Сабралі творчыя магчымасці, якія дачакаліся вас напрыканцы лета. Выбірайце, што вам цікава, і падавайце заяўкі!
Ініцыятыва Марціна Рота: часовая рэлакацыя ў Германію
Гэтая фінансавая магчымасць ад ініцыятывы Марціна Рота дазваляе арганізацыям у Германіі часова размяшчаць дзяячак і дзеячаў культуры, якія знаходзяцца пад пагрозай, і даваць ім магчымасць працягваць сваю працу ў бяспечным асяроддзі. Заяўка падаецца супольна дзеячамі культуры і прыёмнымі арганізацыямі. Акрамя штомесячнай стыпендыі, фінансаванне ўключае рэсурсы для падтрымкі мастацкай/культурнай дзейнасці ды іншае.
Стыпендыі даюцца на тэрмін да 15 месяцаў.
Фінансаванне ўключае:
- штомесячную стыпендыю;
- індывідуальную падтрымку (напрыклад, неабходнае страхаванне, псіхасацыяльную падтрымку, моўныя курсы, трэнінгі, імпрэзы для наладжванні сувязяў і г. д.);
- пры неабходнасці даецца фінансавая падтрымка для дадатковага персаналу прыёмнай арганізацыі;
- кансультацыі з боку ініцыятывы Марціна Рота і дадатковае навучанне (напрыклад, у такіх тэмах, як бяспека, адчувальныя адносіны з грамадскасцю, псіхасацыяльная падтрымка), а таксама мерапрыемствы для наладжвання сувязяў і абмену вопытам з іншымі прыёмнымі арганізацыямі і стыпендыятамі;
- падтрымку ў візавым працэсе для стыпендыятаў (звярніце ўвагу, што стыпендыяльная віза не дае аўтаматычнага права на працаўладкаванне або самазанятасць у Германіі).
Вы можаце падавацца, калі вы:
- у сваёй мастацкую дзейнасці выступаеце за адкрытае грамадства, свабоду, мір і дэмакратыю, адмаўляеце любую форму дыскрымінацыі і праз сваю працу ці ў сувязі з іншымі абставінамі сутыкаецеся з абмежаваннямі свабоды або пагрозамі з боку дзяржаўных і/ці недзяржаўных суб’ектаў;
- працягваеце сваю дзейнасць у краінах паходжання, нядаўна пакінулі краіну паходжання (выезд адбыўся не пазней за 15.04.2024) або не знаходзіцеся ў бяспецы ў месцах свайго цяперашняга знаходжання;
- не маеце доступу да бяспечнага прытулку (напрыклад, праз падвойнае грамадзянства або сталае месца жыхарства на падставе нацыянальнай ці гуманітарнай візы);
- валодаеце неабходнымі моўнымі навыкамі для супрацы з прыёмнай установай;
- дэманструеце актыўнасць у мастацкай ці культурнай сферы, вашыя працы маюць даказаную мастацкую, культурную і/ці сацыяльную значнасць (мастакі-аматары ці асобы, якія займаюцца мастацкай дзейнасцю выключна для сябе, не маюць права на фінансаванне).
На жаль, ініцыятыва не можа забяспечыць падбор прыёмнай арганізацыі. Грамадзяне ЕС не маюць права на фінансаванне.
Дэдлайн: 9 верасня (але атрымаць доступ да формы заяўкі можна толькі да 6 верасня 17:00 цэнтральнаеўрапейскага часу, або да 18:00 беларускага).
Рэзідэнцыі «PerspAKTIV»
Праект «PerspAKTIV» рэалізуецца з мэтай падтрымаць дзяячак / дзеячаў культуры з Беларусі, паспрыяць прафесійнай рэалізацыі, абмену вопытам і стварэнню прафесійных сувязяў паміж дзеячамі / дзяячкамі культуры з Беларусі і міжнароднай мастацкай супольнасцю.
Запрашаюць падаваць заяўкі на рэзідэнцыі ад аднаго да трох месяцаў у Германіі і Польшчы ў першай палове 2025 года. Праграма пакрывае выдаткі на падарожжа, пражыванне і стыпендыю.
Да ўдзелу ў конкурсе будуць дапушчаны заяўкі, падмацаваныя якасна падрыхтаванымі:
- СV на англійскай мове;
- партфоліа на англійскай мове.
Валоданне на базавым узроўні англійскай мовай абавязковае, нямецкай ці польскай мовамі – пажаданае.
Дэдлайн: 19 жніўня.
Surel’s Place – месячныя рэзідэнцыі ў ЗША
Праграма адкрытая для прафесійных культурных працаўнікоў у галіне выяўленчага, літаратурнага і перфарматыўнага мастацтва: мастакоў, пісьменнікаў, музыкаў, архітэктараў, рэжысёраў, харэографаў і любога мастака, якому патрэбнае месца, каб сканцэнтравацца на сваёй працы.
Арганізатары прапануюць:
- бясплатнае пражыванне;
- аплату даезду (300 долараў);
- стыпендыю ў памеры 100 долараў на тыдзень;
- суправаджэнне і дапамогу ў рэалізацыі праекта.
Дэдлайны:
1 верасня: для рэзідэнцый, якія адбываюцца з студзеня па травень наступнага года, пачынаючы праз чатыры месяцы пасля дэдлайну.
1 сакавіка: для рэзідэнцый, якія адбываюцца з ліпеня па лістапад таго ж года, пачынаючы праз чатыры месяцы пасля дэдлайну.
Гранты для мігрантаў у Літве
Міжнародная арганізацыя міграцыі (IOM Lithuania) запрашае падаваць заяўкі на арганізацыю імпрэзаў у Міграцыйным інфармацыйным цэнтры – MiCenter.
Мэта выдачы невялікіх грантаў мігрантам, якія пражываюць у Літве, – заахвочваць іх ладзіць імпрэзы, майстар-класы і трэнінгі, скіраваныя на дэманстрацыю іх талентаў. Ініцыятыва мае на мэце спрыяць інтэграцыі, умацоўваць удзел у супольнасці і даваць магчымасці мігрантам рабіць пазітыўны ўнёсак у літоўскае грамадства.
Крытэрыі адбору атрымальнікаў:
- мігранты, якія атрымалі рэгістрацыйную карту або часовы дазвол на жыхарства ў Літве;
- мігранты, якія маюць / могуць мець пасведчанне самазанятасці або ўласную кампанію.
Дэталі гранта:
- гранты маюць памер да 500 еўра на аднаго атрымальніка (аплата працы арганізатара імпрэзы не можа перавышаць 300 еўра);
- MiCenter дасць памяшканне, гукавое і відэаабсталяванне (тэлевізар, калонкі) і прарэкламуе імпрэзу на старонцы ў Facebook;
- усе астатнія неабходныя сродкі або інструменты для імпрэзаў, а таксама іншыя выдаткі ляжаць на адказнасці атрымальніка гранта.