Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 лютага 2025 года

Апошняе абнаўленне: 17 лютага 2025
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 лютага 2025 года

На 15 лютага 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 170.

Аўтару нон-фікш літаратуры Ігару Ільяшу інкрымінуюць арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Беларусі) і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Пачаўся новы суд над палітзняволеным сцэнарыстам і музыкам Кірылам Вевелем.

За «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» судзілі Ганну Арцюшкевіч – аўтарку раманаў у жанры фэнтэзі.

Тры месяцы няма тэлефанаванняў ад палітзняволенага журналіста і паэта Дзяніса Івашына.

Пачаўся суд паводле крымінальнай справы ў дачыненні да родных аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра ФранцкевічаТаццяны Францкевіч (маці) і Наталлі Лабацэвіч (цёткі).

У спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў дадалі кнігі мемуараў журналіста і палітычнага дзеяча Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі» (2017) і «Дзевяноста трэці» (2018); альбом «БНР-100: святкаванне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і ў замежжы» (2019); кнігу Марата Гаравога «НКВД забіваў у Курапатах…» (2019); кнігу апавяданняў палітвязня, аўтара турэмнай літаратуры Змітра Дашкевіча «Чарвяк».

Гаспадара гродзенскай крамы «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча затрымалі за ўдзел у пратэстах 2020 года. Да суда яго трымаюць у СІЗА.


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 7 лютага стала вядома, на падставе якіх артыкулаў абвінавачваюць аўтара нон-фікш літаратуры Ігара Ільяша – гэта арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Беларусі) і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Крымінальную справу пачнуць разглядаць 21 лютага ў Мінскім гарадскім судзе. Пра затрыманне Ігара Ільяша стала вядома 22 кастрычніка 2024 года. Ігар Ільяш – журналіст, які разам з жонкай, журналісткай (цяпер палітзняволенай) Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай) выдаў кнігу «Беларускі Данбас» (2020) – пра ўдзел беларусаў у вайне на Усходзе Украіны. У сакавіку 2021 года кнігу суд прызнаў гэтую кнігу «экстрэмісцкай».

2. 14 лютага ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся новы суд над палітзняволеным сцэнарыстам і музыкам Кірылам Вевелем, які абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці і разладу). У верасні 2024 году Кірыла Вевеля асудзілі на 3 гады калоніі на падставе арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

3. 6 лютага затрымалі гаспадара гродзенскай крамы «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча, наколькі вядома, паводле крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах 2020 года. Да суда яго трымаюць у СІЗА. Этна-крама «Цудоўня» працуе ў Гродне з 2015 года. Там прадаюць розныя сувеніры і вырабы беларускіх майстроў. Пасля выбараў 2020 года крама сутыкнулася са штрафамі і пазбаўленнем памяшкання. Раней Андрэя Несцяровіча затрымлівалі на суткі.

II. Затрыманні і адміністрацыйныя суды

14 лютага ў судзе Савецкага раёна Мінска паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) судзілі аўтарку раманаў у жанры фэнтэзі Ганну Арцюшкевіч.

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

Тры месяцы няма тэлефанаванняў ад Дзяніса Івашына, палітзняволенага журналіста і паэта, лаўрэата прэміі імя Францішка Аляхновіча 2024 года за вершы, напісаныя ў зняволенні. Жонка палітвязня Вольга Івашына думае, што яго маглі змясціць у штрафны ізалятар.

IV. Рэпрэсіі супраць чальцоў сем’яў палітзняволеных Людзей Слова

10 лютага ў Віцебскім абласным судзе пачаўся суд паводле крымінальнай справы родных аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра ФранцкевічаТаццяны Францкевіч (маці) і Наталлі Лабацэвіч (цёткі). Іх абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Жанчын затрымалі 19 ліпеня 2024 года ў Наваполацку, калі яны прывезлі Аляксандру Францкевічу перадачу ў калонію. Аляксандр Францкевіч – двойчы палітвязень, першы тэрмін паводле палітычна матываванай справы адбыў у 2010–2013 гадах. У 2013 годзе за апавяданне «Обними меня крепче», напісанае ў турме, стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча. 6 верасня 2022 года Аляксандра Францкевіча асудзілі на 17 гадоў пазбаўлення волі.

V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

1. 4 лютага стала вядома, што суд Заводскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі альбом «БНР-100: святкаванне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і ў замежжы» (2019) і кнігу Марата Гаравога «НКВД забіваў у Курапатах…» (2019).

2. 11 лютага рашэннем суда Заводскага раёна Мінска ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў дадалі кнігі з мемуарамі журналіста і палітычнага дзеяча Сяргея Навумчыка: «Дзевяноста другі» (2017) і «Дзевяноста трэці» (2018).

3. 11 лютага рашэннем суда Заводскага раёна Мінска ў «экстрэмісцкі» спіс трапіла кніга апавяданняў палітвязня, аўтара турэмнай літаратуры Змітра Дашкевіча «Чарвяк» (2013).