
16 лістапада 2024 года ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA быў абвешчаны пераможца прэміі імя Францішка Багушэвіча за 2023 год. Урачыстае абвяшчэнне адбылося ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі.
Сёлета была ўганараваная кніга Валянціна Акудовіча «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» – за гісторыю паўставання беларускай інтэлектуальнай прасторы.
Літаратурная прэмія імя Францішка Багушэвіча заснаваная ў 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў.
Лаўрэаткай прэміі мінулага года стала навукоўца Таццяна Астроўская за кнігу “Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988)”, прысвечаную культурніцкаму змаганню з аўтарытарызмам.


