• Навiны
  • Абвешчаны доўгі спіс прэміі Анемпадыстава за 2023 год

Абвешчаны доўгі спіс прэміі Анемпадыстава за 2023 год

Апошняе абнаўленне: 16 сакавіка 2024
Абвешчаны доўгі спіс прэміі Анемпадыстава за 2023 год

Для ўдзелу ў конкурсе былі абраны працы, аформленыя ў 2022 годзе.

Узнагарода за найлепшую кніжную вокладку, заснаваная ў 2019 годзе і прысвечаная памяці выдатнага мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава, надаецца за дызайнерскае рашэнне, паліграфічную якасць і адпаведнасць афармлення кнігі яе зместу. 

Доўгі спіс намінантаў на прэмію Анемпадыстава за 2023 год:

  1. Кацярына Дудко – вокладка кнігі Антося Уласенкі «Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх»
  2. Ананімны аўтар – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»
  3. Ананімны аўтар – вокладка кнігі Юлі Цімафеевай «Воўчыя ягады»
  4. Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»
  5. Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак Бяды»
  6. Яна Галушкіна, VEHA – вокладка кнігі VEHA «Людзі Лесу / Ludzi Lesu»
  7. Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»
  8. Сяргей Шабохін – вокладка кнігі Наталлі Вішнеўскай «Неба мнагавокае»
  9. Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»
  10. Уладзімір Міхневіч, Таісія Чарнуха – вокладка кнігі Аляксандра Чарнухі «Свінні»
  11. Кацярына Дудко – вокладка кнігі Андрэя Дудко «Супердада»
  12. Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»
  13. Анатоль Лазар, Сяргей Лескець – вокладка кнігі Сяргея Лескеця «Шэпт»
  14. Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА»


Журы прэміі імя Міхала Анемпадыстава за 2023 год:

Вольга Бубіч – журналістка-фрылансерка, эсэістка, выкладчыца, фатографка і рэцэнзентка фотакніг. З 2021 года займаецца даследаваннем памяці і мемарыяльных культур еўрапейскіх і постсавецкіх краін. У 2023/2024 гадах – лаўрэатка міжнароднай праграмы ICORN, на падставе якой мае цяпер побыт у Берліне. Эсэ, аналітычныя тэксты і інфаграфіку Вольгі рэгулярна публікуюць нямецкія, аўстрыйскія, амерыканскія і брытанскія выданні.

Максім Тымінько – медыямастак, куратар і вэб-распрацоўшчык. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Акадэмію медыямастацтваў у Кёльне. Жыве і працуе ў Амстэрдаме. Сузаснавальнік і чалец Міжнароднай кааліцыі працаўнікоў і працаўніц культуры ў падтрымку Украіны antiwarcoalition.art, сузаснавальнік і рэдактар платформы cultprotest.me для візуальнага пратэсту ў Беларусі, сузаснавальнік платформы для распаўсюду часовага лічбавага мастацтва pxFlux, заснавальнік і рэдактар сайта antibrainwash.net для пратэставага самвыдату ў Беларусі, сузаснавальнік арт-групы «YourFavorites». Атрымаў прэмію Нам Джун Пэка ад фонду мастацтваў NRW за оперу «Спакушэнне Арфея». Аўтар праекта «Bolek & Lolek Cosmos. Constructor Manifesto» і оперы-лекцыі «Праектар». Куратар шэрагу выстаў у Беларусі, Украіне і іншых краінах.


Андрэй Дурэйка
– мастак, куратар, аўтар лекцый па сучасным мастацтве. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы і Беларускай акадэміі мастацтваў. Скончыў Дзюсельдорфскую акадэмію мастацтваў. Удзельнічае ў выставах з 1991 года. Удзельнік арт-групы «Рэвізія» (2004–2021). Вядзе штомесячны бюлетэнь сучаснага беларускага мастацтва за мяжой. На працягу дзесяцігоддзяў стварае архіў сучаснага беларускага мастацтва, прадстаўлены ў шматлікіх лекцыях. З 2014 года – чалец экспертнай рады рэсурсу «KALEKTAR / ZBOR». Куратар і арганізатар выстаў. З 1998 года жыве і працуе ў Дзюсельдорфе.


Артур Вакараў – графічны дызайнер, адзін з заснавальнікаў дызайнерскай студыі «Адліга». Ствараў мастацкія працы для такіх медыя і грамадскіх ініцыятыў, як «Радыё Свабода», «Арт Сядзіба», «Будзьма беларусамі!», «Еўрарадыё», Лятучы ўніверсітэт і іншых праектаў, скіраваных на падтрымку беларускай культуры. Займаўся дызайнам музычных праектаў Сяргея Міхалка, гуртоў «Крама», «PomidorOFF», «Серебряная свадьба», спявачкі Русі. Ствараў вокладкі для кніг Валянціна Акудовіча, Уладзіміра Мацкевіча, Алеся Разанава, Артура Клінава, Віктара Марціновіча, Максіма Жбанкова, Ігара Бабкова, Севярына Квяткоўскага і іншых.

Ганна Чыстасердава – арт-менеджарка, сузаснавальніца і арт-дырэктарка ініцыятывы «Ambasada Kultury» і галерэі сучаснага мастацтва «Ў», галерэі «Падземка».