Беларускі ПЭН абвяшчае набор на новы, цынамонавы сезон Перакладчыцкай майстэрні. Прыём заявак пачнецца 1 верасня 2026 года, а ўжо ў кастрычніку ўдзельнікі і ўдзельніцы сустрэнуцца на першых занятках.
Перакладчыцкая майстэрня застаецца прасторай для прафесійнага росту, творчага эксперыменту і ўважлівай працы з тэкстам. Мы запрашаем як новых удзельнікаў, так і выпускнікоў папярэдніх сезонаў – каб паглыбіць досвед, удасканаліць пераклады і разам рухацца далей.
Што чакае перакладчыкаў у гэтым сезоне?
У праграму цынамонавага сезона ўвойдуць:
- 11 сустрэч з разборам перакладаў на беларускую мову, зробленых удзельнікамі;
- дзве сустрэчы, прысвечаныя карэктуры і рэдактуры тэксту, якія дапамогуць лепш зразумець, як давесці пераклад да публікацыі;
- дадатковая сустрэча пра культурныя правы і аўтарскае права, прысвечаная асноўным правам перакладчыкаў і юрыдычным аспектам іх працы;
- магчымасць для пяці найбольш матываваных удзельнікаў працягнуць працу над сваімі перакладамі індывідуальна з ментарамі і ментаркамі. Кожны і кожная з іх змогуць правесці дзве дадатковыя сустрэчы са экспертамі, чые кансультацыі будуць найбольш карыснымі для далейшай працы над тэкстам.
Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні – Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык і літаратуразнаўца, ганаровы старшыня Беларускага ПЭНа і папулярызатар беларускай літаратуры ў Еўропе. Лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій, аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў і перакладаў з англійскай, французскай, польскай і ўкраінскай моў.
Графік і фармат
- Пачатак прыёму заявак: 1 верасня 2026 года.
- Дэдлайн падачы заявак: 1 кастрычніка 2026 года.
- Старт заняткаў: 15 кастрычніка 2026 года.
- Фармат: анлайн-сустрэчы ў Zoom.
- Расклад: кожны чацвер з 18:00 да 20:00 беларускага часу (альбо да заканчэння працы над апошнім перакладам 🙂
- Колькасць заняткаў: 11 сустрэч з вядоўцам Перакладчыцкай майстэрні і 3 дадатковыя сустрэчы, прысвечаныя карэктуры, рэдактуры, культурным правам і аўтарскаму праву.
Што вас чакае ў праграме?
Асноўны фокус майстэрні – практычная праца: пераклад на беларускую мову, абмеркаванне, рэдагаванне і дапрацоўка тэкстаў да прафесійнага ўзроўню пад кіраўніцтвам дасведчаных спецыялістаў.
Гэта магчымасць уважліва папрацаваць са сваім тэкстам, атрымаць змястоўную зваротную сувязь, навучыцца бачыць пераклад рэдактарскімі вачыма і стаць часткай перакладчыцкай супольнасці.
Як падаць заяўку?
- запоўніце форму заяўкі;
- далучыце зроблены вамі пераклад аднаго або некалькіх фрагментаў разам з арыгіналам – у выглядзе табліцы;
- падрабязна апішыце сваю матывацыю;
- падайце заяўку да 1 кастрычніка ўключна.
Колькасць месцаў абмежаваная. Вынікі адбору будуць паведамлены кожнаму і кожнай індывідуальна пасля 5 кастрычніка 2026 г.
Адкрывайце восеньскі сезон разам з добрымі тэкстамі, цёплымі размовамі і водарам цынамону. Чакаем вашых перакладаў!
Звяртаем увагу, што Беларускі ПЭН абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем», сацсеткі Андрэя Хадановіча абвешчаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» – калі ласка, будзьце асцярожныя, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі.
Вашая бяспека з’яўляецца нашым прыярытэтам, удзел у Перакладчыцкай майстэрні магчымы ў зашыфраваным выглядзе: вы можаце карыстацца псеўданімамі, а таксама працаваць без уключанай камеры.
Мінулыя сезоны Перакладчыцкай майстэрні
На сайце Беларускага ПЭНа можна больш даведацца пра мінулыя сезоны, у якіх узялі ўдзел дзясяткі перакладчыкаў з усяго свету.
Сярод гасцей і экспертаў майстэрні былі Сяргей Шупа, Альгерд Бахарэвіч, Ганна Янкута, Томас Вайлер, Анхела Эспіноса Руіс, Кацярына Маціеўская, Юлія Цімафеева, Сяргей Сматрычэнка, Наста Кудасава ды іншыя вядомыя творцы.
- Сезон 1. «Нататнік майстэрні»: відэаканспекты Перакладчыцкай майстэрні ад Андрэя Хадановіча.
- Сезон 2. Жывая сустрэча Перакладчыцкай майстэрні і матэрыялы для перакладчыкаў (глядзіце Нататнікі майстэрні).
- Сезоны 1–3 і Пляжны сезон – нататнікі мінулых сезонаў.
- Гісторыі поспеху і водгукі ўдзельнікаў – чытайце тут.
Што кажуць выпускнікі майстэрні:
«Я надзвычай удзячная Майстэрні і за гэтае мэнтарства, і за дапамогу з перакладам падчас занятку, і наагул за тое, што мой кантакт некалі перадалі ў выдавецтва і я ў прынцыпе атрымала магчымасьць працаваць з гэтым перакладам. За тое, што ў жыцьці стала трошкі больш сэнсу і адчуваньня ўласнае карысьці».
«Гэта быў неймаверны досьвед і першая дзьверка ў працу над беларускай літаратурай для мяне! Гэта выдатная магчымасьць ня толькі навучыцца перакладу ці пісьменьніцтву, але і пазнаёміцца з выбітнымі беларускімі літаратарамі, паразмаўляць зь імі, мяне гэта вельмі захапіла і натхніла. спадзяюся, яшчэ пабачымся 🙂».
«Было здорава зазірнуць на рэдактарскую “кухню”».
«Усе эксперты былі файнымі адмыслоўцамі і проста людзьмі. Для мяне найкаштоўны ўдзел іншаземных экспертаў, якія цікавяцца нашай культурай. Але нашых зорак таксама вельмі цікава было паслухаць».
«Перакладчыцкая Майстэрня ўжо другі раз вучыць мяне ўсяму, што патрэбна перакладчыку – уменню слухаць розныя меркаванні, дапрацоўваць свой тэкст, удасканальваць беларускую мову і карыстацца прыёмамі, якія робяць пераклады лепей».
Шукаеце падтрымку, аднадумцаў і прафесійны рост у мастацкім перакладзе? Перакладчыцкая майстэрня гатова стаць вашым правадніком. Бонусам стануць святочные перадкалядныя заняткі.
Адчуйце смак восені і творчасці – далучайцеся да «цынамонавага сезона» і адкрывайце новыя гарызонты!