• Заявы
  • Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

Апошняе абнаўленне: 29 лютага 2024
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

29 лютага 2024 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў:

  1. Вікторыя Казакова асуджана па арт. 188, 367, 368 КК за паклёп, паклёп на А. Лукашэнку і яго абразу да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  2. Дзмітрый Палякоў асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  3. Валерый Самсоненка асуджаны па арт. 370 КК за замену чырвона-зяленага сцяга на ўкраінскі да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  4. Уладзімір Лісіца асуджаны па арт. 368, 369 КК за абразу службовай асобы і А. Лукашэнкі да 3 гадоў пазбаўлення волі у папраўчай калоніі;
  5. Генадзь Васілюк асуджаны па арт. 367 КК за паклёп на А. Лукашэнку да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  6. Яўген Кладаў асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  7. Радзівон Касцінец змешчаны пад варту па арт. 367, 368, 369, 391 КК за абразу службовай асобы, суддзі, А. Лукашэнкі і паклёп на яго.

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць палітвязняў Вікторыю Казакову, Дзмітрыя Палякова, Валерыя Самсоненку, Уладзіміра Лісіцу, Генадзя Васілюка, Яўгена Кладава, Радзівона Касцінца і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх;
  • прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 361, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta;

Lawtrend;

Беларускі Хельсінкскі камітэт.