• Навiны
  • Творчая дзейнасць
  • Валянцін Акудовіч «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым». Рэцэнзія на кнігу шорт-лістара прэміі Гедройця

Валянцін Акудовіч «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым». Рэцэнзія на кнігу шорт-лістара прэміі Гедройця

Апошняе абнаўленне: 11 лістапада 2024
Валянцін Акудовіч «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым». Рэцэнзія на кнігу шорт-лістара прэміі Гедройця

Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.

БЕЛАРУСКІ  СІЗІФ У ЛЮСТРЫ ЧАСУ

Пра што б я ні пісаў,
і не толькі пра літаратуру, культуру, палітыку,
а нават пра метафізіку ці фундаментальную анталогію быцця,
я заўсёды пішу пра Беларусь.
Валянцін Акудовіч

Валянцін Акудовіч. Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Хронікі беларускага інтэлектуала. Выдавецтва „Логвінаў”, 2023.

Што трэба, каб мемуары цікава чыталіся? Каб аўтар быў адметнай асобай, меў багатую на падзеі біяграфію і здолеў гэтыя падзеі займальна апісаць. Здавалася б, простыя патрабаванні, але чамусьці большасць мемуараў беларускіх пісьменнікаў, якія даводзілася чытаць, — нецікавыя і нудныя як бухгалтарскія справаздачы. Ёсць нават такі жарт, што ў ранейшых пісьменнікаў была біяграфія, а ў цяперашніх – толькі бібліяграфія.

Першае ўражанне ад новай кнігі Валянціна Акудовіча (не хочацца называць яе апошняй) – гэта мемуары, якія чытаюцца з цікавасцю, а некаторыя фрагменты –  нават з захапленнем. Безумоўна, можна спрачацца наконт жанравай прыроды кнігі пад назвай  „Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Хронікі беларускага інтэлектуала”, аўтар сам называе яе і мемуарамі, і ўспамінамі, і хронікай, і нават эсэ. Найпрасцей сказаць, што гэта мемуары, напісаныя ў жанры эсэ, улюбёным жанры Акудовіча, у якім – паводле прызнання самога аўтара – ён толькі і ўмее пісаць і ў якім створаны ўсе ягоныя кнігі:  „Мяне няма. Роздум на руінах чалавека”, „Разбурыць Парыж”, „Дыялогі з Богам”, „Код адсутнасці”, „Архіпелаг Беларусь”, „Кніга пра Нішто”, „Прачнуцца ранкам у сваёй краіне” (у Акудовіча ёсць і біяграфія, і бібліяграфія). Насамрэч, новая кніга „беларускага прарока постмадэрнізму” і „хроснага бацькі Бум-Бам-Літу” – гэта досыць складаны па структуры і стракаты стылістычна тэкст (вядома, постмадэрністычны), у якім знайшлося месца і для біяграфічных успамінаў аўтара, і для ягоных ранейшых твораў у розных жанрах (у тым ліку, апавяданняў і вершаў), і для хронікі інтэлектуальнага і мастацкага жыцця Беларусі на працягу чатырох дзесяцігоддзяў, і для партрэтаў знакавых постацяў беларускай культуры і навукі, для рэцэнзій Акудовіча на тэксты сяброў-паплечнікаў і для рэцэнзій сяброў-паплечнікаў на тэксты самога Акудовіча, для літаратурных маніфестаў „слупоў Бум-Бам-Літу” і для сачыненняў навучэнак Беларускага Калегіума (асабліва рэкамендую сачыненне Юлі Цімафеевай „Як я не пайшла ў Тыбет” і верш Марыйкі Мартысевіч „Ноч над Бяздонкай”)…

