Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
15 лютага 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што змяшчэнне пад варту і далейшае пазбаўленне волі за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна больш жорсткім і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і праводзімай ім палітыцы, таксама экстрэмісцкімі фарміраваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.
Так, Ірына Такарчук, Яўген Глушкоў, Таццяна Сцепа ўзятыя пад варту паводле артыкулаў 361-2, 361-4 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў фінансаванні або садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці;
Наталля Ладуцька ўзятая пад варту пасля масавага рэйду сілавікоў па сваяках і іншым людзям, якія дапамагаюць палітвязням, 23-24 студзеня 2024 года;
Дзіяна Стульба асуджаная паводле ч. 2 арт. 361-2 КК за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі, да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Аляксей Швяцоў асуджаны паводле арт. 361-3 КК па абвінавачванні ў фінансаванні вярбоўкі, навучання, іншай падрыхтоўкі альбо выкарыстання грамадзян Рэспублікі Беларусь для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях – за ахвяраванні беларускім воінскім фарміраванням, якія ваююць на баку Украіны супраць расійскай агрэсіі, да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Аляксандр Варонін асуджаны па арт. 361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены” і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Дзіяну Стульбу, Аляксандра Вароніна, Ірыну Такарчук, Наталлю Ладуцьку, Яўгенія Глушкова, Таццяну Сцепу, Аляксея Швяцова;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі ПЭН;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend.