Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–30 лістапада 2024 года)

Апошняе абнаўленне: 5 снежня 2024
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–30 лістапада 2024 года)

На 30 лістапада 2024 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 39, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 176.

Пачаўся суд паводле крымінальнай справы музыкі і архітэктара Аляксея Сіленкі.

З’явілася інфармацыя пра палітычна матываваны крымінальны прысуд Аляксандра Нікіціна.

11 снежня ў судзе Шклоўскага раёна пачнецца разгляд крымінальнай справы палітзняволенага журналіста, блогера і эсэіста Ігара Карнея паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

Пацвердзілася інфармацыя, што мастакі Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі, арыштаваныя паводле палітычна матываванай справы, знаходзяцца ў СІЗА.

Паводле адміністрацыйных артыкулаў за падпіскі на незалежныя крыніцы інфармацыі судзілі перакладчыка Іллю Ліпскага і рэжысёра Алега Жугжду.

Журналіст і эсэіст Андрэй (Анджэй) Пачобут знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу.

Пластычны тэатр «ІнЖэст» пазбаўлены месца для рэпетыцый.

Міністэрства інфармацыі склала «Спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджанне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 18 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска пачалі разгляд крымінальнай справы фатографа Уладзіслава Кошалева паводле ч.1 арт.368  Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта).

2. 22 лістапада з’явілася інфармацыя пра палітычна матываваны крымінальны прысуд былому супрацоўніку Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый Аляксандру Нікіціну. Ён быў асуджаны ў верасні 2024 года судом Чыгуначнага раёна Гомеля паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Тэрмін зняволення пакуль невядомы.

3. 26 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся суд паводле крымінальнай справы музыкі і архітэктара Аляксея Сіленкі, які ўдзельнічаў у праектах ОХ.РА, БУЛЬВАР, Mnsr. Gustav і іншых. Аляксей Сіленка абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый) і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці і разладу).

4. 28 лістапада стала вядома, што 11 снежня ў судзе Шклоўскага раёна пачнецца разгляд крымінальнай справы палітзняволенага журналіста, блогера і эсэіста Ігара Карнея, якога ў сакавіку 2024 года асудзілі на 3 гады зняволення. Ігара Карнея абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

5. 29 лістапада стала вядома, што палітычна матываваную крымінальную справу спевака і шоумена Івана Вабішчэвіча (творчы псеўданім Дзядзя Ваня) пачнуць разглядаць 10 снежня ў судзе Партызанскага раёна Мінска паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Іван Вабішчэвіч – стваральнік групы «One Hell Thing».

6. 29 лістапада пацвердзілася інфармацыя, што мастакі Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі, арыштаваныя на падставе палітычна матываванай справы, знаходзяцца ў СІЗА. Іх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

II. Затрыманні і адміністрацыйныя суды

1. 25 лістапада ў судзе Шаркаўшчынскага раёна перакладчыка Іллю Ліпскага судзілі за падпіскі на незалежныя крыніцы інфармацыі паводле ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў) і ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку пікетавання).

2. 26 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Гродна за падпіскі на незалежныя крыніцы інфармацыі паводле арт. 19.11 ч. 2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) судзілі галоўнага рэжысёра Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алега Жугжду. Вынік суда пакуль невядомы.

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. Журналіст і эсэіст Андрэй (Анджэй) Пачобут знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу ў Наваполацкай калоніі.

2. Два месяцы невядомае месцазнаходжанне палітвязня, аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра Францкевіча. У чэрвені 2024 года ў судзе Ваўкавыскага раёна палітвязню, асуджанаму раней на 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, дадалі яшчэ 1 год зняволення паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Да разгляду апеляцыйнай скаргі яго ўтрымлівалі ў баранавіцкім СІЗА № 6, адкуль на пачатку кастрычніка этапавалі ў калонію, але ў якую, невядома. Маці палітвязня, Таццяна Францкевіч, знаходзіцца ў зняволенні.

ІV. Закрыццё цэнтраў культуры

20 лістапада стала вядома, што пластычны тэатр «ІнЖэст», які не меў магчымасці выступаць у Беларусі з восені 2021 года, пазбаўлены месца для рэпетыцый. Пластычны тэатр «ІнЖэст» створаны ў Мінску ў 1980 годзе (тады тэатр называўся «Жэст») студэнтамі Інстытута культуры. Гэта найстарэйшы і адзіны беларускі тэатр, які працуе ў кірунку сучаснай пантамімы і танца буто. «ІнЖэст быў ініцыятарам і арганізатарам фестываляў пластычных тэатраў: «Блазан» (1987–1989), «Х-Традыцыя» (2001–2002) і «Пластформа» (2013–2021).

V. Рэпрэсіі ў сферы кнігавыдання і кнігагандлю

1. 16 лістапада стала вядома, што з інтэрнэт-кнігарняў пачалі знікаць кнігі з ЛГБТК+ персанажамі. Сталі недаступныя кнігі «Маленькае жыццё» і «Людзі сярод дрэў» Ханьі Янагіхары. Таксама зніклі «Песня Ахіла» Мадлен Мілер і «Пакой Джавані» Джэймса Болдуіна. Заканадаўчай забароны на такія кнігі ў Беларусі няма.

2. 22 лістапада Міністэрства інфармацыі размясціла на сваім сайце «Спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджанне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». У спісе 35 друкаваных выданняў, сярод іх: Нарысы гісторыі Беларусі (1795–2002), (Минск, 2003); Деружинский, В. Тайны белорусской истории. (Минск, 2011); Цвірка, К. На скрыжалях вякоў: гістарычныя творы (Мінск, 2018).