Калі для самога Акудовіча кніга „Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Хронікі беларускага інтэлектуала” – гэта, несумненна, падсумаванне пражытага і зробленага, то для неабазнанага чытача яна можа служыць уводзінамі ў Акудовіча, альбо ўвогуле ўводзінамі ў незалежную культуру і інтэлектуальнае мысленне Беларусі, дзе як у цудадзейнай пігулцы сабраныя найважнейшыя думкі і ідэі аўтара ў храналагічнай паслядоўнасці і эвалюцыйным развіцці ды яшчэ разам з аўтарскімі каментарамі-падказкамі і тлумачэннямі (напрыклад, забаўнае і запамінальнае тлумачэнне сутнасці постмадэрністычнага метаду). У гэтым сэнсе, новую кнігу Акудовіча можна ўспрымаць як белетрызаваную і істотна дапоўненую версію ягонай колішняй працы „Уводзіны ў новую літаратурную сітуацыю” (апублікавана ў 2004 г. у кнізе  „Разбурыць Парыж”), дапоўненую хрэстаматыйнымі цяпер ужо тэкстамі-прыкладамі, жыццёвым досведам аўтара і асэнсаваннем культурных падзеяў і працэсаў з дыяхранічнай перспектывы.

Калі задаць простае пытанне, пра што новая кніга Акудовіча, можна смела адказаць, што яна ў першую чаргу – пра самога Акудовіча (напэўна, аўтар, катэгарычна запярэчыць) і тым уласна цікавая. Прынамсі для мяне. Бо прасачыць і асэнсаваць жыццёвы і творчы шлях выбітнага беларускага мысляра, філосафа, пісьменніка – не абы якая інтэлектуальная прыгода. Тым больш, што аўтар піша пра сябе шчыра, з годнасцю і самаіроніяй адначасова, не намагаецца прыўкрасіць сваю біяграфію і схаваць непрывабныя факты („Я краў тры разы”). Ведаючы Акудовіча з сярэдзіны 80-х гадоў як таленавітага літаратурнага крытыка і сябра Леаніда Дранько-Майсюка, я нічога не ведаў пра ягонае дзяцінства, юнацтва, вучобу ў Літаратурным інстытуце. Таму ўразіў мяне (і, думаю, уразіць іншых чытачоў) наступны фрагмент з кнігі:

„Я паступаў вучыцца ў самыя розныя інстытуцыі 11 разоў. Першым быў Серпухаўскі тэхнікум электрасувязі, куды падлеткам паехаў з дзядзькам аж пад Маскву пасля восьмага класа. Потым чатыры разы паступаў у Мінскі палітэхнічны інстытут (на дзённае і завочнае аддзяленні). Затым – два разы ў Тэхналагічны інстытут. Яшчэ два разы – у БДУ (між іншым, на “філасофію” таксама). Перадапошні раз, відаць, можна было б абмінуць увагай, бо ў Інстытут сельскай механізацыі (ці як ён там называўся?) я падаў дакументы адно таму, што без такога падману мяне з працы не адпускалі ў горы… Карацей, куды б 10 разоў ні прасіўся вучыцца, мяне ўсюды не пускалі”.

Нечаканыя намаганні для будучага беларускага інтэлектуаліста! Не дзіўна, што лёс (аўтар называе яго Конам) не хацеў, каб Акудовіч стаў электрасувязістам, інжынерам, сельскім механізатарам ці нават шэраговым выкладчыкам філасофіі, але затое дазволіў хлопцу з правінцыйнага беларускага мястэчка паспяхова здаць экзамены ў маскоўскі Літаратурны Інстытут, дзе было 100 чалавек на месца. А пазней лёс (лёс, Кон ці сам Акудовіч) не захацеў, каб выпускнік Літінстытута застаўся працаваць у прэстыжным маскоўскім часопісе „Знамя” і вярнуў яго ў Беларусь, у Мінск, дзе ён цэлае дзесяцігоддзе не мог знайсці літаратурнай працы, годнай ягонаму таленту, уладкаваўшыся інструктарам  па турызме ў Доме піянераў. І хаця ў мінскім літаратурным асяроддзі 80-х гадоў многія ведалі Акудовіча як адметнага і ўдумлівага літаратурнага крытыка (публікацыі ў „Немане” і „Літаратуры і Мастацтве”), ягоны бліскучы шлях у літаратару і філасофію сапраўды пачаўся, як ён сам піша ў кнізе, у 1991 годзе з працы ў газеце „Культура”, дзякуючы сяброўскай пратэкцыі Леаніда Дранько-Майсюка і з лёгкай рукі галоўнага рэдактара газеты Вольгі Іпатавай, якая даверыла Акудовічу весці філасофска-культуралагічныя рубрыкі „Эліта”, „Суплёт ідэй”, а потым „блаславіла” і літаратурна-філасофскі сшытак „ЗНО”, які Акудовіч прыдумаў і рэдагаваў разам з Алесем Разанавым і Ігарам Бабковым, і праз які прайшлі дзесяткі маладых аўтараў: літаратараў, перакладчыкаў, навукоўцаў. 

