Журы прэміі Анемпадыстава за 2022 год абвясціла кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду, мэта якой – вылучыць найлепшыя дызайнерскія рашэнні кніжных вокладак года. На прэмію намінаваныя 14 вокладак, з якіх журы абрала 8 фіналістаў:
- Выдавецтва «Вясна» – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»
- Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»
- Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак Бяды»
- Яна Галушкіна, VEHA – вокладка кнігі VEHA «Людзі Лесу / Ludzi Lesu»
- Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»
- Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»
- Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»
- Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА»
У складзе журы за 2022 год: арт-менеджарка, заснавальніца мастацкіх галерэй Ганна Чыстасердава; журналістка-фрылансерка, фатографка Вольга Бубіч; медыямастак, вэб-распрацоўшчык Максім Тымінько; мастак, аўтар лекцый Андрэй Дурэйка; графічны дызайнер, заснавальнік дызайнерскай студыі Артур Вакараў.
Кароткі спіс абіраўся рэйтынгавым галасаваннем, сябры журы ацэньвалі кожную вокладку паводле дзесяцібальнай шкалы. Сумы балаў вызначылі фіналістаў. Цырымонія абвяшчэння пераможцы адбудзецца 7 траўня ў Музеі Вольнай Беларусі (Варшава).
Сёлета чальцамі аркамітэта прэміі за найлепшую вокладку да беларускай кнігі сталі Беларускі ПЭН і фонд «Адкрытая культура». Генеральны партнёр прэміі – тэлеканал «Белсат». Партнёры прэміі – ТАА «H&L» і кампанія «Laut».
Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця шэсць год таму. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса. У 2021 годзе пераможцай стала дызайнерка Алена Дашкевіч за вокладку кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». Апошнім разам прэмія ўручалася ў 2022 годзе. Гэта быў першы год, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.