Прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава. Сёлета адбудзецца ўручэнне дзвюх прэмій: за вокладку кнігі, выдадзенай у 2022 годзе, і за вокладку кнігі, выдадзенай у 2023-м.
Ацэньвацца будзе не толькі дызайн і паліграфічнае выкананне вокладкі, але і іх адпаведнасць зместу кнігі. Таму ў журы прэміі ўвойдуць творцы, якія працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца беларускія дызайнеры, якія стварылі вокладкі да папяровых кніг, што выйшлі ў 2022 і 2023 годзе і адпавядаюць хаця б аднаму з наступных крытэрыяў:
– кніга выдадзена ў беларускім выдавецтве;
– напісана беларускім аўтарам;
– напісана па-беларуску;
– распавядае пра Беларусь ці беларускую культуру.
Каб падаць вокладку на конкурс, трэба да 11 лютага запоўніць форму
Прапанаваць кнігу на конкурс могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы чытач.
Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі. Сёлета адбудуцца дзве цырымоніі: вясной будзе абвешчаны пераможца прэміі за кнігі, выдадзеныя ў 2022 годзе; восенню, на фестывалі «Бардаўская восень», абвесцяць найлепшую вокладку кніг, выдадзеных у 2023-м.
Міхал Анемпадыстаў працаваў у жанрах графікі, ілюстрацыі, фатаграфіі. Як дызайнер ствараў плакаты, паштоўкі, лагатыпы, вокладкі для музычных альбомаў і нават этыкеткі спіртных напояў па-беларуску. У пачатку 1990-х ілюстрацыі Міхала Анемпадыстава вызначалі запамінальны стыль часопіса «Бярозка», дзе ён быў мастацкім рэдактарам. У 2011 годзе мастак праілюстраваў кнігу Сяргея Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі». Вокладкі, створаныя Міхалам Анемпадыставым, упрыгожваюць пераклады Збігнева Гэрбэрта і Чэслава Мілаша, кнігі Андрэя Хадановіча, Таццяны Нядбай, Сяргея Харэўскага, Наталкі Бабінай ды іншых беларускіх аўтараў.
Генеральным партнёрам прэміі з’яўляецца тэлеканал Белсат.