• Навiны
  • Культурныя правы
  • (БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – верасень 2024 года

(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – верасень 2024 года

Апошняе абнаўленне: 6 лістапада 2024
(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – верасень 2024 года

Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа ў перыяд са студзеня да верасня 2024 года з адкрытых крыніц (89% фактаў), а таксама шляхам асабістых кантактаў і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры на ўмовах канфідэнцыйнасці (11%). На жаль, інфармацыя пра парушэнні ўсё больш знікае з публічнага поля. Калі вы хочаце і можаце паведаміць пра парушэнні (у тым ліку канфідэнцыйна) або выправіць недакладнасці, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma. Чым дакладней мы зможам зафіксаваць і прааналізаваць сітуацыю з правамі чалавека ў сферы культуры, тым больш эфектыўна будзем планаваць працу падтрымкі дзеячаў культуры і культурных праектаў. Больш пра маніторынг гл. тут.

NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з дзейнымі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўнымі прадпісаннямі, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні.

Асноўныя вынікі маніторынгу
Дзеячы культуры ў зняволенні: рэжым інкамунікада і пагаршэнне здароўя
Адвольныя затрыманні і арышты, адміністрацыйны і крымінальны пераслед
Гендарны аспект парушэнняў
Парушэнні культурных правоў
•  цэнзура
•  культурная спадчына і культура памяці
Высновы

АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ

   За перыяд студзень – верасень 2024 года зафіксавана 960 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.

Пазбаўленне права на справядлівы суд і доступ да правасуддзя – асноўны від парушэнняў у цэлым паводле маніторынгу. Крымінальны пераслед і адвольнае затрыманне (або арышт) – на другой і трэцяй пазіцыях сярод парушэнняў у дачыненні да дзеячаў культуры.

   Станам на канец верасня 2024 года ў Беларусі 1317 палітычных зняволеных [1], сярод якіх не менш за 101 чалавека – дзеячы культуры. Усяго не менш за 164 дзеячы культуры пазбаўлены волі або адбываюць пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі», у тым ліку 37 Людзей Слова.

На працягу дзевяці месяцаў 2024 года палітзняволеным быў прызнаны як мінімум 41 дзеяч культуры (6 чалавек – пастфактум [2]). Не менш за 34 чалавекі выйшлі ў гэты перыяд на волю: 26 дзеячаў культуры – цалкам адбыўшы пакаранне (тэрміны ад 1 да 4 гадоў), 7 – на падставе памілавання [3], адзін чалавек (грамадзянка Украіны) – у парадку абмену як палонная [4]. Пасля вызвалення ў дачыненні да шэрагу дзеячаў культуры прызначаецца прэвентыўны нагляд – «назіранне за іх паводзінамі» з боку супрацоўнікаў сілавых структур, што фактычна не дазваляе людзям, якія выйшлі на волю пасля адбыцця пакарання, у поўнай меры і без абмежаванняў вярнуцца да нармальнага жыцця.

   Больш за паўтара года ў рэжыме інкамунікада знаходзяцца за кратамі палітзняволеныя – дзеячы культуры Марыя Калеснікава, Максім Знак, Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі.

   Адвольныя затрыманні і арышты закранулі мінімум 91 дзеяча культуры.

   Заведзены крымінальныя справы ў дачыненні да не менш як 97 дзеячаў культуры (у тым ліку ў дачыненні да 43 палітычных эмігрантаў). У дачыненні да як мінімум кожнага шостага дзеяча культуры гэта ўжо не першы палітычна матываваны крымінальны пераслед пасля падзей 2020 года.

   Вынесена не менш за 73 крымінальныя прысуды ў дачыненні да 72 дзеячаў культуры (12 – завочнымі судамі).

Датычна вочных судоў: часцей за ўсё палітычна матываваныя прысуды ў дачыненні да дзеячаў культуры суды былі вынесены за ўдзел у мірных акцыях пратэстаў 2020 года (кожная другая справа) і за нібыта ўдзел ці садзейнічанне «экстрэмісцкай дзейнасці» (кожная трэцяя).

Датычна другой катэгорыі спраў: як садзейнічанне экстрэмізму пачала разглядацца і прызнавацца падтрымка палітзняволеных – судовая сістэма Беларусі стала прызначаць турэмныя тэрміны за грашовыя пераводы і перадачы палітзняволеным. Працягваецца крымінальны пераслед за ахвяраванні ў фонды салідарнасці і парамілітарныя арганізацыі, за супрацоўніцтва (у прыватнасці, інтэрв’ю) з незалежнымі СМІ. У сувязі з закрытым характарам судовых працэсаў для значнай колькасці прысудаў за садзейнічанне або ўдзел у нібыта «экстрэмісцкай дзейнасці» сутнасць абвінавачанняў не вядомая.

Адносна завочных прысудаў: часцей за іншыя ў абвінавачаннях дзеячам культуры – палітычным эмігрантам фігуравалі артыкулы, звязаныя з «экстрэмісцкай дзейнасцю», на другім месцы – дыфамацыйныя артыкулы (знявага прадстаўнікоў улады) і за распальванне варожасці.

