
На 15 верасня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 33, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 150.
Яну Марозаву, аўтару артыкулаў для «Вікіпедыі», вынесены новы прысуд – 2,5 года пазбаўлення волі.
Вераніку Яноўскую, спявачку, кіраўніцу вакальнай студыі «Артвакал», асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»).
Стала вядома пра новы арышт экс-палітвязня, журналіста і краязнаўца Алеся Любенчука.
Студэнтку Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Аліну Шаўцову асудзілі за ўдзел ў школе жаночага лідарства.
Працягваецца судовы працэс паводле справы журналіста, палітычнага аналітыка Ігара Ільяша, якога вінавацяць у «дыскрэдытацыі дзяржавы» і «садзейнічанні экстрэмісцкаму фарміраванню».
Перастаў выходзіць на сувязь спявак, гід і педагог Аляксей Галіч.
Мікола Дзядок, аўтар турэмнай літаратуры, распавёў пра катаванні за кратамі.
Культуролаг Вацлаў Арэшка страціў у калоніі зрок.
Філосаф Уладзімір Мацкевіч і прафсаюзны дзеяч Генадзь Фядыніч паведамілі пра канфіскаваныя рукапісы, напісаныя за кратамі.
Прадстаўнікі адміністрацыі калоніі прымусілі палітвязня Ілью Дубскага самому сабе зрэзаць лязом з пляча тату з Пагоняй.
Генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй».
У Тэатры лялек у Мінску цэнзары адмянілі прэм’еру спектакля «Сёстры Грым».
І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 1 верасня стала вядома, што 25 жніўня суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес аўтару артыкулаў для «Вікіпедыі» Івану (Яну) Марозаву новы прысуд – 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Першы раз Іван (Ян) Марозаў быў затрыманы ў студзені 2023 года; 28 красавіка 2023 года суд Першамайскага раёна Мінска прысудзіў яму 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у 2020 годзе. Адбываў пакаранне ў ПК № 17. Вызвалены 17 красавіка 2024 года. У чэрвені 2025 года стала вядома, што Івана (Яна) Марозава зноў затрымалі – паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
2. 1 верасня стала вядома, што 5 жніўня суд вынес рашэнне наконт змены рэжыму і прысудзіў 3 гады зняволення ў турме ў Жодзіне актывісту анархісцкага руху, аўтару турэмнай прозы Аляксандру Францкевічу.
3. 11 верасня стала вядома, што джазавую спявачку, кіраўніцу вакальнай студыі «Артвакал», сузаснавальніцу ансамбля «Па-Дзея» Вераніку Яноўскую асудзілі за ўдзел у пратэстах на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія») паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
4. 10 верасня стала вядома пра новы арышт экс-палітвязня, журналіста і краязнаўца Алеся Любенчука. Алесь Любянчук арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гістарычна-культурную спадчыну Навагрудчыны. Быў арыштаваны ў траўні 2022 года. Яму інкрымінавалі супрацу з «Белсатам» як удзел у «экстрэмісцкім фарміраванні» і прысудзілі 3 гады зняволення. Ён цалкам адбыў прызначанае пакаранне ў калоніі №15 у Магілёве і выйшаў па сканчэнні тэрміну ў студзені 2025 года.
5. 8 верасня стала вядома, што студэнтку Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Аліну Шаўцову асудзілі за ўдзел ў школе жаночага лідарства паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання). Школа лідарства для жанчын – адукацыйны праект для беларускіх студэнтак, які дапамагае развіваць лідарскія якасці.
