Беларускі ПЭН далучаецца да заявы Міжнароднага ПЭНа адносна журналісткі Мзіі Амаглабелі.
«Сем гадоў турмы — гэта небяспечна несувымернае пакаранне за інцыдэнт паміж ветэранкай журналістыкі Мзіяй Амаглабелі і паліцэйскім. Грузінскія ўлады відавочна спрабуюць зрабіць яе прыкладам, працягваючы запалохваць журналістаў, актывістаў і крытыкаў, якія адважваюцца казаць праўду ўладарам. Яна павінна быць вызвалена неадкладна», — Ма Тыда, старшыня Камітэта пісьменнікаў у зняволенні Міжнароднага ПЭНа.
24 студзеня 2025 года: Грузінскія ўлады павінны тэрмінова вызваліць ветэранку журналістыкі Мзію Амаглабелі з-пад варты, заявілі сёння Міжнародны ПЭН і Грузінскі ПЭН. Амаглабелі пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі па несувымерных абвінавачаннях у нападзе на паліцэйскага.
Вядомая грузінская журналістка, заснавальніца і дырэктарка анлайн-выданняў Batumelebi і Netgazeti Мзія Амаглабелі была ўпершыню затрыманая 11 студзеня 2025 года па адміністрацыйных абвінавачаннях пасля таго, як наляпіла налепку, звязаную з запланаваным страйкам, на ўваходзе ў паліцэйскі ўчастак у Батумі, на паўднёвым захадзе Грузіі. На момант затрымання ёй не была прадстаўлена інфармацыя пра падставы арышту, і на наступны дзень яе вызвалілі пад заклад.
Калі яна размаўляла са сваімі прыхільнікамі каля паліцэйскага ўчастка, паліцыя пачала затрымліваць некалькіх з іх, уключаючы двух яе калег, што прывяло да канфлікту паміж Амаглабелі і начальнікам паліцыі Батумі Іракліем Дгэбуадзэ. Падчас канфлікту, як сцвярджаецца, Амаглабелі ўдарыла па твары Дгэбуадзэ. Паліцыя адразу ж арыштавала Амаглабелі ў адпаведнасці з артыкулам 353(1) Крымінальнага кодэкса Грузіі (напад на паліцэйскага, супрацоўніка спецыяльнай пенітэнцыярнай службы або іншага прадстаўніка ўрада ці дзяржаўнай установы), што прадугледжвае пакаранне ад чатырох да сямі гадоў пазбаўлення волі.
14 студзеня Батумскі гарадскі суд пастанавіў змясціць Амаглабелі пад варту да суда і накіраваў яе ў Жаночую турму №5 у Руставі, дзе яна заставалася на момант напісання гэтага тэксту. Паводле Канстытуцыі Грузіі, папярэдняе зняволенне як прадухільная мера можа прымяняцца да дзевяці месяцаў, хоць прамежкавыя судовыя разгляды могуць перагледзець гэтае рашэнне. Дата разгляду справы Амаглабелі прызначаная на 4 сакавіка.
Падчас знаходжання пад вартай Мзія Амаглабелі заявіла пра жорсткае абыходжанне з боку Іраклія Дгэбуадзэ, якога абвінавачваюць у тым, што ён плюнуў ёй у твар і на працягу працяглага часу адмаўляў ёй доступ да вады і туалетных памяшканняў. Яе шматразовыя просьбы аб сустрэчы з адвакатамі першапачаткова ігнараваліся. Амаглабелі паведаміла пра гэтыя абвінавачанні ў Спецыяльную службу расследаванняў (ССР), орган, які займаецца расследаваннем злачынстваў, учыненых службовымі асобамі. 20 студзеня ССР пацвердзіла, што пачала расследаванне пасля шырокага грамадскага рэзанансу.
Да свайго арышту Амаглабелі не мела праблем з законам. У 2004 годзе яна была кароткачасова затрыманая ў сувязі са сваёй журналісцкай дзейнасцю, але хутка вызваленая без прад’яўлення абвінавачанняў.
З 11 студзеня Амаглабелі адмаўляецца ад ежы ў знак пратэсту супраць свайго арышту. Паведамляецца, што яна мае праблемы са здароўем, якія могуць пагоршыцца з-за яе працяглага зняволення і галадоўкі.
Журналісты і актывісты па ўсёй Грузіі, уключаючы Грузінскі ПЭН, аб’ядноўваюцца ў патрабаванні вызваліць Мзію Амаглабелі. Паводле інфармацыі Transparency International Georgia, відэазапіс інцыдэнту сведчыць, што ўдар «не меў дастатковай сілы, каб нанесці шкоду» і не адпавядае патрабаванню сур’ёзнасці, неабходнаму для прад’яўлення абвінавачанняў паводле Крымінальнага кодэкса Грузіі.
Яе арышт адбыўся на фоне ўзмацнення рэпрэсій супраць іншадумцаў з боку грузінскіх уладаў. Як зафіксавалі Міжнародны ПЭН і Грузінскі ПЭН, пратэсты па ўсёй краіне, выкліканыя меркаванымі фальсіфікацыямі на парламенцкіх выбарах, працягваюць жорстка разганяцца праваахоўнымі органамі, якіх абвінавачваюць у катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання з пратэстоўцамі. На сённяшні дзень ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці.
Між тым, працягваюць паступаць паведамленні пра рэпрэсіі супраць дзеячаў культуры, якія адважыліся выступіць супраць урада. У лісце, дасланым удзельнікам сеткі ЮНЕСКА «Сусветная сталіца кнігі» і разгледжаным Міжнародным ПЭНам і Грузінскім ПЭНам, Нінія Мачарашвілі, дырэктарка Тбілісі – Сусветная сталіца кнігі 2021 года, і Ніно Кікнадзэ, яе намесніца, паведамілі, што ім пагражае страта пасадаў за іх іншадумства.
Міжнародны ПЭН і Грузінскі ПЭН заклікаюць грузінскія ўлады выконваць свае нацыянальныя і міжнародныя абавязацельствы і цалкам гарантаваць правы на свабоду выказвання і мірныя сходы.