Таксама важна адзначыць першы вядомы выпадак вынясення прысуду (завочнага), у якім сярод абвінавачанняў фігураваў артыкул за незаконную дзейнасць грамадскага аб’яднання – 193-1, які вярнулі ў Крымінальны кодэкс у студзені 2022 года, праз паўгода пасля пачатку кампаніі прымусовай ліквідацыі арганізацый некамерцыйнага сектара.

   Адна з тэндэнцый гэтага года – узмацненне жорсткасці меры адбыцця пакарання: замена абмежавання волі («хатняй хіміі») на пазбаўленне волі ва ўмовах калоніі. Расце колькасць судоў паводле такіх спраў, у тым ліку ў дачыненні да тых, хто пакінуў краіну пасля прысуду. Так, 11 верасня адбылося судовае пасяджэнне, прысвечанае замене віду пакарання ў дачыненні да спявачкі Мэрыем Герасіменкі.

   Не менш за 43 дзеячы культуры ўнесены ў аналізаваны перыяд у «Пералік грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», у тым ліку ў яго пачалі дадаваць завочна асуджаных. Тры дзеячы культуры папоўнілі «Пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» (музыка Уладзіслаў Наважылаў; літаратар, паэт і грамадскі дзеяч Алег Кацапаў; блогер, актывіст і аўтар тэкстаў песень Андрэй Павук) – усяго на цяперашні момант у гэтым спісе ўжо тры дзясяткі імён дзеячаў культуры.

   Не менш чым 61 дзеяч культуры зазнаў адміністрацыйны пераслед.

У цэлым, калі параўнаць статыстыку парушэнняў, зафіксаваных са студзеня да верасня 2024 года, з аналагічным перыядам мінулага года, можна канстатаваць, што крымінальны пераслед дзеячаў культуры ўнутры Беларусі застаецца як мінімум на ранейшым узроўні, пры гэтым расце колькасць спраў на падставе спецвядзення і завочных прысудаў. Зафіксавана значна менш фактаў адвольных затрыманняў і адміністрацыйнага пераследу, аднак час пакажа, сапраўды іх зрабілася менш – або менш паступае інфармацыі.

   Сабраны факты палітычна матываваных звальненняў са сферы ў дачыненні да 35 дзеячаў культуры: пасля праверкі ў праваахоўных органах на прадмет «нядобранадзейнасці», пасля палітычнага адміністрацыйнага пераследу, за «невыкананне планаў», пасля даносаў, трапляння ў «спісы» і чарговых хваль «чыстак», пасля «інцыдэнту» – «няправільнай» песні на канцэрце.

Так, на працягу дзевяці месяцаў гэтага года звольнены як мінімум чатыры тэатральныя дырэктары: Таццяна Чаеўская, якая кіравала Мінскім абласным тэатрам лялек «Батлейка», Сяргей Пукіта з Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Дзмітрый Гарэлік з Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек, Святлана Карукіна з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

   Зафіксаваны 67 фактаў культурнай цэнзуры ў дачыненні да асобных дзеячаў культуры, груп або мерапрыемстваў.

У адных выпадках працы або аўтары першапачаткова не былі дапушчаны да паказу або ўдзелу ў канцэртах, выставах, канферэнцыях; у другіх – уносіліся карэкціроўкі згодна з патрабаваннямі дзяржаўных ідэолагаў; у трэціх – адмяняліся ўжо зацверджаныя мерапрыемствы (зафіксаваны ў Мінску, Гродне, Полацку, Гомелі, Віцебску, Брэсце і іншых гарадах), пераважна ў выніку даносаў прадзяржаўных актывістак.

   Працягваюцца выпадкі пераследу за камунікацыю на беларускай мове, а абразлівыя выказванні з боку праўладных прапагандыстаў у дачыненні да нацыянальнай мовы застаюцца беспакаранымі. Расце колькасць беларускіх кніг, асабліва на гістарычную тэматыку, фармальна забароненых да набыцця і чытання, мае месца і іх фізічнае знішчэнне.

   Зафіксаваны 41 факт парушэнняў, звязаных з неналежным абыходжаннем з аб’ектамі гістарычна-культурнай спадчыны, культурай памяці.

У аварыйным стане скульптурная кампазіцыя на магіле мастачкі Алены Кіш – адной з самых яркіх прадстаўніц беларускага прымітыўнага мастацтва, чые працы захоўваюцца ў Музеі беларускай маляванкі ў Заслаўі.

Працягваюцца акты вандалізму ў месцах пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій – мемарыяльным комплексе «Курапаты», унесеным у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусі, і мемарыяле каля вёскі Хайсы (так званыя «віцебскія Курапаты»): невядомыя ломяць крыжы і здзяйсняюць іншыя акты вандалізму.

   Зафіксаваны акты нападу на беларускія культурныя пляцоўкі ў Вільні: у краме беларускіх сувеніраў «Кропка» пашкоджаны шыбы і пакінуты абразлівы надпіс на фасадзе будынка, у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні разбіты шыбы. На цяперашні момант заказчыкі і выканаўцы не вызначаны, аднак стае падстаў, каб расцэньваць гэтыя здарэнні не як выпадковыя з’явы.

   Прымусова ліквідавана яшчэ 31 некамерцыйная арганізацыя сферы культуры. Мінімум 5 з іх – грамадскія аб’яднанні, якія займаліся ў Беларусі падтрымкай і папулярызацыяй культур нацыянальных меншасцяў: грузінскай, туркменскай, татарскай, яўрэйскай.