6. 4 і 5 верасня Мінскі гарадскі суд у адкрытым пасяджэнні заслухаў высновы лінгвістычнай экспертызы публікацый палітзняволенага журналіста Ігара Ільяша. Экспертызу некалькі месяцаў рыхтаваў загадчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай на філфаку БДУ, доктар філалагічных навук Сяргей Лебядзінскі. Працэс над журналістам Ігарам Ільяшом распачаўся 21 лютага 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе. Пасля трох пасяджэнняў 12 сакавіка суддзя Сяргей Кацар абвясціў перапынак для правядзення псіхалінгвістычнай экспертызы 15 аналітычных артыкулаў аўтарства журналіста. Хадайніцтва палітвязня Ігара Ільяша пра тое, каб экспертыза ладзілася ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, суд не задаволіў. На сваёй старонцы ў Facebook Сяргей Ваганаў, журналіст і дзед жонкі Ігара Ільяша, палітзняволенай Кацярыны Андэревай, распавёў, што адбывалася 4 і 5 верасня ў судзе. На яго думку, экспертная ацэнка зместу публікацый Ігара Ільяша заснавана на палітычных поглядах спадара Лебядзінскага: «Так, напрыклад, ён лічыць, што журналіст, палітычны аналітык не павінен карыстацца тэрмінам “палітзняволеныя”, бо ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе. Так, не існуе, але ён існуе ў сусветнай паліталогіі. Як існуе і тэрмін “палітычная эміграцыя”. Але, на думку эксперта, трэба карыстацца тэрмінам “беглыя апазіцыянеры”. А тэрмін “дыктатура”, якім неаднаразова карыстаюцца прадстаўнікі ўлады, у тым ліку кіраўнік краіны, увогуле недапушчальны. […] Нельга пісаць і “вайна супраць Украіны”, бо гэта, з гледзішча эксперта, “вайна супраць кіеўскага рэжыму”, а не супраць народа, доказам чаго, лічыць эксперт, з’яўляецца тое, што расійскія войскі “не захопліваюць, дакладней, не вызваляюць гарады, таму што хвалююцца аб насельніцтве, што там жыве”…»
7. 12 верасня адбылося чарговае адкрытае пасяджэнне Мінскага гарадскога суда паводле справы журналіста, палітычнага аналітыка Ігара Ільяша, якога вінавацяць у «дыскрэдытацыі дзяржавы» і «садзейнічанні экстрэмісцкаму фармаванню». Суддзя абвясціў заканчэнне судовага следства і пачатак спрэчак бакоў. Пракурор запатрабаваў для Ігара Ільяша 4 гады зняволення і 100 базавых велічынь штрафу, адвакат – апраўдальнага прысуду. Ігару Ільяшу было дадзена апошняе слова, у каторым ён адхіліў усе абвінавачанні ў інкрымінаваных яму злачынствах і не прызнаў віны. Разгляд крымінальнай справы Ігара Ільяша пачаўся 21 лютага 2025 года ў Мінскім гарадскі судзе. Яго вінавацяць паводле арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі) і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
II. Затрыманні дзеячаў мастацтва
15 верасня стала вядома, што перастаў выходзіць на сувязь спявак, гід і педагог Аляксей Галіч. Яго сябры кажуць, што сувязь з Аляксеем знікла напачатку верасня, яго тэлефон выключаны, ён не выходзіць на працу.
III. Катаванні ў месцах пазбаўлення волі
1. 12 верасня Мікола Дзядок, аўтар турэмнай літаратуры, вызвалены і вывезены 11 верасня ў Літву ў ліку 52 палітвязняў, распавёў на прэс-канферэнцыі пра катаванні: «З пяці без малага гадоў зняволення я правёў год у штрафным ізалятары. Калі б людзі з цывілізаванага свету пабачылі, што такое штрафны ізалятар, яны б падумалі, што апынуліся ў сярэднявеччы. Увосень насупраць мяне, гэта было ў гарадзенскай турме, я прачынаўся ад таго, што дарослыя мужыкі вылі і звалі сваю маму. Сярод ночы, настолькі яны пакутавалі ў гэтым штрафным ізалятары ад холаду, дзе не маглі спаць. На маіх вачах людзі з’язджалі з глузду, вар’яцелі, у прамым сэнсе. Яны пачыналі чуць галасы. І ведаеце, ніхто іх не ўдарыў. Бо нехта думае, што катаванні – гэта калі чалавека паставілі на дыбу, пачалі расцягваць, але не. Я пераканаўся, што чалавека можна давесці да вар’яцтва ці да смерці, проста пакінуўшы яго ў адзіночнай камеры. Проста адміністрацыя пачынае маніпуляваць ягонымі базавымі патрэбамі – і чалавек проста з’язджае з глузду ці памірае, трэба толькі чакаць».
