Радыё Свабода і Беларускі ПЭН пачалі прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам ці аўтаркай, якія трапілі ў зняволенне.
Як ужо паведамлялася, прысуджэнне прэміі імя Францішка Аляхновіча адбудзецца ў Дзень зняволенага пісьменніка 15 лістапада. На разгляд прымаюцца творы, апублікаваныя цалкам ці часткова ў перыяд з лістапада 2021 года па лістапад 2023-га.
Арганізатары просяць сваякоў, сяброў зняволеных збіраць і захоўваць творчасць з-за кратаў, перадаць вязням запрашэнне ўдзельнічаць у стварэнні літаратуры памяці і зычэнні хуткай свабоды.
З мэтаў бяспекі арганізатары прэміі прапануюць магчымасць захаваць ананімнасць і гарантуюць канфідэнцыйнасць аўтарам і сваякам асобаў, ад якіх паступяць заяўкі.
Пры агучванні лаўрэатаў прэміі асобы, якія захочуць захаваць канфідэнцыйнасць, будуць агучаны безасабова як «Намінант #3», «Намінант #15» і г. д.
Імёны і прозвішчы будуць публічна абвешчаны толькі тады, калі гэта будзе бяспечна для аўтараў.
Беларускі ПЭН вядзе хроніку «Людзі Слова» пра творцаў, якіх трымаюць за кратамі: пісьменнікаў, перакладчыкаў, даследчыкаў літаратуры, публіцыстаў, інтэлектуалаў, а таксама тых, хто стварае і пашырае культуру, абараняе слова і яго майстроў. Сёння ў зняволенні застаюцца 30 чалавек.
Творы або спасылкі на іх можна дасылаць на адрас [email protected] з пазнакай «Прэмія Аляхновіча». Арганізатары плануюць уручыць прэмію імя Францішка Аляхновіча адразу, як дазволіць сітуацыя ў краіне, і спадзяюцца, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні.
Дадатковую інфармацыю пра прэмію імя Францішка Аляхновіча і яе лаўрэатаў можна знайсці на адпаведнай старонцы на сайце Беларускага ПЭНа.
Прэмія праводзіцца пры падтрымцы нашых калегаў з «Радыё Свабода».