   «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны не менш за 210 крыніц з матэрыяламі на тэму культуры або сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры.

Сярод унесеных у спіс у трэцім квартале гэтага года – YouTube-канал (а таксама старонкі ў Facebook і «УКантакце») праекта былога супрацоўніка Нацыянальнага мастацкага музея Мікіты Моніча «Каля культуры» – «беларускі канал пра тое, як атрымліваць асалоду ад культурных прадуктаў. Пра тое, як і навошта хадзіць у музеі і тэатры»; YouTube-канал былой салісткі Вялікага тэатра Беларусі Маргарыты Ляўчук «Margarita Levchuk. Soprano»; YouTube-канал панк-рок-гурта «Дай дарогу!»; Instagram-акаўнты дызайнера Уладзіміра Цэслера і мастака Антона Радзівонава; фільм «Беларускі пасляваенны антысавецкі супраціў 1944–1957 гг.»; старонка «Спеўны сход» «УКантакце»; кліп на верш Аляксандра Баля «На Радзіме маёй бяда»; супольнасць аматараў беларускамоўнай Вікіпедыі; сайты праекта «Reformation» (ёсць раздзел «Культурны фронт»); панк-арт-праект «Photonegativki» ў Telegram і Instagram; тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава і іншыя матэрыялы.

   Працягваецца ідэалагічная апрацоўка супрацоўнікаў устаноў культуры і адукацыі на прадмет іх лаяльнасці дзяржаўнаму курсу і «правільнага» патрыятызму. У трэцім квартале гэтага года прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва – менавіта столькі гадоў краінай нязменна кіруе адзін і той жа чалавек. Гэтая ўрачыстая ў вачах прапаганды дата – насамрэч сімвал аўтарытарнага застою, творчай несвабоды і задушэння іншадумства ў Беларусі.

ДЗЕЯЧЫ КУЛЬТУРЫ Ў ЗНЯВОЛЕННІ: РЭЖЫМ ІНКАМУНІКАДА І ПАГАРШЭННЕ ЗДАРОЎЯ

Станам на канец верасня 2024 года ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся не менш за 108 дзеячаў культуры. Парушэнні ўмоў утрымання ў закрытых установах зафіксаваны ў дачыненні да 31 чалавека. Факты, якія сталі вядомыя, – толькі малая частка тых парушэнняў, з якімі штодня сутыкаюцца ўсе дзеячы культуры ў зняволенні.

Палітзняволеныя музыка, менеджарка культуры і грамадская дзяячка Марыя Калеснікава, палітычны дзеяч і мецэнат Віктар Бабарыка, адвакат, літаратар і бард Максім Знак, палітычны дзеяч і менеджар культуры Сяргей Ціханоўскі ўжо больш за паўтара года знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада.

Усе яны зазналі татальную ізаляцыю – ім забаронена сувязь з сям’ёй, сябрамі, адвакатамі, а іншым зняволеным пад пагрозай пакарання забаронены любыя зносіны з імі.

Утрыманне ў турмах і калоніях істотна шкодзіць здароўю большасці людзей, у крайніх выпадках прыводзячы да шпіталізацыі і нават смерці [5]. Ад тых, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі, стала вядома, што Марыя Калеснікава фактычна галадае ў калоніі і важыць на сёння 45 кілаграм (пры росце 175 сантыметраў). У аналізаваны перыяд часу стала вядома пра праблемы з пагаршэннем здароўя ў літаратара і перакладчыка Аляксандра Фядуты, літаратара і праваабаронцы Алеся Бяляцкага, журналіста, паэта, музыкі Андрэя Пачобута, а таксама ў Віктара Бабарыкі. З падазрэннем на язву страўніка сёлета ў чэрвені трапіў у шпіталь літаратар і актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч. Сур’ёзныя праблемы са здароўем маюць краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар (які да таго ж мае інваліднасць другой групы) і публіцыстка і актывістка Алена Гнаўк (у студзені ёй меліся зрабіць аперацыю, і больш пра яе стан інфармацыі няма). Вядома, што мастак Генадзь Драздоў перанёс за час зняволення ўжо два інсульты.

Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, зняволеных працягваюць адпраўляць на цяжкую працу, рэгулярна змяшчаюць у штрафныя ізалятары, пераводзяць у памяшканні камернага тыпу. Са сведчанняў людзей, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, медыцынская дапамога аказваецца несвоечасова, або неналежным чынам, або не аказваецца зусім.

Жорсткае абыходжанне датычыць і сітуацый адміністрацыйных арыштаў. Нам вядома гісторыя музыкі, які сёлета ўвесну за стары фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам на заднім плане правёў да суда трое сутак у халоднай камеры, без падушкі і матраца ў начны час, у антысанітарных умовах. Выйшаў ён адтуль хворым, доўга лячыўся і дагэтуль вымушаны калоць абязбольванне, каб хадзіць, бо пасля зняволення ў яго адмовіла нага. Іншы прыклад – панк-музыка Віктар («Мао») Жаркевіч 22 верасня гэтага года памёр у сябе дома. Са слоў знаёмых – не вытрымала сэрца. Здароўе музыкі было моцна падарванае ў выніку жорсткага затрымання ў верасні 2022 года і 13 сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

У Дакладзе Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, апублікаваным у траўні 2024 года, адзначаны шматлікія факты асабліва жорсткага абыходжання са зняволенымі, пазбаўленымі волі паводле палітычных матываў.

АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ І АРЫШТЫ, АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ І КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД

У аналізаваны перыяд зафіксаваны адвольныя затрыманні або арышты 91 дзеяча культуры. На гэты момант няма інфармацыі пра тое, чым скончыліся як мінімум 20 затрыманняў (22 % выпадкаў).

Суды разгледзелі не менш за 70 адміністрацыйных спраў у дачыненні да 61 дзеяча культуры. Артыкулы, якія фігуравалі ў пастановах, вядомыя паводле 52 працэсаў: так, у 40 выпадках (77 % пратаколаў) пераслед адбываўся за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП), у 10 (19 %) – за нібыта «пікетаванне» бел-чырвона-белым сцягам і (або) гербам «Пагоня» ў сацыяльных сетках (арт. 24.23 КаАП), яшчэ ў двух выпадках (4 %) – паводле артыкула за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП). Пастановы судоў вядомыя паводле 50 адміністрацыйных спраў: так, у 31 выпадку (62 % пратаколаў) былі прызначаны ад 5 да 15 сутак, у 19 (38 %) – штрафы ад 400 да 5400 рублёў (120–1630 долараў).

Крымінальныя справы былі заведзены ў дачыненні да не менш чым 54 дзеячаў культуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, і 43 палітычных эмігрантаў, у дачыненні да 18 з апошніх пачата працэдура спецыяльнага вядзення. Усяго крымінальны пераслед у гэты перыяд закрануў не менш як 97 дзеячаў культуры. Як мінімум для кожнага шостага гэта ўжо не першы палітычна матываваны крымінальны пераслед пасля падзей 2020 года. Заведзены новыя справы на тых, хто адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, – на публіцыста і актывіста Змітра Дашкевіча, менеджара культуры і бізнесоўца Эдуарда Бабарыку, мастака і мультыплікатара Івана Вярбіцкага, аўтараў турэмнай літаратуры і актывістаў анархісцкага руху Аляксандра Францкевіча і Мікалая Дзядка; на раней рэпрэсаваных і вызваленых: паводле даручальніцтва – літаратара і менеджара культуры Сяргея Макарэвіча, пасля цалкам адбытага пакарання – настаўніцу беларускай мовы Эму Сцепулёнак; на палітычных эмігрантаў, раней асуджаных у крымінальным парадку, – архітэктара і актывіста Вадзіма Дзмітрэнку, музыку Уладзіслава Наважылава.

Прыцягнуты да крымінальнай адказнасці не менш за 60 дзеячаў культуры (61 крымінальны прысуд), якія знаходзяцца ў Беларусі, а таксама вынесены 12 завочных прысудаў у дачыненні да палітычных эмігрантаў з ліку дзеячаў культуры.

Гаворачы пра сітуацыю вочных судоў: па-ранейшаму самая частая прычына крымінальнага пераследу – удзел у мірных пратэстах 2020 года. Артыкул 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») фігураваў у абвінавачаннях як мінімум у кожнага другога дзеяча культуры, асуджанага ў аналізаваны перыяд.

Другая паводле частаты прымянення судовай сістэмай прычына – абвінавачанне ў нібыта ўдзеле ў экстрэмісцкай дзейнасці або садзейнічанні ёй: артыкулы 361-1, 361-2, 361-3, 361-4 Крымінальнага кодэкса. Адзін або некалькі артыкулаў фігуравалі ў абвінавачаннях кожнага трэцяга дзеяча культуры. Спецыфіка 2024 года – падтрымка палітзняволеных (адпраўка лістоў, пасылак, грашовых пераводаў) прызнана ў правапрымяняльнай практыцы садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці. Так, у трэцім квартале гэтага года за салідарнасць асуджаны: рамесніца Наталля Харытонава-Крыжэвіч (5 гадоў «хатняй хіміі»), былая бібліёграфка Нацыянальнай бібліятэкі Ксенія Суша (3 гады ва ўмовах калоніі), бібліёграфка Ірына Пагадаева (3 гады калоніі).

Працягваецца пераслед за ахвяраванні. Ілюстратарку Наталлю Левую, затрыманую падчас вяртання з Польшчы, асудзілі на 6 гадоў калоніі і аштрафавалі на 40 000 рублёў (~12 080 долараў) за данаты, зробленыя ў 2021–2022 гадах (у тым ліку вайсковаму фармаванню «Полк імя Кастуся Каліноўскага» [6]). Наколькі вядома, раней Наталля ўжо добраахвотна заплаціла дзяржаве за данаты, зробленыя ў 2020 годзе ў фонды салідарнасці з пацярпелымі ад гвалту і рэпрэсій, пра што мела пісьмовае пацвярджэнне ад КДБ.

Што тычыцца завочных прысудаў: часцей за іншых у абвінавачаннях дзеячам культуры – палітычным эмігрантам фігуравалі артыкулы, звязаныя з нібыта «экстрэмісцкай дзейнасцю», на другім месцы – за знявагу прадстаўнікоў улады (артыкулы 367-369 Крымінальнага кодэкса) і распальванне варожасці (артыкул 130).

