31 студзеня ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбудзецца кароткая прэзентацыя выставы «Беларусь. Галасы забароненых кніг», прысвечанай кнігам і аўтарам, чые творы былі абвешчаныя ўладамі «экстрэмісцкімі», «шкоднымі» або «непажаданымі». Старшыня Беларускага ПЭНа распавядзе, як стваралася выстава, чаму яе прысвяцілі забароненым кнігам і чаму сёння важна выносіць гэтую тэму ў публічную прастору. Будзе прадстаўлены маніторынг парушэнняў культурных правоў у Беларусі, які дакументуе выпадкі забароны кніг, пераследу аўтараў і абмежавання доступу да інфармацыі.
Пасля прэзентацыі адбудзецца сустрэча з гісторыкам, прафесарам і забароненым у Беларусі аўтарам Алесем Смаленчуком на тэму: «Забаронена чытаць: чаму ўлады баяцца кніг».
Алесь Смалянчук прапануе паглядзець на забарону кніг як на ўстойлівую палітычную і гістарычную практыку. Аўтар звернецца да савецкага досведу цэнзуры і пакажа, як яго механізмы адраджаюцца і трансфармуюцца ў сучаснай Беларусі. Чаму кніга застаецца пагрозай для аўтарытарнай улады? Якія тэмы, словы і інтэрпрэтацыі гісторыі выклікаюць найбольшы страх? І што насамрэч стаіць за спробамі забараніць чытанне?
Асобнае месца ў размове зойме асабісты досвед аўтара – гісторыя таго, як гістарычнае даследаванне робіцца аб’ектам забароны, а прафесійная праца – падставаю для рэпрэсій. Кніга Алеся Смаленчука «“Вызваленыя” і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў» была забароненая 12 студзеня 2023 года.
Сустрэча дасць магчымасць паразважаць пра сувязь паміж памяццю, ведамі і свабодай, а таксама пра ролю інтэлектуалаў у часы ціску і маўчання.
Фармат сустрэчы прадугледжвае адкрытае абмеркаванне: удзельнікі і ўдзельніцы змогуць задаць пытанні, падзяліцца ўласнымі развагамі і далучыцца да размовы пра ролю кнігі, інтэлектуала і чытача ў часы цэнзуры і маўчання.
Дата і час: 31 студзеня, 15:00
Месца: Музей Вольнай Беларусі, Варшава (Foksal 11)
Уваход: вольны
Выстава «Беларусь. Галасы забароненых кніг» працуе ў Музеі Вольнай Беларусі з 24 студзеня па 7 лютага і ўздымае пытанні цэнзуры, рэпрэсій супраць слова і права на свабоднае чытанне.
Гадзіны працы выставы:
Аўторак – пятніца: 16:00–20:00
Субота – нядзеля: 12:00–20:00
Фота на афішы: Радыё Свабода.