Працягваем знаёміць вас з рознымі стыпендыямі, рэзідэнцыямі і іншымі праграмамі, створанымі для літаратарак і літаратараў. Сабралі творчыя магчымасці студзеня.
Writer in the Park: рэзідэнцыя ў Славеніі
Любляна, якая з 2015 года з’яўляецца Горадам літаратуры UNESCO, прапануе дзве аднамесячныя рэзідэнцыі для пісьменнікаў у Творчым цэнтры Švicarija/Swisshouse, які ўваходзіць у склад Міжнароднага цэнтра графічных мастацтваў. Кожная рэзідэнцыя доўжыцца адзін месяц на аднаго заяўніка. Даступныя перыяды рэзідэнцыі:
- 1–30 красавіка 2025 года,
- 1–30 лістапада 2025 года.
Хто можа падаць заяўку:
- Рэзідэнцыя прызначана для замежных апублікаваных пісьменнікаў, якія маюць адчувальную, фактычную сувязь з іншым Горадам літаратуры UNESCO. Гэтая сувязь павінна быць відавочна апісана ў заяўцы і можа ўключаць: пражыванне ў адным з Гарадоў літаратуры ў мінулым або цяпер, або прафесійную дзейнасць, звязаную з такім горадам.
- Заяўнік павінен мець мінімум адну апублікаваную кнігу мастацкай літаратуры (проза, паэзія або драма) на сваёй мове.
Дэдлайн: 21 студзеня.
Літаратурныя рэзідэнцыі ў Белавежскай пушчы
Урочышча Грушкі і Аб’яднанне для дыялогу «Трапінка» прапануюць пяць месцаў для рэзідэнцыі літаратарам і літаратаркам, перакладчыкам і перакладчыцам з Беларусі, Літвы і Украіны. Рэзідэнты і рэзідэнткі будуць размешчаны ў доме, які складаецца з пяці пакояў (адзін пакой прыстасаваны для чалавека на інвалідным вазку), а таксама агульнай вялікай гасцёўні з кухняй. Непасрэдна за ўрочышчам пачынаецца Белавежскі нацыянальны парк.
Калі: з 7 па 21 сакавіка 2025 года.
Выдаткі на праезд і харчаванне – за кошт удзельнікаў і ўдзельніц. Калі паездка будзе ажыццяўляцца грамадскім транспартам, арганізатары забяспечаць трансфер з Гайнаўкі.
Умовы ўдзелу: рэзідэнты і рэзідэнткі абавязваюцца прыняць удзел у аўтарскім вечары ў Нарэўцы, а таксама даць кароткі справаздачны тэкст паводле вынікаў рэзідэнцыі. Заяўкі прымаюцца на адрас: [email protected]. У заяўцы неабходна пазначыць асабовыя звесткі, кароткае CV і апісанне планаванай працы (на польскай, англійскай або нямецкай мове).
Дэдлайн: 31 студзеня.
Праграма мабільнасці дзеячаў мастацтва і культуры ў краінах Паўночнага і Балтыйскага рэгіёнаў
Фінансаванне паездак для індывідуальных прафесійных дзеячаў мастацтва і культуры ў краінах Паўночнага і Балтыйскага рэгіёнаў. Праграма сканцэнтравана на пашырэнні абмену ведамі, кантактамі і зацікаўленасцю да мастацтва і культуры Паўночных і Балтыйскіх краін. Праграма мабільнасці для культуры ўключае тры віды фінансавання: фінансаванне мабільнасці, фінансаванне сетак і фінансаванне рэзідэнцый для мастакоў.
Умовы для падачы заяўкі:
- Фінансаванне даступна для прафесійных мастакоў і дзеячаў культуры, такіх як куратары, прадзюсары, літаратурныя перакладчыкі, культурныя рэдактары або даследчыкі, якія працуюць ва ўсіх сферах мастацтва і культуры. Паняцце “прафесійны” азначае наяўнасць дакументальнага пацверджання досведу працы ў сферы мастацтва і культуры і/або адпаведнай адукацыі.
- Фінансаванне мабільнасці можа быць прадастаўлена толькі фізічным асобам.
- Заяўнік павінен пражываць у Паўночным рэгіёне (Данія, Фінляндыя, Фарэрскія астравы, Грэнландыя, Ісландыя, Нарвегія, Швецыя, Аландскія астравы) або ў краінах Балтыі (Эстонія, Латвія, Літва). Грамадзянства гэтых краін не з’яўляецца абавязковым, важнае толькі месца жыхарства.
- Да заяўкі трэба далучыць прызначэнне або ліст аб намерах, у якім павінна быць указана, хто каго запрашае.
Дэдлайн: 31 студзеня.
Прэмія імя Льва Сапегі ад Варшаўскага ўніверсітэта
Стыпендыя імя Ежы Гедройця ў Вене
Інстытут гуманітарных навук (IWM) у Вене запрашае да ўдзелу ў конкурсе на стыпендыю імя Ежы Гедройця для маладых даследчыкаў. Стыпендыя прызначаная для навукоўцаў, якія працуюць над праектамі, звязанымі з:
- Польска-ўкраінскімі, польска-беларускімі і польска-літоўскімі адносінамі, а таксама пытаннямі гісторыі, палітыкі і літаратуры
АБО - Спадчынай Ежы Гедройця і/ці дзейнасцю часопіса і выдавецтва «Kultura».
Стыпендыя імя Ежы Гедройця адкрыта для прадстаўнікоў усіх акадэмічных дысцыплін у галіне гуманітарных і сацыяльных навук. Яна разлічаная на чатыры месяцы і можа быць выкарыстаная ў перыяд з верасня 2025 года да чэрвеня 2026 года.
- Кандыдаты з навуковай ступенню PhD (абароненай на момант заканчэння тэрміну падачы заявак) атрымліваюць стыпендыю ў памеры 3 300 еўра ў месяц.
- Кандыдаты, якія працуюць над доктарскай дысертацыяй, атрымліваюць стыпендыю ў памеры 2 750 еўра ў месяц.
Гэтая сума пакрывае пражыванне, выдаткі на жыццё, праезд, медыцынскае страхаванне і іншыя звязаныя з знаходжаннем у Вене выдаткі.
Дэдлайн: 16 лютага.