„На той час мне было ўжо трохі за сорак (а першую сваю кнігу Акудовіч апублікуе ва ўзросце 48 гадоў – С.К.). Як толькі што казаў, апошнія некалькі год факт маёй адсутнасці там, дзе я ўжо даўно мусіў быць, пачынаў пакрысе трывожыць. І тады я суцяшаў сябе самаробным афарызмам: маўляў, глыбокая рэчка цячэ паволі. А трохі пазней зразумеў: не мае значэння, рана ці позна ты прыходзіш, істотна іншае – аб’явіцца ў свой час, не з пустымі рукамі і там, дзе цябе чакаюць”.

Як пазней жартавала Вольга Іпатава, на працу ў „Культуру” яны ўзялі інструктара па турызме, а звальняўся ён вядомым культуролагам, філосафам, знакавай постаццю незалежнай культуры Беларусі. Няма сэнсу пераказваць далейшыя этапы творчага шляху Акудовіча, які падрабязна адлюстраваны ў кнізе і які быў не толькі ягоным асабістым шляхам, але і рэвалюцыйным працэсам станаўлення новай літаратуры і навага мыслення ў Беларусі: газета „Наша Ніва”, часопіс „Фрагменты”, часопіс „Крыніца”, Беларускі Калегіум і інш.

„Дарэчы, незалежная культура Беларусі – унікальны феномен. Насуперак уладам у яе прасторы былі створаныя шматлікія адукацыйныя, навуковыя, аналітычныя ды іншыя інстытуцыі, якія плённа працуюць ужо шмат год. Сюды ж далучым шэраг газет, часопісаў, альманахаў, выдавецтваў, асветніцкіх, літаратурных, інтэлектуальных ды іншых суполак, адно пералік якіх зойме невядома колькі месца. Тут упершыню паўстала і досыць ярка сябе праявіла беларускае нацыянальнае мысленне ўжо менавіта як мысленне”.

Узнаўляючы бурлівае літаратурнае і інтэлектуальнае жыццё Беларусі другой паловы 80-х гадоў ХХ – першых дзесяцігоддзяў ХХІ ст., якое ён параўноўвае з рамантычнай эпохай буры і націску”, Акудовіч малюе ў кнізе партрэты многіх сяброў і паплечнікаў: пісьменнікаў, навукоўцаў, мастакоў, выдаўцоў і рэдактараў незалежных газет і часопісаў, якіх ён (што праўда, не заўсёды ўцямна) падзяляе на дзве катэгорыі: дойлідаў і эгацэнтрыкаў. Таму на пытанне, пра што кніга  „Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым…” можна адказаць і наступным чынампра Валянціна Акудовіча, пра фенаменальны для аўтара і для ўсёй Беларусі час і пра герояў гэтага часу, архітэктараў і будаўнікоў новай інтэлектуальна-мастацкай прасторы: Алеся Разанава, Уладзіміра Някляева, Уладзіміра Арлова, Ігара Бабкова, Сяргея Дубаўца, Алеся Анціпенку, Барыса Пятровіча, Ігара Логвінава, Алеся Аркуша, Адама Глобуса, Міхала Анемпадыстава, Валерку Булгакава, Андрэя Хадановіча, Альгерда Бахарэвіча, Артура Клінава, Міхася Баярына і многіх іншых.

