
1 снежня ў Познані прайшла заключная частка ўзнагароджання прэміяй імя Алеся Адамовіча за найлепшы публіцыстычны твор, апублікаваны ў 2023 годзе. Лаўрэаткай стала Ганна Янкута з кнігай «Час пустазелля» (выдавецтва «Янушкевіч», 2023). Фармулёўка журы наступная:
«За эмацыйнае і інтэлектуальнае пражыванне вопыту міграцыі, у якое ўплеценыя салідарнасць з Украінай і рэфлексія беларускай культуры ды ідэнтычнасці».






Першая частка цырымоніі прайшла ў Берліне 20 кастрычніка – там мы даведаліся адно з імёнаў сёлетніх лаўрэатаў: «За перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, за шматлікасць досведу і змяшчэнне Беларусі ў розныя кантэксты прэміяй імя Алеся Адамовіча ганаруецца аўтарка кнігі “Я танцую” Віка Біран».
Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭНам і масмедыя ў студзені 1995 года, праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў. Першыя два гады прэмія ўручалася 3 верасня, у дзень нараджэння Алеся Адамовіча.
Мэты прэміі: ушанаваць памяць Алеся Адамовіча; адзначыць найлепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці.
Лаўрэатамі прэміі ў мінулым годзе сталі:
- Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу», за актуалізацыю традыцый еўрапейскага рэпартажу;
- Максім Знак з кнігай «Зэкамерон», за чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці ў нечалавечых умовах.
Даведацца пра прэмію больш можна на нашым сайце.