Адзначым тут таксама факт першага вядомага выпадку вынясення прысуду (завочнага), у якім фігураваў артыкул за незаконную дзейнасць грамадскага аб’яднання, вернуты ў Крымінальны кодэкс у студзені 2022 года. Так, 2 жніўня ў парадку спецвядзення быў вынесены прысуд у дачыненні да аўтаркі кнігі і псіхолага Вольгі Вялічкі. Яна была прызнана вінаватай паводле сямі крымінальных артыкулаў, у тым ліку 193-1 («Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду ці ўдзел у іх дзейнасці»), і пакараная 9 гадамі зняволення і штрафам на суму 12 000 рублёў (~3 600 долараў). У Беларусі Вольга была кіраўніцай дабрачыннай арганізацыі «Гродзенскі дзіцячы хоспіс», прымусова ліквідаванай уладамі ў жніўні 2021 года.

ГЕНДАРНЫ АСПЕКТ ПАРУШЭННЯЎ

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», на канец верасня 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 169 палітзняволеных жанчын і 1148 мужчын. З іх 13 % жанчын і 7 % мужчын – дзеячы культуры: 22 і 79 чалавек адпаведна.

Усяго ў выніку палітычна матываванага пераследу ў калоніях, турмах, следчых ізалятарах, на «хіміі» і на прымусовым лячэнні знаходзяцца не менш за 22 дзяячкі культуры (20 % ад агульнай колькасці дзеячаў культуры ў зняволенні). На «хатняй хіміі» – не менш за 30 дзяячак культуры (54 % ад агульнай колькасці дзеячаў культуры на «хатняй хіміі»). Разам – у месцах пазбаўлення волі і на «хатняй хіміі» – знаходзяцца не менш за 52 дзяячкі культуры (32 % ад агульнай колькасці працаўнікоў сферы культуры, пазбаўленых волі або абмежаваных у ёй).

Сярод тых, хто знаходзіцца ў зняволенні або адбывае пакаранне ва ўмовах «хатняй хіміі», –  не менш за 11 літаратарак: мовазнаўца Анастасія Мацяш (асуджана на 2 гады калоніі), літаратарка, перакладчыца Дар’я Хмяльніцкая (5,5 года калоніі), краязнаўца, дакументалістка Ларыса Шчыракова (3,5 года калоніі), сацыёлаг, публіцыстка Таццяна Вадалажская (2,5 года «хіміі»), палітолаг, публіцыстка Валерыя Касцюгова (10 гадоў калоніі), літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) (8 гадоў і 3 месяцы калоніі); на «хатняй хіміі» тэрмінам на 2-3 гады знаходзяцца пісьменніца, паэтка, перакладчыца, доктарка Алена Церашкова, паэтка, культурная менеджарка Аксана Ючкавіч, філолаг Наталля Сівіцкая, філолаг і літаратарка Надзея Старавойтава, літаратарка і журналістка Яна Цэгла.

На працягу ліпеня – верасня 2024 года не менш за 115 чалавек, асуджаных па палітычных матывах, выйшлі з турмаў у парадку памілавання, у тым ліку шэсць дзеячаў культуры, пяць з якіх – жанчыны: рэжысёрка дакументальных фільмаў, журналістка Ксенія Луцкіна; танцорка і прадпрымальніца Вікторыя Гаўрыліна; супрацоўніца гістарычнага архіва Наталля Пятровіч; урбаністка і географка Ганна Скрыган; настаўніца рускай мовы і літаратуры Ала Зуева.

У цэлым кожны трэці факт рэпрэсій або цэнзуры, зафіксаваны ў маніторынгу за дзевяць месяцаў 2024 года, тычыцца дзяячак культуры: закрануты правы як мінімум 116 жанчын з гэтай сферы.

Пазбаўленне права на справядлівы суд і доступ да правасуддзя – асноўны від парушэнняў у дачыненні да працаўніц сферы культуры. На другім месцы – пераслед за іншадумства (тэг для сітуацый звальнення, ператрусаў, допытаў, кампенсацый за данаты і іншых формаў пераследу). Так, у аналізаваны перыяд зафіксавана 35 палітычна матываваных звальненняў са сферы культуры, у кожным другім выпадку – 17 чалавек – яно закранула супрацоўніц з розных сектараў культуры: музейнай справы, тэатра, музыкі, кіно, устаноў сістэмы адукацыі. Крымінальны пераслед – на трэцім месцы.

Адміністрацыйны пераслед зафіксаваны ў дачыненні да 20 дзяячак культуры. Мяркуючы з тых судовых пастаноў, што нам вядомыя, у двух з трох выпадкаў ім прызначаны штрафы.

На працягу дзевяці месяцаў гэтага года суды асудзілі не менш за 23 дзяячак культуры (38 % ад агульнай колькасці асуджаных працаўнікоў гэтай сферы). 10 былі асуджаны на калонію ад 1 да 6 гадоў адбыцця пакарання, 12 – на «хатнюю хімію» ад 2,5 да 5 гадоў, адна – на прымусовае лячэнне.

