Беларускі ПЭН абвяшчае збор заявак на новы сезон прэміі імя Францішка Багушэвіча – за творы, выдадзеныя і апублікаваныя ў 2025 годзе. Гэтая ўзнагарода ўшаноўвае творцаў, якія аднаўляюць гістарычную памяць і спрыяюць умацаванню беларускай ідэнтычнасці.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча была заснаваная ў 1996 годзе і з таго часу застаецца сімвалам пошуку праўды праз мастацкае слова. Яна ўручаецца за творы, што адлюстроўваюць гісторыю, культуру і духоўную спадчыну Беларусі.
Хто і каго можа намінаваць на прэмію?
Мы ўлічылі шматлікія пажаданні: сёлета намінаваць творы, што адпавядаюць мэтам прэміі, могуць не толькі сябры Беларускага ПЭНа, але і аўтары ды аўтаркі, выдавецтвы, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, СМІ і сябры журы.
Конкурс не мае абмежаванняў паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства аўтарак ды аўтараў і месца публікацыі твораў. Намінуюцца творы жывых аўтараў і аўтарак, чые творы былі ўпершыню апублікаваныя ў перыяд з 1 студзеня да 31 снежня 2025 года.
Намінаваць можна не толькі кнігі!
На прэмію могуць намінавацца не толькі кнігі, але і артыкулы, падкасты, відэа, кіно ды іншыя формы твораў, што адпавядаюць мэтам прэміі.
Падрабязней са статутам і рэгламентам прэміі імя Багушэвіча можна азнаёміцца на сайце Беларускага ПЭНа.
Як падаць заяўку?
Заяўкі прымаюцца з 16 студзеня да 1 лютага 2026 года (да 23:59 беларускага часу).
Каб падаць заяўку, запоўніце гугл-форму.
У выпадку тэхнічных праблем матэрыялы можна дасылаць на электронны адрас [email protected] з пазнакай «Прэмія Багушэвіча 2025 / імя і прозвішча аўтара/аўтаркі/аўтараў, назва твора».
Што атрымліваюць пераможцы?
Лаўрэаты і лаўрэаткі не толькі далучаюцца да шэрагу ўганараваных творцаў, але і атрымліваюць грашовую прэмію. Памер узнагароды вызначаецца на працягу сезона.
Літаратура як дыялог гісторыі з сучаснасцю
Літаратура не толькі захоўвае памяць – яна дапамагае весці гутарку з мінуўшчынай і шукаць у ёй апору для сучаснасці. Прэмія імя Францішка Багушэвіча вылучае творы, якія працуюць з гістарычнай памяццю і фармуюць поле для сённяшняга асэнсавання беларускай ідэнтычнасці.
Зрабіце свой унёсак у вызначэнне найлепшых твораў, што аднаўляюць сувязь з мінулым і адкрываюць прастору для жывога дыялогу ў сучаснасці!
Сачыце за навінамі на сайце Беларускага ПЭНа і ў сацыяльных сетках.