2. 12 верасня стала вядома, што прадстаўнікі адміністрацыі калоніі прымусілі палітвязня Ілью Дубскага самому сабе лязом зрэзаць з пляча тату з Пагоняй. У 1991–1995 гадах Пагоня была афіцыйным гербам незалежнай Беларусі, з 2007 года яна ўнесена ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
IV. Страта здароўя ў месцах пазбаўлення волі
12 верасня Аляксандр Манцэвіч, журналіст, вызвалены і вывезены 11 верасня ў Літву ў ліку 52 палітвязняў, распавёў на прэс-канферэнцыі пра тое, што культуролаг Вацлаў Арэшка страціў у зняволенні зрок: «Калі мяне толькі завезлі і пасялілі на суседнюю шконку – ён яшчэ чытаў. Сёння ён нічога не бачыць, і калі вядзеш яго пад руку ў сталоўку, пытаецца, ці ёсць сонца на небе. Днём яго нехта падвядзе, дапаможа, а ноччу ён устае па сваіх патрэбах і шыбуе доўгім калідорам, спатыкаецца, падае, цячэ кроў… Так адбываецца неаднаразова, і сітуацыя становіцца горшай. Ён піша жонцы лісты пад трафарэтку, якую яна прыслала, яе лісты чытаюць іншыя зняволеныя. Гэта адзін такі лёс, на які я прашу звярнуць увагу ўсіх, хто ў стане дапамагчы. І вы ж разумееце, што Вячаслаў Арэшка не адзіны такі. Ёсць іншыя людзі, якія страцілі і страчваюць там здароўе».
V. Канфіскацыя рукапісаў у месцах пазбаўлення волі
12 верасня прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, вызвалены і вывезены 11 верасня ў Літву ў ліку 52 палітвязняў, распавёў на прэс-канферэнцыі пра тое, што пачаў за кратамі пісаць вершы, але ўсе яго творы і запісы канфіскавалі супрацоўнікі КДБ.
13 верасня філосаф Уладзімір Мацкевіч, вызвалены і вывезены 11 верасня ў Літву ў ліку 52 палітвязняў, распавёў пра канфіскацыю рукапісаў, напісаных у зняволенні: «Калі ўжо стала зразумела, што нас вязуць за мяжу, я перажыў два вельмі непрыемныя моманты. Па-першае, тое, што мяне вывозяць з маёй краіны гвалтоўна. А па-другое – тое, што ў мяне адабралі ўсе мае запісы. У некаторых сітуацыях, калі мяне пакідалі ў спакоі, мяне наведвала, скажам гучнымі словамі, натхненне. І мне здаецца, некаторыя старонкі, некаторыя сшыткі, якія я напісаў – адны з найлепшых з таго, што я нарабіў у філасофіі, у сваіх даследаваннях. І, на жаль, гэта ўсё ў мяне забралі. І гэта мой самы вялікі боль».
VI. Прызнанне «экстрэмісцкімі» культурніцкіх і адукацыйных інстытуцый
15 верасня генеральны пракурор Андрэй Швед пасля прапановы з КДБ накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй». У перспектыве гэта азначае забарону дзейнасці Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, а таксама яго сімволікі і атрыбутыкі на тэрыторыі Беларусі. Пракурор лічыць, што ЕГУ «выкарыстоўваецца спецслужбамі некаторых сумежных краін для нанясення страт інтарэсам Беларусі ў палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сферах». А сярод прэтэнзій да ўніверсітэта Генпракуратура называе «прасоўванне ідэй еўрапейскасці».
VII. Цэнзура
12 верасня ў Тэатры лялек у Мінску мелася адбыцца прэм’ера чорнай камедыі «Сёстры Грым», але паказ спектакля адмянілі. 12 верасня ў тэатры прайшоў традыцыйны перадпаказ, на якім прысутнічала камісія Міністэрства культуры, што ажыццяўляе папярэднюю цэнзуру. Пасля прагляду камісія прыняла рашэнне не дапускаць спектакль да паказу.