31 траўня 2024 года Вярхоўны суд Бялграда вынес рашэнне аб экстрадыцыі беларускага рэжысёра і сузаснавальніка “Свабоднага аб’яднання спартсменаў SOS BY” Андрэя Гнёта з Сербіі ў Беларусь, дзе яму сур’ёзна пагражаюць катаванні ды іншыя формы жорсткага абыходжання. FIDH, яе партнёрская арганізацыя з Беларусі “Вясна”, а таксама іншыя ніжэйпадпісаныя арганізацыі, выказваюць сваю глыбокую занепакоенасць у сувязі з гэтым рашэннем і настойліва заклікаюць сербскія ўлады спыніць экстрадыцыю Гнёта ў Беларусь у парушэнне абавязальніцтваў Сербіі ў галіне правоў чалавека.
Парыж, Вільня, 14 чэрвеня 2024 года.
31 траўня Вярхоўны суд Бялграда пастанавіў, што Андрэй Гнёт, беларускі кінарэжысёр, актывіст і сузаснавальнік “Свабоднага аб’яднання спартоўцаў SOS BY”, арганізацыі, заснаванай у 2020 годзе беларускімі спартоўцамі ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у краіне і прызнанай “экстрэмісцкім фармаваннем” беларускімі ўладамі ў 2022 годзе, можа быць экстрадаваны з Сербіі ў Беларусь.
Андрэй Гнёт быў арыштаваны па прыбыцці ў Бялград (Сербія) у кастрычніку 2023 года на падставе ордэра на арышт, выдадзенага Інтэрполам па запыце беларускіх уладаў, як мяркуецца, за ўхіленне ад выплатыпадаткаў (артыкул 243 (2) КК РБ). Гнёт ды яго адвакаты сцвярджаюць, што гэтыя абвінавачванні сфабрыкаваныя і палітычна матываваныя і былі высунутыя беларускімі ўладамі каб адпомсціць за яго актывісцкую дзейнасць. 21 лютага 2024 года Сакратарыят Камісіі па кантролі за файламі Інтэрпола ў якасці меры засцярогі апавясціў адвакатаў Гнёта аб тым, што доступ да дадзеных яго профілю быў часова заблакаваны.
Правёўшы каля сямі месяцаў у сербскім следчым ізалятары, 6 чэрвеня 2024 года Гнёт быў змешчаны пад хатні арышт. 31 мая 2024 года Высокі суд Бялграда вынес рашэнне на карысць яго экстрадыцыі ў Беларусь. У каманды абароны Гнёта ёсць тры дні, каб абскардзіць гэтае рашэнне.
Экстрадыцыя ў Беларусь уяўляе значную пагрозу для жыцця і здароўя Андрэя Гнёта. У дадатак да сур’ёзных і сістэматычных парушэнняў правоў на справядлівае судовае разбіральніцтва ў Беларусі, якія прыводзяць да палітычна матываваных судовых разглядаў, неадпаведных прысудаў і фактычнай адсутнасці доступу да незалежных адвакатаў, палітычныя зняволеныя сутыкаюцца з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем у беларускіх следчых ізалятарах, што сумна вядомыя сваімі жорсткімі ўмовамі ўтрымання. Як задакументавана шматлікімі праваабарончымі арганізацыямі, а таксама даследаваннямі УВКПЧ па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і Спецыяльнай дакладчыцай ААН па Беларусі, супраць затрыманых, зняволеных па палітычна матываваных абвінавачваннях, ужываецца сістэматычны пераслед і жорсткае абыходжанне, уключна з неабгрунтаваным, доўгім і неаднаразовым змяшчэннем у штрафныя ізалятары (ШІЗА), дзе ім пагражае ізаляцыя і ўтрыманне без сувязі са знешнім светам. Ім рэгулярна адмаўляюць у доступе да медычнай дапамогі, адвакатаў і спатканняў са сваякамі. У папраўчых калоніях зняволеныя таксама мусяць выконваць прымусовую працу.
У Беларусі Андрэю Гнёту можа пагражаць да сямі гадоў турэмнага зняволення за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Акрамя таго, беларускія ўлады патэнцыйна могуць абвінаваціць Гнёта ў стварэнні “экстрэмісцкага фармавання” або ўдзеле ў ім, што ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Беларусі караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да дзесяці гадоў.
Як дзяржава-удзельніца Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека (ЕКПЧ), Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) і Канвенцыі ААН супраць катаванняў (КСК ААН), Сербія абавязаная прытрымлівацца прынцыпаў, якія забараняюць выдачу асобных асобаў у краіны, дзе супраць іх ужываюцца катаванні або жорсткае, бесчалавечнае або прыніжальнае годнасць абыходжанне або пакаранне. У прыватнасці, згодна з артыкулам 3 ЕКПЧ, дзяржавы не могуць экстрадаваць чалавека ў краіну, калі “маюцца сур’ёзныя падставы меркаваць, што гэтая асоба ў выпадку яе высылкі сутыкнецца ў краіне, якая прымае, з рэальнай небяспекай абыходжання, якое супярэчыць артыкулу 3″. Гэта прадугледжвае “дбайную” ацэнку таго, ці можа агульная сітуацыя ў краіне прызначэння ды асабістыя абставіны заяўніка прывесці да таго, што супраць яго ўжывуць катаванні або іншыя формы жорсткага абыходжання.
Па стане на 13 чэрвеня 2024 года “Вясна” прызнала 1 397 чалавек у Беларусі палітычнымі зняволенымі, а сотні тысяч былі вымушаныя пакінуць краіну праз палітычны пераслед. У цяперашні час экстрадыцыя амаль усіх грамадзян Беларусі, уцекачоў з краіны ў выніку жорсткіх рэпрэсій беларускіх уладаў пасля мірных пратэстаў супраць фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, стварае для іх непасрэдную рызыку палітычна матываванага пераследу.
У святле сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, многія з якіх могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці, ніжэйпадпісаныя арганізацыі настойліва заклікаюць суд вышэйшай інстанцыі Сербіі старанна ацаніць абставіны справы Андрэя Гнёта і не экстрадаваць яго ў Беларусь, дзе яму пагражае сур’ёзная небяспека ўжывання катаванняў ды іншых відаў жорсткага абыходжання.
Яны таксама заклікаюць міжнародную супольнасць выконваць свае абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека ў адпаведнасці з МПГПП, КСК ААН ды іншымі міжнароднымі або рэгіянальнымі дамовамі па правах чалавека, якія забараняюць экстрадыцыю асоб, калі ім пагражае небяспека ўжывання катаванняў або іншых відаў жорсткага абыходжання ў краіне прызначэння, у тым ліку ў Беларусі.
Каб патрымаць заяву, калі ласка, запоўніце кароткую форму.
Падпісанты арганізацыі:
Беларускі ПЭН
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Еўрапейская біржа
Інстытут па правах чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI)
Італьянская федэрацыя па правах чалавека (FIDU)
Фонд “Дом правоў чалавека” (HRHF)
Ліберэка, Германія
Ліберэка, Швейцарыя
Нарвежскі Хельсінкскі Камітэт
Оstgruppen
People in Need
Respect-Protect-Fulfill
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Таварыства “Чабор” (Stowarzyszenie “Czabor”)
SLOVENIAN PEN
PEN Armãn
Тэлеграм-канал “Священный Белавуд”
Fundacja Tutaka
Талака – Сябры Беларусі ў Даніі
PEN Netherlands
PEN International
Artists at Risk Connection (ARC)