Палітычны пераслед:
У 2006 годзе, пасля пратэстаў па выніках выбараў прэзідэнта Беларусі, Максім Знак адбыў пакаранне — 14 сутак у турме ў Жодзіне.
У 2020 годзе Максім Знак — адвакат Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, сябра Каардынацыйнай Рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу.
9 верасня 2020 года быў затрыманы. У той жа дзень Следчы камітэт афіцыйна паведаміў, што Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта працягваецца расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У адносінах да падазраваных Марыі Калеснікавай і Максіма Знака з санкцыі пракурора была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
4 жніўня 2021 года ў Мінскім абласным судзе пачаўся закрыты судовы працэс над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам. Максім Знак і Марыя Калеснікава асуджаны па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання).
Максім Знак асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
10 верасня 2020 года прызнаны палітвязнем.
У зняволенні піша вершы і прозу.
6 верасня 2021 года суддзя Мінскага абласнога суда Сяргей Епіхаў прызнаў Максіма Знака вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім) і асудзіў да 10 гадоў пазбаўлення волі. Знаку прызначылі ўзмоцнены рэжым калоніі.
23 сакавіка 2022 г. палітвязня дадалі ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
24 траўня 2022 г. КДБ унёс Максіма ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
У 2022 годзе Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях прыйшла да высновы, што заключэнне Максіма Знака пад варту было парушэннем артыкулаў 7, 9, 10, 11, 19, 20 і 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулаў 9, 14, 19, 22, 25 і 26. Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і з’яўляецца адвольным.
З лютага 2023 года Максім Знак цалкам пазбаўлены сувязі са знешнім светам (статус інкамудікада): улады не дапускаюць да яго адвакатаў, пазбавілі яго тэлефонных званкоў, спатканняў і ліставання нават з членамі сям’і. Усе аргументы аб неабходнасці забяспечваць правы Максіма Знака ўладамі праігнараваныя, а скаргі – адхіленыя. Усе адвакаты, якія баранілі Максіма, былі пазбаўленыя права практыкаваць.
Творчая дзейнасць:
Песні і вершы Максім пісаў яшчэ з юнацтва, тады ж захапіўся ігрой на гітары. За гады творчасці назапасіліся сотні цудоўных песень, з якіх пасля 2017 года запісаў 4 уласныя альбомы: «Казкі», «Гарады», «Ветразь», «Мора».
У 2010 годзе на фестывалі бардаўскай песні «Купалаўскія вакацыі» Максім Знак перамог у намінацыі «Найлепшае спалучэнне тэксту і музыкі».
У 2018 годзе — лаўрэат фестывалю «Бардаўская восень», які адбываецца на Беласточчыне.
Летам 2020 года Максім Знак напісаў песню «Годнасць ды воля» і ўпершыню публічна выканаў яе на вялікім мітынгу ў Мінску 30 ліпеня. Песню шмат разоў перапелі розныя выканаўцы.
У зняволенні Максім Знак напісаў і перадаў на волю песню «Бульба»: «Яны думалі, нас пахавалі… А мы — бульба! Як нас пахаваць? Мы зялёным зямлю прабівалі, спрабавалі да неба дастаць». Песню выканаў гурт, які складаецца з адвакатаў, — «Прававы дэфолт». Верш таксама быў перакладзены на нямецкую мову Aksana Kust.
У 2020 годзе Лявон Вольскі выканаў песню на словы Максіма Знака «Лятучы галандзец».
У 2023 годзе да верша, дасланага з турмы Максімам, мелодыю надала Ганна Шаркунова, і так нарадзілася песня “Знакі“.
У зняволенні Максім напісаў кнігу «Зэкамерон», якая выдадзена на беларускай, расейскай, ангельскай, нямецкай, шведскай мовах.
Англійскі пераклад «Зэкамерона», зроблены Элай і Джымам Дынглі, атрымаў прэмію Англійскага ПЭНа (English PEN, 2023) і ўвайшоў у кароткі спіс прэміі «Рэспубліка Свядомасці» (The Republic of Consciousness Prize, 2024). Тэксты Максіма Знака таксама былі ўганараваныя прэміяй імя Францішка Аляхновіча – за творы, напісаныя ў зняволенні. Кніга ўвайшла ў кароткі спіс штогадовай Прэміі «Парушэнне спакою» адважнаму пісьменніку ў небяспецы, якую арганізуе Цэнтр Вацлава Гавэла.
Адрас для ліставання: Знаку Максіму Аляксандравічу, ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба.
М. Знак. Зэкамерон. Беласток, 2022. ISBN 978-836-74-7101-5
М. Знак. Зекамерон. Издательство «Время». ISBN 978-5-9691-2362-5