Маскоўскі Галавінскі райсуд вынес прысуд 70-гадоваму Алегу Арлову, аднаму з заснавальнікаў арганізацыі «Мемарыял». Яму прысудзілі 2,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму за абвінавачванне ў «паўторнай дыскрэдытацыі расійскага войска». Прычынай асуджэння стаў пост у Facebook, дзе Алег Арлоў асудзіў дзеянні рэжыму Пуціна, назваўшы яго фашысцкім.
У сваёй публікацыі «Ім хацелася фашызму. Яны яго атрымалі» Алег Арлоў апісвае прыход Расіі да фашысцкага таталітарызму пасля трыццаці гадоў адыходу ад камуністычнага таталітарызму, кладучы пры гэтым адказнасць на Пуціна.
Пасля вынясення прысуду Алега Арлова адразу ўзялі пад варту ў зале суда.
Арлоў пракаментаваў свой прысуд як пацвярджэнне праўдзівасці сваіх слоў у артыкуле. Гэты прысуд стаў самым суровым выракам у Расіі на падставе артыкула аб дыскрэдытацыі арміі з часоў яго ўвядзення.
Да гэтага найсур’ёзнейшым пакараннем паводле гэтага артыкула было асуджэнне Аляксея Маскалёва, чыя дачка стварыла антываенны малюнак.
У 2022 годзе «Мемарыял» разам з беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру, але ў Расіі арганізацыя была прызнана замежным агентам і паводле дзейнага заканадаўства зліквідавана.
Беларускі ПЭН выказвае сваю салідарнасць з Алегам Арловым і «Мемарыялам», асуджаючы несправядлівае зняволенне і падкрэсліваючы важнасць міжнароднай падтрымкі для абароны правоў чалавека і свабоды слова. Беларускі ПЭН заклікае да міжнароднага асуджэння гэтага прысуду і патрабуе неадкладнага вызвалення Алега Арлова, а таксама ўсіх іншых палітычных зняволеных, якія пакутуюць за сваю адданасць дэмакратычным ідэям і свабодзе выказвання.
Фота: «Медыязона».