Асуджаныя ў гэты перыяд за дапамогу палітзняволеным, якія самі зрабіліся зняволенымі (і пра каго вядома), – усе жанчыны: гэта рамесніца Наталля Харытонава-Крыжэвіч, бібліёграфкі Ксенія Суша і Ірына Пагадаева.

Наталля і Ксенія былі затрыманы падчас студзеньскага рэйду сілавых структур на людзей, якія дапамагалі палітзняволеным і іх сем’ям прадуктовымі перадачамі ў рамках сацыяльнай ініцыятывы INeedHelpBY (23 студзеня была ўнесена КДБ у пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў»). У абвінавачаннях Ксеніі Сушы фігуравалі артыкулы 361 Крымінальнага кодэкса («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») і 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), на падставе якіх яна асуджана на 3 гады калоніі. Наталлю Харытонаву-Крыжэвіч абвінавацілі паводле дзвюх частак артыкула 361-4 і асудзілі на 5 гадоў «хатняй хіміі». Іншыя падрабязнасці гэтых дзвюх спраў праваабаронцам не вядомыя.

Таксама за дапамогу палітзняволеным у траўні была затрымана бібліёграфка Ірына Пагадаева. За 32 грашовыя пераводы ў СІЗА на агульную суму 188 рублёў (~ 57 долараў) суд асудзіў яе на 3 гады калоніі.

Умовы ўтрымання, створаныя пенітэнцыярнай сістэмай Беларусі ў дачыненні да жанчын, якія пераследуюцца паводле палітычных матываў, – асобная вялікая і важная тэма (што даследуецца на падставе сведчанняў людзей, якія выходзяць з месцаў пазбаўлення волі, і будзе вывучана яшчэ дакладней). У зняволенні кожная жанчына праходзіць мноства выпрабаванняў псіхалагічнага і фізічнага характару і на свабоду часцяком выходзіць з падарваным здароўем – абвастрэннем хранічных захворванняў, пагаршэннем стану валасоў, скуры, зубоў, аслабленым імунітэтам, а таксама праблемамі з рэпрадуктыўнай сістэмай. Праз стрэс, холад, недаяданне, перанос цяжараў, фізічнае знясіленне і іншыя жорсткія ўмовы ўтрымання ў зняволенні жанчыны часта сутыкаюцца з парушэннямі менструальнага цыклу. Адсутнасць гігіенічных сродкаў і медыцынскага догляду ў турме нярэдка прыводзяць да інфекцый і доўгатэрміновых праблем з рэпрадуктыўнай сістэмай, у тым ліку да бясплоддзя. Дзясяткі дзяячак культуры застаюцца ў зняволенні на месяцы і гады.

Вялікую трывогу выклікаюць стан здароўя і пагроза жыццю Марыі Калеснікавай, якая адбывае пакаранне ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі. Палітзняволеную пераследуюць і спрабуюць зламаць увесь той час, што яна знаходзіцца за кратамі, – з пачатку верасня 2020 года, г. зн. ужо 4 гады. Апошнія паўтара года з Марыяй цалкам адсутнічае сувязь, інфармацыя пра яе збіраецца па крупінках ад жанчын, якія выходзяць з гомельскай калоніі. На сённяшні дзень вядома, што Марыя Калеснікава, музыка, культурная менеджарка і адна з лідарак мірнага пратэсту 2020 года, мае вельмі сур’ёзныя праблемы са здароўем і важыць 45 кг пры росце 175 см.

ПАРУШЭННІ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ

ЦЭНЗУРА
  • Адмена мерапрыемстваў і адмова ў выступах

На працягу аналізаванага перыяду зафіксавана 67 фактаў цэнзуры ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурна-забаўляльных мерапрыемстваў: адмена або прыпыненне працы зацверджаных выстаў, спектакляў, кінапаказаў або канцэртаў індывідуальных выканаўцаў ці гуртоў; зняцце з экспазіцыі прац асобных аўтараў ці тэматычных блокаў; адмова ў атрыманні гастрольнага пасведчання; забарона на правядзенне фестывалю; нядопуск да ўдзелу ў канферэнцыі; выключэнне з праграмы кангрэса і іншыя.

Асноўная сярод прычын і падстаў для цэнзуры – пераслед за падзеі 2020 года і «чорныя спісы» дзеячаў культуры. У маніторынгу за аналізаваны перыяд зафіксаваны паўтара дзясятка імёнаў, каму адмовілі (часцей непублічна) менавіта з гэтай прычыны. Пры гэтым колькі дзеячаў культуры выкрэсліваюць штораз з ліку патэнцыйных аўтараў і ўдзельнікаў мерапрыемстваў КДБ і структуры Мінкульта падчас праверкі тых на «добранадзейнасць» – недаступная грамадскасці інфармацыя. На ўзроўні статыстыкі нам вядомы выпадак, калі на ўзгадненне быў адпраўлены пералік з каля дваццаці пяці імёнаў, у выніку да ўдзелу ў тэатральнай пастаноўцы дапусцілі менш за дзесяць чалавек.

