
Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International адносна жорсткіага наступу на мірнае выказванне, распачатага ўладамі Турцыі.
«PEN International асуджае жорсткі наступ на мірнае выказванне, распачаты ўладамі Турцыі, якія працягваюць дэманстраваць поўную пагарду да вяршэнства права і няспыннае імкненне заглушыць мірную нязгоду. Усе, хто ўтрымліваецца пад вартай выключна за рэалізацыю сваіх правоў на мірнае выказванне і сход, павінны быць неадкладна вызваленыя. Бясконцае звужэнне асноўных правоў у краіне павінна быць спынена неадкладна», — Бурхан Сонмэз, прэзідэнт PEN International.
24 сакавіка 2025 года: Улады Турцыі павінны тэрмінова забяспечыць правы на свабоду выказвання, доступ да інфармацыі і мірны пратэст, — заявіў сёння PEN International на фоне ўзрастаючага ціску на незалежныя галасы, скіраванага супраць пісьменнікаў, журналістаў, юрыстаў і прадстаўнікоў апазіцыі.
19 сакавіка 2025 года больш за 100 чалавек, уключаючы мэра Стамбула Экрэма Імамаглу, былі затрыманыя па абвінавачаннях у «карупцыі» і «тэрарызме» — крок, які шырока расцэньваецца як палітычна матываваны. У адказ у Стамбуле і па ўсёй краіне ўспыхнулі масавыя пратэсты — насуперак забароне на ўсе публічныя дэманстрацыі. Улады часова абмежавалі доступ да сацыяльных сетак і мэсенджараў, каб перашкодзіць распаўсюду інфармацыі, і заклікалі платформу X заблакаваць доступ да соцень акаўнтаў. Журналісты, якія асвятлялі пратэсты, паведамлялі пра гвалт з боку паліцыі. Найменей дзесяць медыяпрацаўнікоў былі затрыманыя падчас ранішніх рэйдаў у Стамбуле і Ізміры 24 сакавіка — у той час, як наступ уладаў на асноўныя правы чалавека працягвае ўзмацняцца.
Арышт Імамаглу адбыўся на фоне ўзмацнення рэпрэсій супраць незалежных галасоў у Турцыі за апошнія месяцы. Яшчэ ў лютым 2025 года PEN International разам з партнёрамі выказаў сур’ёзную заклапочанасць ростам парушэнняў свабоды прэсы, уключаючы ўсё шырэйшае выкарыстанне адвольных затрыманняў, арыштаў і судовых абмежаванняў супраць журналістаў. У тым жа месяцы каля 300 чалавек былі затрыманыя падчас паліцэйскіх рэйдаў па ўсёй краіне — сярод іх пісьменнікі, журналісты і мастакі — па абвінавачаннях у сувязях з забароненай Курдаскай партыяй працоўных (PKK). 5 сакавіка пісьменнікі і чальцы Kurdish PEN Меўлют Айкач, Самі Тан і Ронаі Ёнен былі затрыманыя падчас скаардынаваных рэйдаў у Стамбуле, Урфе і Дыярбакыры, нібыта за публікацыю навучальных матэрыялаў на курдскай мове. Усе трое былі пазней вызвалены, аднак справа супраць іх працягваецца.
Тым часам улады працягваюць падрываць незалежнасць і бесстароннасць судовай сістэмы. Асабліва паказальным стала ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць Стамбульскай калегіі адвакатаў пасля таго, як яна заклікала расследаваць забойства курдскіх журналістаў Назіма Даштана і Джыхана Білгіна, якое адбылося ў снежні 2024 года на паўночным усходзе Сірыі. 21 сакавіка 2025 года суд пастанавіў адхіліць ад пасады прэзідэнта і выканаўчую раду Стамбульскай калегіі адвакатаў у межах гэтай крымінальнай справы.
Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў Турцыі, з 19 сакавіка былі затрыманыя 1133 чалавекі. Пакуль пратэсты працягваюць распаўсюджвацца па ўсёй краіне, PEN International заклікае ўлады выконваць свае нацыянальныя і міжнародныя абавязанні і тэрмінова забяспечыць павагу да асноўных правоў. Крымінальная юстыцыя не павінна выкарыстоўвацца як інструмент пераследу і запужвання нязгодных.