Журы прэміі імя Францішка Багушэвіча сфармавала доўгі спіс з твораў, выдадзеных у 2025 годзе і намінаваных на конкурс прэміі.
З 24 твораў, уключаных у поўны спіс, у наступны этап конкурсу прайшлі 12 – тыя, што, паводле ацэнкі журы, не толькі адпавядаюць мэтам прэміі, але найбольш выразна і арыгінальна асэнсоўваюць тэмы беларускай гісторыі, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці.
Сёлета конкурс ізноў засведчыў разнастайнасць падыходаў і формаў: у доўгі спіс увайшлі як кнігі, так і медыйныя праекты – падкасты, блогі і даследаванні, што прапануюць новыя перспектывы для вывучэння гістарычнай спадчыны і пашырэння беларускай культуры.
У доўгі спіс прэміі ўвайшлі:
Кнігі:
- «І даўней так пелi: Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі» – Вольга Барышнікава (Skaryna Press, Лондан, 2025)
- «Патаемная спадчына. Казкі пра беларускіх жанчын». Том 1 i 2 – фундацыя BYPROSVET (BYPROSVET/Magenta, Варшава, 2025)
- «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» – Ганна Кандрацюк (выдавецтва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Беласток, 2025)
- «Апошнія сведкі Гродна» – Руслан Кулевіч (самвыд, Польшча, 2025)
- «На “Старт” і ў “Тэмпе”: Ножны шпурляк на Аршаншчыне» – Арцём Сізінцаў (Skaryna Press, Лондан, 2025)
- «Кола дня» – Аляксандра Турава (2025, зашыфраваны ўдзел)
- «Кровазварот» – Юлія Цімафеева (Янушкевіч, Варшава, 2025)
- «Цені падмуркаў» – Milestone (2025, зашыфраваны ўдзел)
Артыкул у медыя, падкаст, кіно, відэа/відэацыкл, іншае:
- Тэлевізійны праект «Сармацкі вус» – аўтар і вядоўца Цімафей Акудовіч
- «Беларусь як “культурное падабенства каланіяльнай Афрыкі”, ці Антыкаланіяльнае паўстанне камуніста Аляксея Каўкі» – Таццяна Астроўская (артыкул у часопісе «Topos», Вільня, 2025)
- Падкаст «Літаратурныя зацемкі» – Сяргей Дубавец
- Відэаблог пра беларускую кухню «Pr0Food» – Сяргей Мазан
Журы адзначае, што працы доўгага спіса вылучаюцца не толькі якасцю выканання, але і здольнасцю весці дыялог з сучаснасцю праз асэнсаванне мінулага – часта складанага, супярэчлівага, але неабходнага для разумення беларускай ідэнтычнасці.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча, заснаваная ў 1996 годзе, штогод адзначае найлепшыя творы, прысвечаныя гісторыі і культуры Беларусі. Яна заклікана падтрымліваць даследаванні, мастацкія і медыйныя праекты, што ўмацоўваюць беларускую культурную прастору і спрыяюць аднаўленню гістарычнай памяці.
Наступным этапам стане фармаванне кароткага спіса прэміі. Сачыце за абнаўленнямі на сайце і ў сацыяльных сетках!