З героя кнігі Акудовіч  ахвотна ператвараецца ў сведку, які апісвае сваіх сяброў і калегаў з любоўю, разуменнем, удзячнасцю, але і з гумарам – таксама як і самога сябе. Гэтыя рухомыя партрэты – часам разгорнутыя на некалькі старонак, часам лаканічныя ў некалькіх абзацах – несумненная каштоўнасць кнігі. Калі кагосьці з чытачоў асобы Алеся Разанава, Уладзіміра Някляева, Алеся Асташонка, цікавяць больш, чым асоба самога Акудовіча, – калі ласка, аўтар ахвотна ператвараецца ў сведку, выводзіць свайго героя на авансцэну і ўмее ахарактарызаваць яго каларытна і запамінальна:

„Паверце мне, у Разанава геніяльнае вуха. Разанаў чуе слова ў яго яшчэ вільготнай, трапяткой прааснове: можа быць, у вушных ракавінах Разанава (як у марскіх – мора) увесь час шуміць, пераліваючыся, магма тых першагукаў, з якіх потым і ўзнікаюць словы <…> Вялікі паэт бясспрэчным аўтарытэтам ідэальнага класіка надаваў нашай досыць авантурнай ідэі магчымасць сапраўднасці. Хаця што да менеджарскіх здольнасцяў, то Алесь Разанаў, пэўна, і сам не ведаў: ёсць яны ў яго ці няма? У нябёсах такім рэчам не вучаць, а ён адтуль не вылазіў”.

„У нейкім годзе напярэдадні Калядаў мы бадзяліся з Някляевым па зіхоткіх вулках начнога Уроцлава. Потым ён сказаў: – Гэта вам даволі сабрацца ў тры-пяць чалавек і чытаць адзін аднаму свае тэксты. А мне патрэбныя зала, стадыён, плошча… Авантурна заўважу: цалкам верагодна, і ў палітыку Някляеў уплішчыўся перадусім таму, што імкнуўся “з усім народам гутарку весці”. Тым болей, што літаратура ўжо на вачах губляла сваю ўніверсалісцкую функцыю быць свецкім Саборам для ўсяго соцыуму…”

„У гэтым сэнсе ён (Алесь Асташонак – С.К.) абсалютна супрацьлеглы Анатолю Сысу. Пры тыпалагічным падабенстве бязладных жыццяў і неўпарадкаваных смерцяў, Анатоль Сыс пры жыцці вычарпаў свой творчы патэнцыял даастачы – і сышоў у невараць пусты, як цень. Цалкам інакш у Алеся Асташонка. Ён – суплёт бліскучых пачаткаў (у прозе, драматургіі, эсэістыцы, перакладзе), якія нідзе не спраўдзіліся напоўніцу”.

Калі пасля публікацыі кнігі Адама Глобуса Сучаснікі” сябры і знаёмыя аўтара бралі ў рукі кнігу з надзеяй, што пра іх у кнізе нічога не напісана, то пасля публікацыі кнігі Акудовіча „Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым…” многія знаёмыя, відаць, гартаюць кнігу з надзеяй:  ці напісаў аўтар нешта пра іх? Напэўна, Акудовіч баяўся кагосьці пакрыўдзіць, бо напрыканцы кніга ператвараецца ў галерэю вядомых постацяў і іхніх заслугаў перад беларускай культурай, што можна лічыць адзінай заганай гэтай унікальнай кнігі. Унікальнай, бо сур’ёзныя культуралагічныя разважанні пра метафізіку адсутнасці, прыроду постмадэрнізму, інтэлектуальную і эстэтычную абмежаванасць нацыяналізму перамяжоўваюцца ў ёй з дынамічным апісаннем падзеяў з жыцця аўтара і краіны, з імкненнем зразумець, а часам і апраўдаць людзей побач – беларускіх Сізіфаў, праца якіх не застанецца марнай.

Ад празмернага пафасу кнігу на сур’ёзную тэму (хроніка беларускага інтэлектуальнага жыцця на працягу чатырох дзесяцігоддзяў) ратуе іронія і гумар, уласцівыя Акудовічу і ў творчасці, і ў жыцці. З новай кнігі Акудовіча можна выбраць добрую жменю сакавітых літаратурных показак (напрыклад, пра тое, як знаныя беларускія філосафы выдавалі сябе за новасібірскіх клоунаў; пра тое, як беларускі паэт чытаў Гегеля; пра тое, як арганізатар “Філасофскіх вандровак” адчуў сябе барадатым і лысым Дыянісіям у атачэнні гурма німфаў і інш.). 

Для прыкладу працытую гісторыю пра тое, як, паводле сведчання Акудовіча, узнікла назва часопіса навучэнак Беларускага Калегіума „Паміж”:

„Я тады працаваў у склепе турысцкага рыштунку кашталянам (як назваў маю „каморніцкую” пасаду Алесь Разанаў). Канец траўня, спякота на вуліцы, а ў мяне прахалода. Без спеху цырую чарговы намёт. З вясёлым смехам пад скляпенні спускаецца ладная гурма дзяўчат. З усіх тых кароценькіх спаднічак і сукенак, што на іх апранутыя, у XVII ст. якой-небудзь фрэйлен матэрыі не хапіла б нават на сподняе. – Паміж, – кажуць. Я сарамліва апускаю вочы долу і вінавата пытаюся: – А вы падумалі, што хлопцы будуць думаць? Яны рагочуць:  – Дык гэта ж цудоўна! Дадатковая рэклама”.

Напэўна, розных цікавых гісторый і здарэнняў у жыцці аўтара было значна больш, толькі частка з іх захавалася ў памяці і патрапіла ў кнігу. У прадмове Акудовіч папярэджвае чытача, што ён – чалавек без памяці („Не, сёе-тое з прамінулага памятаю, аднак не вельмі каб шмат, бо ўсё, што са мною адбылося, як бы адсланяецца ад мяне, робіцца не маім амаль адразу, на другі трэці дзень звальваецца ў нейкую глыбокую студню, дзе і ляжыць на дне покатам…”), а да таго ж ён не вёў дзённікаў, на якія мог бы абаперціся. 

Напэўна, некаторыя старонкі хронікі хацелася б паправіць героям гэтай кнігі і проста чытачам, добра знаёмым з аўтарам. Мне, напрыклад, карціць запярэчыць сцвярджэнню Акудовіча, што ён ніколі не быў на пасяджэннях „Тутэйшых”, пра якіх адзываецца з вялікай павагай, адлічваючы ад іх дзейнасці пачатак новай незалежнай культуры Беларусі („Я да таго міфа не меў ніякага дачынення, паколькі, як і раней, заставаўся сам-насам у вартаўніцкіх катухах ці турысцкіх скляпеннях. Хаця з цікавасцю чытаў усё, што ўжо трохі дэмакратызаваная прэса пісала пра гэтых хлопцаў і дзяўчат. Між іншым, душою я таксама быў з імі і адразу б далучыўся дзейна, толькі ніхто не клікаў, а самому было сорамна напрошвацца”). 

Дакладна памятаю, як у 1987 г. я аднойчы запрасіў Акудовіча на сустрэчу суполкі ў Доме Літаратара. Валянцін моўчкі прасядзеў дзве гадзіны, са здзіўленнем назіраючы  за нашымі бурлівымі спрэчкамі-сваркамі, у якіх рэй вялі Анатоль Сыс і Адам Глобус, і падзякаваўшы, пайшоў сабе дадому.

— А гэта што за дзядзька? Ці не кэдэбіст? — падазрона спытаўся Сыс.
— Гэта не кэдэбіст, а літаратурны крытык Валянцін Акудовіч! — абурана адказаў я.

Больш на нашыя сустрэчы Акудовіч не завітваў (праўда, прыйшоў на Дзяды-1988, пра што падрабязна напісаў у кнізе), і я падумаў, што яму з намі, крыклівымі юнакамі, проста не цікава. Ён быў на 10-15 гадоў старэйшы за нас,  супрацоўнічаў, а, можа, нават сябраваў з Міхасём Стральцовым, пісаў пра Янку Брыля, Алеся Адамовіча…

Цяпер ведаю, што я памыляўся. Акудовіч не далучыўся да „Тутэйшых” не таму, што быў старэйшы за нас, а мы былі занадта крыклівыя і амбітныя. Хутчэй, наадварот. Проста не прыйшоў яшчэ ягоны час, не такі быў ягоны Кон. Акудовіч чакаў, калі з’явіцца „Бум-Бам-Літ”…

Сяргей Кавалёў