Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
22 лістапада 2024 г.
Стала вядома аб затрыманні журналіста Ігара Ільяша. 22 кастрычніка тэлеграм-канал, звязаны з сілавымі органамі Беларусі, апублікаваў відэазапіс, на якім Ігар Ільяш кажа, што затрыманы за інтэрв’ю медыям, прызнаным на тэрыторыі Беларусі “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Напрыканцы кастрычніка 2024 года з’явілася інфармацыя, што Ігар Ільяш знаходзіцца пад вартай у Следчым ізалятары № 1, з чаго вынікае, што ён абвінавачваецца па крымінальнай справе (інкрымініраваны артыкул на дадзены момант невядомы).
Ігар Ільяш – беларускі журналіст, фрылансер. Раней ён неаднаразова падвяргаўся пераследу за сваю журналісцкую дзейнасць. У кастрычніку 2020 года Ігар Ільяш адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у “пікетаванні”. 16 ліпеня 2021 года, падчас масавых вобшукаў у незалежных журналістаў, Ігар Ільяш быў затрыманы па крымінальнай справе па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, але праз дзесяць сутак вызвалены. Пасля вызвалення Ігар Ільяш заставаўся ў Беларусі. Жонка Ігара Ільяша – журналістка Кацярына Бахвалава – таксама пераследуецца за сваю прафесійную дзейнасць. З лістапада 2020 года яна знаходзіцца ў месцах зняволення, за гэты час яна была двойчы асуджаная па крымінальных справах агулам да 8 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі і цяпер ўтрымліваецца ў папраўчай калоніі № 4 у Гомелі.
Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што затрыманне і крымінальны пераслед Ігара Ільяша з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.
Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Ігара Ільяша з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару яго публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.
На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Ігара Ільяша палітычным зняволеным і патрабуем:
- неадкладнага вызвалення Ігара Ільяша і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу;
- адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання ці іншыя правы і свабоды;
- неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі ПЭН;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі дом правоў чалавек імя Барыса Звозскава;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend.