Сумесная заява праваабарончай супольнасці Беларусі
13 сакавіка 2026 года
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя формы пратэстнай актыўнасці выкарыстоўваюцца ўладамі як інструмент падаўлення грамадзянскага і палітычнага супраціву, іншадумства, антываенных выступаў і выказванняў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія ўлады выкарыстоўваюць выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць змен у дзяржаве і яе палітыцы, падтрымліваюць антываенны курс і фармуюць антываенную грамадскую думку. Шэраг СМІ таксама прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспондэнтаў, а таксама за ўсе формы падтрымкі такіх суб’ектаў як непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.
Так, стала вядома пра змяшчэнне пад варту і асуджэнне да пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі ў сувязі з узаемадзеяннем з “экстрэмісцкімі фармаваннямі” Дзмітрыя Новікава, Наталлі Краўчак, Рамана Карпава, Івана Петраневіча, Дзмітрыя Кондруся, Ігара Дзегцяронка, Уладзіміра Магронава, Аляксея Чарэшнева, Аляксандра Яўдахі, Змітра Коласа, Вацлава Багдановіча.
Мы прызнаём названых асоб палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены” і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Дзмітрыя Новікава, Наталлю Краўчак, Рамана Карпава, Івана Петраневіча, Дзмітрыя Кондруся, Ігара Дзегцяронка, Уладзіміра Магронава, Аляксея Чарэшнева, Аляксандра Яўдаху, Змітра Коласа, Вацлава Багдановіча;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі ПЭН;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Lawtrend;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Прававая ініцыятыва.