вершы на Беларускім літаратурным радыё

Вера Бурлак чытае новыя вершы на Беларускім літаратурным радыё

Апошняе абнаўленне: 1 верасня 2013
Вера Бурлак чытае новыя вершы на Беларускім літаратурным радыё
На Беларускім літаратурным радыё пашырылася падборка вершаў Веры Бурлак.

На Беларускім літаратурным радыё пашырылася падборка вершаў Веры Бурлак.

Дазвол палёту

Пад крылом самалёта пра нешта маўчаць аблокі,
І зялёная рыса на небе нібыта дазваляе палёт.
І часова губляюць сэнс колы і нават крокі:
Ёсць толькі зялёная рыса на небе
І ружовы ўсход.

На зямлі шматгучнаму заўтра саступае маўклівае ўчора,
Але з неба прастора — адно вада, што цячэ.
І з нябёсаў бачна, што зямля — гэта суцэльнае мора.
Але з космасу, мабыць, бачна нешта яшчэ.

Цяпер на сайце Беларускага літаратурнага радыё можна пачытаць і паслухаць наступныя тэксты Веры Бурлак:

Вінаград

Дамы часоў дэкадансу

Калісь глядзеў на сонца я

Майстар пераўтварэнняў

Сцеражыся крануць мінака

Я вада

Я магу нарабіць страху

Вера Бурлак (Вера Жыбуль, Джэці)

Паэтка, перакладчыца, музыка.

Нарадзілася ў 1977 годзе ў Кіеве. У 2001 годзе скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 2004 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю. Даследуе літаратуру для дзяцей, у 2004 годзе выйшла яе манаграфія “Детская поэзия Серебряного века: модернизм”.

Вера з’яўляецца нязменным рэдактарам самавыдавецкага часопіса “Вясковыя могілкі”. Выдала кнігу вершаў “За здаровы лад жыцця” (2003) пад псеўданімам Джэці, а таксама разам з мужам Віктарам Жыбулем зборнік паэзіі “Забі ў сабе Сакрата!” (2008). Аўтарка і выканаўца ўласных песень, інструменталістка ў музычным гурце “Засралі казарму”. Вера Бурлак перакладае прозу і паэзію з ангельскай, рускай і ўкраінскай моваў. Яе творы перакладаліся на ангельскую, нямецкую, польскую, украінскую, чэшскую мовы і нават на эсперанта.