
На 31 ліпеня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 39, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 158.
Бібліятэкарка Настасся Трубчык-Дзівакова асуджана паводле палітычна матываванай крымінальнай справы.
У Брэсце паводле палітычна матываванай крымінальнай справы арыштавалі дызайнера Дзмітрыя Царука.
Паводле палітычна матываванай крымінальнай справы арыштавана мастачка Аксана Шаляпіна.
У калоніі № 15 у Магілёве на загад адміністрацыі спальвалі «непажаданыя» кнігі.
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі кнігу Джына Шарпа «Ад дыктатуры да дэмакратыі» (1993) і кнігу «Спаленыя вёскі. Злачынствы нацыянал-сацыялізму супраць сельскага насельніцтва ў Польшчы і Савецкім Саюзе падчас Другой сусветнай вайны» (2024).
Адукацыйную платформу «Беларуская акадэмія» ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў».
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі старонкі праекта «ЧинЧинЧенэл».
Суд прызнаў ювелірны брэнд «Belaruskicry» «экстрэмісцкім фарміраваннем».
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі YouTube-старонкі блогера Шэрага Ката.
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 22 ліпеня стала вядома, што бібліятэкарка Настасся Трубчык-Дзівакова асуджана паводле палітычна матываванай крымінальнай справы на падставе арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года. Меркавана, ёй прысудзілі «хатнюю хімію» – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
2. 28 ліпеня стала вядома, што ў Брэсце арыштавалі дызайнера Дзмітрыя Царука. Пасля трох сутак у ізалятары часовага ўтрымання яго перавялі ў СІЗА № 7 у Брэсце. Меркавана, яму інкрымінуюць артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
3. 30 ліпеня стала вядома, што 24 чэрвеня ў Мінску арыштавана мастачка Аксана Шаляпіна паводле крымінальнай справы на падставе арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за дапамогу палітвязням. Карціны Аксаны Шаляпінай знаходзяцца ў прыватных калекцыях ЗША і еўрапейскіх краін.
II. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
31 ліпеня стала вядома, што ў калоніі № 15 у Магілёве на загад адміністрацыі спальвалі «непажаданыя» кнігі. Пра гэта праваабаронцам распавёў былы палітзняволены Даніла Чуль, які баяўся, што супраць яго можа быць распачата новая крымінальная справа за кнігу на польскай мове: «Памятаю, як думаў, што мяне адправяць паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. Быў час, калі ва ўсіх канфіскоўвалі вялікую колькасць непажаданых кніг: праграмаванне, падручнікі, мовы, псіхалогія і псіхіятрыя. Можна было адправіць іх да сябе на склад, на свае рэчы, ці аддаць у бібліятэку – нам казалі, што яны пойдуць у фонд магілёўскай бібліятэкі. Але некаторыя кнігі, напрыклад, аўтара Сапольскага, спальвалі ў кацельні. Таму што ў такіх кнігах усё вельмі добра распісваецца, праз што ты пачынаеш думаць – і крытычна думаць. У мяне быў размоўнік па польскай мове, а за месяц да гэтага нам сказалі, што калі ў кагосьці нешта ўбачаць, акрамя англійскай, то выпішуць артыкул 411 Крымінальнага кодэкса».
III. Прызнанне «экстрэмісцкімі» культурніцкіх ініцыятыў
1. 18 ліпеня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі YouTube-старонкі «Серый Кот» і «Серый Кот Стримы», якія належаць палітзняволенаму блогеру Змітру Казлову (псеўданім Шэры Кот), які з 10 чэрвеня 2020 года ўтрымліваецца за кратамі. На відэастаронках Шэрага Ката шмат культурнай тэматыкі: сустрэча з літаратарам і праваабаронцам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім, адкрыццё выставы і прэзентацыя кнігі Алеся Пушкіна «Турэмны альбом», абарона Курапатаў – месца масавых расстрэлаў у СССР.
2. 22 ліпеня КДБ унёс у спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў» адукацыйную платформу «Беларуская акадэмія». Праект заснавала ў кастрычніку 2020 года доктарка гістарычных навук, паэтка Святлана Куль-Сільверстава. «Беларуская акадэмія» – дыстанцыйная адукацыйная платформа, навучанне на якой адбываецца на беларускай і рускай мовах у межах Балонскага працэсу. Выпускнікі атрымліваюць дыпломы вышэйшай адукацыі еўрапейскага ўзору.
3. 25 ліпеня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі старонкі праекта былых актораў тэатра імя Янкі Купалы «ЧинЧинЧенэл».
4. 23 ліпеня суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» ювелірны брэнд «Belaruskicry». Стала вядома і пра ўцечку дадзеных яго пакупнікоў. Брэнд стварыла беларуская дызайнерка, якая пасля пратэстаў 2020 года выехала ў Грузію. Самае папулярнае ўпрыгожанне – кулон «Беларусь са слязой». Супрацоўнікі міліцыі ў сваім неафіцыйным Telegram-канале папярэдзілі, што за кожную новую замову на пакупніка будзе заводзіцца крымінальная справа.
IV. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
1. 25 ліпеня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі кнігу пра негвалтоўны супраціў дыктатуры палітолага Джына Шарпа «Ад дыктатуры да дэмакратыі» (1993).
2. 28 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Мінска дадаў у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» кнігу пра злачынствы нацыстаў на тэрыторыі Польшчы і Савецкага Саюза «Спаленыя вёскі. Злачынствы нацыянал-сацыялізму супраць сельскага насельніцтва ў Польшчы і Савецкім Саюзе падчас Другой сусветнай вайны» пад рэдакцыяй Флорыяна Вілера і Фрэдэрыка Банэсэра пры супрацы з Сібілай Сухан-Флос. Кніга выдадзена ў 2024 годзе.
V. Рэпрэсіі ў музычнай сферы
25 ліпеня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі песню «Беларусь» Карнея Тарасава.