Таксама пад цэнзураванне чыноўнікамі трапляюць наступныя тэмы: «прапаганда няправільных каштоўнасцяў» – у прыватнасці, ЛГБТ-тэматыкі, сексуальнасці, культуры Захаду; творы ўкраінскай і польскай культуры. Так, сярод нядаўна адмененых – касплэй-фестываль «Кампай» у Полацку: ён не адбыўся, бо на думку новага дырэктара Дома культуры, на пляцоўцы якога мусіў прайсці «дзіцячы ранішнік 12+», анімэ прапагандуе «няправільныя каштоўнасці». Праграму штогадовага міжнароднага фестывалю кароткаметражнага кіно «Manhattan Short» зрэзалі ў беларускім пракаце: з 26 верасня да 6 кастрычніка было паказана дзевяць з дзесяці фільмаў-удзельнікаў – цэнзура не прапусціла ўкраінскі фільм «Мама», які расказвае пра пачатак вайны ва Украіне.

Асобна можна вылучыць сітуацыі адмены ўжо зацверджаных мерапрыемстваў у выніку даносаў праўладных актывістак, найбольш вядомая з якіх – Вольга Бондарава з Гродна. Яе звароты ў Міністэрства культуры і іншыя выканаўчыя органы кіравання з патрабаваннямі нешта адмяніць або звярнуць увагу на таго ці іншага дзеяча культуры нярэдка звязаныя, сярод іншага, з вышэй пазначанымі тэмамі. Толькі ў трэцім квартале гэтага года Вольга Бондарава дамаглася адмены як мінімум выставы «LITARA Я» мастачкі Антаніны Фалей (у салоне-краме «Галерэя мастацтва»), 7-га этна-фестывалю «Карані» (16–18 жніўня), канцэртаў расійскіх гуртоў «Психея» (21 верасня ў мінскім клубе «Рэактар») і «Мельница» (7 снежня ў мінскім «Prime Hall»). Пасля допісу Бондаравай з сайта Цэнтральнай навуковай бібліятэкі была выдалена старонка, прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніцы-дысідэнткі Ларысы Геніюш, з якой актывістка вядзе «даўнюю барацьбу».

  • Тлумачальныя гутаркі

Адзін з інструментаў працы Міністэрства культуры – тлумачальныя гутаркі. Так, адзін са зваротаў Вольгі Бондаравай ва ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама ўтрымліваў патрабаванне зрабіць тэрміновыя захады для адмены мінскага канцэрта расійскіх выканаўцаў AVG і Jakone. Аднак 13 верасня мерапрыемства адбылося. Упраўленне культуры праверыла праграму артыстаў і не знайшло парушэнняў, але з выканаўцамі «была праведзена гутарка пра недапушчэнне выкарыстання ненарматыўнай лексікі падчас выканання песень і зносін з людзьмі са сцэны».

Вядома пра скаргу, якая паступіла ў Міністэрства культуры на экскурсавода па Брэсцкай крэпасці. Сярод прэтэнзій аднаго з экскурсантаў быў той факт, што гід «ні разу не прамовіў ні БССР, ні Беларусія – толькі Беларусь». Міністэрства культуры зрабіла справаздачу аб праведзенай з экскурсаводам тлумачальнай гутарцы і «пазапланавым кантрольным праслухоўванні яго экскурсійнага тэксту на метадычным пасяджэнні».

  • Абмежаванні на кнігі

У аналізаваны перыяд зафіксаваны новыя факты парушэнняў, звязаных з абмежаваннем доступу да кніг, сярод якіх асобна варта вылучыць беларускую гістарычную літаратуру – аж да выкарыстання сілы ў дачыненні да чытачоў і фізічнай расправы над кнігамі. Нам вядомыя непублічныя выпадкі збівання дзеячаў культуры за выяўленыя ў іх падчас ператрусу кнігі на беларускай мове, у прыватнасці, гістарычную літаратуру. З публічных крыніц вядомыя факты знішчэння «няправільнай літаратуры» – спальвання яе ў печах калоній.

У аналізаваны перыяд «экстрэмісцкімі» былі прызнаны тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава: «Адысея палешука», «Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919–1920 гадах» і «На “мяжы цывілізацый”. Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі». З 2022 года «экстрэмісцкімі» былі прызнаны ўжо некалькі дзясяткаў кніг на гістарычную тэматыку – працы Віктара Ляхара, Канстанціна Залескага, Анатоля Тараса, Святланы Казловай, Уладзіміра Арлова, Ота Скарцэні, Уладзіміра Бешанава, Вадзіма Дзеружынскага, Сяргея Захарэвіча, Леаніда Лыча, Віктара Суворава, Алега Усачова, Аляксандра Смаленчука, Сяргея Сюзева, Аляксандра Татарэнкі, Джона Толанда, Аляксандра Бушкова і іншых аўтараў.

Літаратура, якая зрабілася «экстрэмісцкай» цягам 3-х кварталаў 2024 года

Паводле сведчанняў тых, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі, вядома, што ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку (з матэрыялаў праваабарончага цэнтра «Вясна») з бібліятэкі прыбралі ўсе кнігі па-беларуску, зняволеным забаронены творы лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч, а таксама класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча (як і кнігі на іншых мовах – польскай, англійскай, літоўскай і інш.). У папраўчай калоніі № 15 у Магілёве (вядома з інтэрв’ю на «Радыё Свабода») увесну гэтага года з турэмнай бібліятэкі зніклі творы сучасных беларускіх аўтараў, а таксама кнігі па гісторыі, перадусім выдадзеныя ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Ёсць інфармацыя, што яны былі спалены ў качагарцы (як і кнігі Джорджа Оруэла).

КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА І КУЛЬТУРА ПАМЯЦІ

Зафіксаваны 41 факт парушэнняў, звязаных з захаваннем гістарычна-культурнай спадчыны (якая мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасці або без яго), культурай памяці.

Працягваецца знішчэнне мазаік і пано – узораў дэкаратыўнага мастацтва савецкага перыяду, якія з’яўляюцца часткай гарадской гісторыі. З кожным годам іх робіцца ўсё менш.

Застаюцца пытанні да рэстаўрацыі помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны, у прыватнасці, да афарбоўкі. Так, у жніўні Telegram-канал «Спадчына» пісаў пра працяг перафарбоўвання архітэктурнага ансамбля БНТУ на праспекце Незалежнасці ў Мінску ў адценне зялёнага, якога не магло быць на фасадах будынкаў у 1950-х гадах. У верасні аўтары канала звярнулі ўвагу на ярка-зялёны колер Траецкай царквы [7] ў Слоніме – такога колеру не магло быць у XVII стагоддзі ў сувязі з адсутнасцю ўстойлівых пігментаў.

Таксама хочам адзначыць сітуацыі, звязаныя з сядзібай Чачотаў-Бохвіцаў у вёсцы Падароск Гродзенскай вобласці і сядзібай Бішэўскіх у гарадскім пасёлку Лынтупы Віцебскай вобласці. Пасля таго, як у студзені 2024 года мясцовы аддзел культуры ў судовым парадку забраў у прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Маёнтак Падароск», якое з 2013 года займалася рэстаўрацыяй сядзібы Бохвіцаў, будынкі маёнтка, тыя безгаспадарна стаяць і паступова разбураюцца. У сядзібе роду Бішэўскіх рэстаўрацыйныя працы меліся скончыцца яшчэ гадоў 5 таму, але і будынак, і навакольны парк паступова руйнуюцца.

Лічым важным звярнуць увагу на разбурэнне магілы мастачкі-прымітывісткі Алены Кіш.  Усталяваная да 100-годдзя з дня яе нараджэння (1996 год) скульптурная кампазіцыя «Дзяўчына ў лодцы» знаходзіцца ў аварыйным стане і патрабуе аператыўнага ўмяшання. Незразумела, чаму ў дачыненні да месца пахавання мастачкі, чые маляваныя дываны прызнаны нацыянальным здабыткам і знаходзяцца ў адзіным у краіне Музеі беларускай маляванкі, не робяцца адпаведныя яе ўнёску ў культурную спадчыну Беларусі дзеянні.

ВЫСНОВЫ

У 2024 годзе ўлады працягваюць актыўна выкарыстоўваць рэпрэсіўныя захады супраць беларускіх дзеячаў культуры. Знаходзяцца ў зняволенні або ва ўмовах абмежавання волі не менш як 164 працаўнікі гэтай сферы. Сярод асноўных формаў пераследу – пазбаўленне права на справядлівы суд, адвольныя затрыманні і завядзенне крымінальных спраў. Выяўленне салідарнасці з палітзняволенымі стала падставай для вынясення суровых прысудаў, усё большае кола дзеячаў культуры трапляе на «хатнюю хімію», расце колькасць судоў з заменай абмежавання волі на яе пазбаўленне.

Ціск з боку дзяржавы на дзеячаў культуры працягваецца і ў пытаннях цэнзуры творчасці. Сегмент дзяржаўнай культуры прадугледжвае мерапрыемствы паводле загадзя зацверджанага сцэнарыя, на якіх не павінна адбыцца нічога несанкцыянаванага ўладай. Незалежная культура ўнутры краіны існуе пераважна ў закрытых прасторах і часцяком недаступная свайму ж гледачу. Такім чынам, першая сцірае са сваёй памяці і гісторыі імёны непажаданых і нелаяльных, не звяртаючы ўвагі на маштаб іх унёску ў культуру Беларусі, а другая нічога не расказвае пра іх, каб не сутыкнуцца з дадатковай рызыкай і застацца хаця б у цішыні.


[1] Працэдура прызнання палітзняволеным замацавана пэўным рамачным дакументам.
[2] Працэдура прызнання былымі палітзняволенымі тых людзей, чые імёны праваабаронцам сталі вядомыя толькі пасля іх вызвалення.
[3] Паводле ацэнкі праваабаронцаў, у ліпені – верасні 2024 года ў парадку памілавання вызвалены мінімум 115 палітзняволеных.
[4] 28 чэрвеня 2024 года пяцёра палітзняволеных – грамадзян Украіны былі вызвалены паводле абмену як палонныя, сярод іх – перакладчыца з кітайскай мовы Кацярына Бруханава.
[5] Даклад Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.
[6] Вайсковае фармаванне беларускіх добраахвотнікаў у складзе ўкраінскага войска, створанае ў сакавіку 2022 года дзеля абароны Украіны ад расійскай агрэсіі.
[7] На момант падрыхтоўкі матэрыялу стала вядома, што Міністэрства культуры звярнула ўвагу на гэтае парушэнне.