«Зэкамерон» Максіма Знака — у шорт-лісце брытанскай прэміі

Апошняе абнаўленне: 9 сакавіка 2024
«Зэкамерон» Максіма Знака — у шорт-лісце брытанскай прэміі

Прэмія Рэспублікі Свядомасці (Republic of Consciousness Prize), якая штогод узнагароджвае мастацкую літаратуру, выдадзеную невялікімі выдавецтвамі Вялікабрытаніі і Ірландыі, абвясціла кароткі спіс 2024. У пяцёрку ўвайшоў дакументальны раман палітвязня Максіма Знака, піша bellit.info.

«Падманліва лёгкія, але моцныя гісторыі зняволенага беларускага юрыста і актывіста. Сапраўды важная кніга», – мяркуюць журы прэміі.

Анатацыя на сайце прэміі паведамляе: «100 апавяданняў у «Зэкамероне» заснаваныя на «Дэкамероне» XIV стагоддзя, але Максім Знак бліжэйшы да Бэкета, чым да Бакача. Банальнасць і жорсткасць супернічаюць са здольнасцю чалавека трываць прыгнёт. Рознагалосыя гісторыі Знака складаюць 100 дзён зняволення ў беларускай турме. Лаканічна, іранічна; сухі гумар. Гэтыя гісторыі сведчаць пра супраціў і самасцвярджэнне, а таксама пра шчырую цеплыню і ўдзячнасць таварышам-вязням. Гэтыя апавяданні Знак пісаў у зняволенні, але потым яны змаглі трапіць за сцены турмы». Кніга была перакладзеная Джымам і Элай Дынглі і выдадзеная ў выдавецтве «Scotland Street Press».

Прэмія Рэспублікі Свядомасці (Republic of Consciousness Prize) для малых выдавецтваў – штогадовая брытанская літаратурная прэмія, заснаваная пісьменнікам Нілам Грыфітсам. Яна прысуджаецца за мастацкую літаратуру, якая выдаецца малымі выдавецтвамі Вялікабрытаніі і Ірландыі (у якіх працуюць менш за пяць штатных працаўнікоў). Прызавы фонд, першапачаткова сабраны з дапамогай краўдфандынгу, а пазней павялічаны за кошт спонсарства, дзеліцца паміж выдавецтвам і аўтарам.