
Працягваем знаёміць вас з рознымі конкурсамі, стыпендыямі, рэзідэнцыямі і іншымі праграмамі, створанымі для літаратарак і літаратараў. Сабралі творчыя магчымасці сакавіка.
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця
Сёння апошні дзень прыёму заявак! Запрашаем да ўдзелу ў чатырнаццатым сезоне прэміі імя Ежы Гедройця — узнагароды за найлепшую арыгінальную кнігу на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы.
Прэмія Ежы Гедройця існуе з 2012 года і стала галоўнай незалежнай літаратурнай узнагародай Беларусі. Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Хто можа намінаваць?
Аўтары і аўтаркі, выдавецтвы, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ, сябры журы і аргкамітэт.
Як прыняць удзел?
Запоўніце, калі ласка, спецыяльную форму па спасылцы. У выпадку тэхнічных перашкод электронную версію вашай кнігі або аўдыякнігу разам з вокладкай (у фарматах jpeg, jpg або png) можна даслаць на электронны адрас арганізатараў [email protected]. Не забудзьцеся пазначыць у тэме ліста назву кнігі і імя аўтара/аўтаркі/аўтараў!
Дэдлайн: 19 сакавіка 2025 года (да 23:59 беларускага часу).
Прэмія імя Алеся Адамовіча
Беларускі ПЭН прымае заяўкі на прэмію імя Алеся Адамовіча за творы, што адкрываюць вострыя тэмы, задаюць пытанні часу і ўплываюць на грамадскую дыскусію.
Сёлета прэмія выйшла за межы кніжных старонак. Мы прымаем:
- Кнігі
- Артыкулы ў медыя
- Падкасты
- Кіна- і відэапраекты
Асноўнае патрабаванне – твор мусіць быць апублікаваны ў 2024 годзе і быць прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці.
Як намінаваць твор?
Права намінаваць творы, што адпавядаюць мэтам прэміі, маюць толькі сябры Беларускага ПЭНа.
Для ўдзелу ў конкурсе адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў і аўтарак твораў паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў.
Дэдлайн: 24 сакавіка 2025 года (23:59 беларускага часу).
Прыём заявак на конкурс рукапісаў «Шуфлядка»
Трэці сезон конкурсу рукапісаў «Шуфлядка» распачаў прыём заявак.
Рукапісы для конкурсу:
- мусяць быць на беларускай мове (дапускаецца аўтапераклад);
- не выдаваліся раней ні на якой мове;
- патрапляюць у адну з трох намінацый: дзіцячая і падлеткавая кніга; нон-фікш і дакументальная проза; масавыя жанры (фантастыка, фэнтэзі, прыгоды, дэтэктыў).
Абмежаванняў па ўзросту, месцу пражывання аўтараў і іншых няма. Прызам у кожнай намінацыі з’яўляецца падтрымка выдання папяровай кнігі. Выданне адбываецца на ўмовах тэндару для выдавецтваў.
Каб падаць заяўку, трэба запоўніць форму.
Дэдлайн — 15 красавіка.
Конкурс рукапісаў «Экслібрыс» імя Анатоля Клышкі
Конкурс прысвечаны дзіцячай літаратуры ва ўсіх яе відах і жанрах. Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца творы для дзяцей усіх узростаў, як празаічныя так і паэтычныя.
Штогадовы літаратурны конкурс «Экслібрыс», якія арганізуе Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, сёлета прымеркаваны да 90-годдзя пісьменніка Анатоля Клышкі.
Сёлетні конкурс асаблівы тым, што ўзрост удзельнікаў не абмежаваны. Пераможцы конкурсу атрымаюць магчымасць выдаць кнігу.
Дэдлайн: 1 кастрычніка 2025 года.
Праект «Фігуры» прымае тэксты для публікацыі
Да канца сакавіка праект «Фігуры» прымае тэксты, каб пазней апублікаваць іх анлайн альбо ў друку.
«Фігуры замоўчвання» — гэта праект пра жаночае пісьмо на мяжы публіцыстычнага і мастацкага. Ён падгучвае галасы тых, каму часта не давалі прасторы для гаварэння, і выносіць у публічнае поле тэмы, якія не прынята абмяркоўваць.
Умовы:
- любы жанр,
- на любой мове, якая існуе ў Беларусі,
- да 10.000 знакаў з прабеламі,
- рэдакцыя абірае тэксты суб’ектыўна, у адпаведнасці з рэдактарскім густам ды ідэяй зіна,
- дасланыя заяўкі не рэцэнзуюцца,
- за публікацыі не прадугледжана аплаты.
Дэдлайн — 31 сакавіка.
Праграма рэзідэнцый Salzburger Kunstverein & Spike Art Magazine
На працягу аднаго месяца ў Зальцбургу аўтары і аўтаркі на пачатковым і сярэднім этапе кар’еры будуць мець магчымасць напісаць тэкст, звязаны з тэмай «Пераасэнсоўваючы справядлівасць» (Picturing Justice), якая стане асновай праграмы ў 2025 годзе.
Што прапануецца?
- Аплата за тэкст і яго публікацыя ў Spike Art Magazine, які падтрымлівае крытычны і нетрадыцыйны погляд на актуальныя тэмы мастацтва і культуры
- Студыя-кватэра на перыяд рэзідэнцыі
- Стыпендыя ў памеры 900 еўра
- Медыцынская страхоўка
- Рэдакцыйнае ментарства і магчымасці для сеткавання
- Доступ да ровара
Дэдлайн — 21 сакавіка.