
16 лістапада на фестывалі PRADMOVA у Варшаве адбудзецца цырымонія ўзнагароджання прэміяй імя Францішка Багушэвіча за найлепшы гістарычны твор, апублікаваны ў 2023 годзе.
Цырымонія пачнецца а 18:50 на пляцоўцы Музея Вольнай Беларусі па адрасе: Foksal 11, Warszawa.
Прэмія з’яўляецца штогадовай літаратурнай падзеяй, заснаванай ў 1994 годзе. Носіць імя выбітнага беларускага пісьменніка і дзеяча Францішка Багушэвіча. Традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў.
Лаўрэаткай прэміі мінулага года стала навукоўца Таццяна Астроўская за кнігу “Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988)”, прысвечаную культурніцкаму змаганню з аўтарытарызмам.
Мэты прэміі: ушанаваць памяць знакамітага беларускага пісьменніка і дзеяча культуры; адзначыць найлепшую гістарычную прозу, што спрыяе абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў.