Палітычны пераслед:
Алеся Чумакова затрымалі 8 снежня 2025 года. Утрымліваўся ў СІЗА № 1. Абвешчаны ўдзельнікам «экстрэмісцкага фармавання» «Да Зораў» (беларуская культурная ініцыятыва). Яго таксама назвалі ўдзельнікам Беларускай рады культуры, хоць ніколі не меў да яе дачынення.
У жніўні 2026 года адбыўся суд паводле крымінальнай справы. Абвінавачанні палягалі на тым, што Алесь Чумакоў «граў беларускую народную музыку і тым самым гуртаваў пратэснае ядро». У матэрыялах справы фігураваў «альбом беларускіх народных песень, у колькасці не менш за 11 твораў», якія нават праслухоўваліся падчас судовага пасяджэння. Паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пасля прысуду падаў апеляцыю і чакаў яе вынікаў.
16 верасня 2026 года (яшчэ да этапавання ў калонію) Алесь Чумакоў быў вызвалены на падставе памілавання ў выніку перамоў і прымусова перамешчаны на тэрыторыю Літвы.
Творчая дзейнасць:
З 2002 года як вакаліст і інструменталіст запісаў з гуртом «Стары Ольса» 8 студыйных і 3 канцэртныя альбомы. Займаецца перакладной бардаўскай творчасцю. Удзельнічаў у праекце «Сто бардаў Свабоды». Сайт з сольнымі праектамі і дыскамі: https://gusliby.bandcamp.com/
Пераклады і музычныя праекты:
Перакладчык ірландскіх народных песень на беларускую мову. Сярод іх: «Бард-змагар», «У Рудніцкай пушчы», «Бар без піва», «Скарб», «Стары і слаўны час».
Суаўтар перакладу з лацінскай мовы песні «У карчме» (выконваецца гуртом «Стары Ольса»).
Аўтар перакладу верша Уільяма Батлера Ейтса «Вербы» (выконвае пад народную музыку).
Перакладчык і выканаўца песень Булата Акуджавы. Выконвае 48 песень Акуджавы пад гуслі па-беларуску (як ва ўласных перакладах, так і ў перакладах Р. Барадуліна, Л. Баршчэўскага, С. Сокалава-Воюша, М. Шчура, А. Хадановіча ды інш.).
Аўтар сольнага альбома «Праўда ў віне » (2019), у які ўвайшлі 14 ягоных песень-перакладаў.