Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае сачыць за сітуацыяй з беларускай мовай у Беларусі і фіксаваць выпадкі моўнай дыскрымінацыі.
У бягучым аглядзе мы абапіраліся на даныя, атрыманыя з адкрытых крыніц, а таксама на вынікі даследаванняў, праведзеных іншымі арганізацыямі і ініцыятывамі цягам пазначанага перыяду.
У маі 2023 года Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) апублікаваў вынікі свайго даследавання «Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі», у фокусе якога была даступнасць адукацыі, інфармацыі і абслугоўвання на беларускай мове. Аўтары даследавання апыталі 482 чалавекі ва ўзросце ад 15 да 72 гадоў, якія ўжываюць беларускую мову ў Беларусі. Далей прыводзім яго асноўныя вынікі:
1. Так, у сферы адукацыі даследчыкі адзначылі наяўнасць моўнай дыскрымінацыі ў дачыненні да беларускай мовы. У тэорыі Рэспубліка Беларусь, адпаведна дзейным законам, у тым ліку Канстытуцыі, павінна прадстаўляць права грамадзянам атрымліваць адукацыю на адной з дзяржаўных моў. Па факце мова навучання вызначаецца заснавальнікамі ўстаноў з улікам пажадання бацькоў, пры гэтым Міністэрства адукацыі сыходзіць з таго, што менавіта беларускамоўныя школы і класы павінны адкрывацца па пісьмовых заявах бацькоў. Канчатковае ж рашэнне прымаецца мясцовымі выканкамамі і не заўжды на карысць бацькоў. Так, 77,8% апытаных сутыкаліся з перашкодамі пры ўжыванні беларускай мовы, а 88% адчувалі асаблівае стаўленне да сябе праз тое, што размаўляюць па-беларуску. 86,9% апытаных у дзіцячых садках выхоўваліся па-руску; у 82,4% удзельнікаў апытання прадметы ў ВНУ і ўстановах ССА выкладаліся па-руску. Аднак 95% рэспандэнтаў пры наяўнасці альтэрнатывы абралі б мовай адукацыі беларускую.
2. У сферы інфармацыі аўтары даследавання адзначаюць, што з пачатку 2000-х гадоў у Беларусі пераважная большасць асноўных СМІ выходзіла на рускай мове. У 2011-м на каналах нацыянальнага тэлебачання беларускамоўныя праграмы складалі ўсяго 4% эфіру. На цяперашні час усе агульнанацыянальныя газеты, за выключэннем газеты «Звязда», выдаюцца на рускай мове.
3. Не лепшая сітуацыя склалася ў сферы абслугоўвання. Так, 99,4% рэспандэнтаў паведамілі, што не атрымліваюць камунікацыі па-беларуску ў лякарнях і медыцынскіх установах; 98,1% беларусаў — у рэстарацыях і кавярнях; 98,5% — у крамах з прадаўцамі і кансультантамі; 99,2% — у дзяржаўных установах.
На культурна-асветніцкам партале Budzma адзначана, што ў Беларусі мае месца стыгматызацыя беларускай мовы. Беларуская мова стала маркерам нелаяльнасці да ўладаў, мовай «ворагаў народа». Таму ўлады працягваюць выціскаць родную мову беларускага народа ўсімі магчымымі спосабамі, змяняючы яе на рускую.
За першае паўгоддзе 2023 года з адкрытых крыніц мы выявілі наступныя выпадкі дыскрымінацыі беларускай мовы.
Падчас судаводства ў судзе Ленінскага раёна г. Мінска 5 студзеня 2023 года праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і яго паплечнікі праваабаронцы Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч заявілі хадайніцтвы аб тым, каб судаводства вялося на беларускай мове. Суддзя Марына Запаснік хадайніцтвы не задаволіла. Пасля чаго Алесь Бяляцкі заявіў хадайніцтва аб прызначэнні яму перакладчыка з рускай на беларускую для поўнага разумення прад’яўленага абвінавачання. У абгрунтаванне сваёй пазіцыі Алесь сказаў, што ўсё жыццё размаўляе на беларускай мове і ўжо не ў поўнай меры разумее рускую. І гэтае хадайніцтва было адхіленае судом. Алесь Бяляцкі заявіў, што пракурор Аляксандр Кароль як дзяржслужачы таксама павінен ужываць у судзе беларускую мову. Але нягледзячы на ўсе аргументы, судаводства вялося па-руску.
10 студзеня 2023 года стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч», якое выпускала кнігі на беларускай мове, было пазбаўленае ліцэнзіі ў судовым парадку на падставе арт. 33 Закона ад 29 снежня 2012 г. № 8-З «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь». У рашэнні суда пералічаныя выдадзеныя «Янушкевічам» друкаваныя выданні прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэта кніга Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» і кніга вершаў Іосіфа Бродскага для дзяцей «Балада пра маленькі буксір». Нагадаем, што ў 2022-м выдавецтва «Янушкевіч» спачатку выселілі з офіса, пасля сілавікі разграмілі ў Мінску новаадкрытую кнігарню «Кнігаўка», якая паспела адпрацаваць толькі некалькі гадзін, і затрымалі Андрэя Янушкевіча.
11 студзеня 2023 года на «Радыё Свабода» з’явілася навіна пра тое, што ў Беларусі з’явіўся афіцыйны пераклад Крымінальна-выканаўчага кодэксу на беларускую мову. У Беларусі з 25 кодэксаў на беларускую мову перакладзены толькі 16, нягледзячы на дэклараваную ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь роўнасць дзвюх дзяржаўных моў. З усіх кодэксаў толькі адзін — Кодэкс аб культуры — быў прыняты на беларускай мове. Увогуле толькі 1,4% прававых актаў Беларусі маюць версію на беларускай мове. Пры гэтым абсалютная большасць беларускамоўных актаў маюць тэхнічны, нязначны з юрыдычнага пункту гледжання характар. У той жа час, наяўнасць кодэксаў і законаў на беларускай мове не ўплывае на іх выкарыстанне. У судах асуджаным часцей за ўсё адмаўляюць у вядзенні працэсу на беларускай мове. Пры выкананні пакарання да беларускамоўных асуджаных назіраецца больш жорсткае стаўленне ў калоніях.
26 студзеня 2023 года стала вядома, што беларускамоўнаму абвінавачанаму па «справе карагодаў» Міколу Папеку суд Брэсцкага раёна адмовіў у азнаямленні з матэрыяламі справы на беларускай мове. Мікола Папека (асуджаны па арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, у красавіку 2022 г. пакаранне заменена на 8,5 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, 16.09.2021 прызнаны палітвязнем, 17.12.2022 — вызвалены) намагаўся ўжываць родную мову ў працэсе. Раней паэт-пчаляр дамогся таго, каб на допыце ён мог размаўляць па-беларуску (у выніку яго дапытвалі праз перакладчыка). Таксама Мікола намагаўся азнаёміцца з матэрыяламі справы на беларускай. Але ж атрымаў адмову ад старшыні суда Брэсцкага раёна, па меркаванні якога «падстаў для азнаямлення з матэрыяламі справы на беларускай мове няма».
2 лютага 2023 года затрымалі адміністратара тэлеграм-канала «Па-беларуску» Андрэя Філіпчыка (асуджаны па арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, 28.02.2023 прызнаны палітвязнем, атрымаў пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі). Яму інкрымінавалі ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», а таксама адміністраванне тг-канала «Па-беларуску», дзе публікаваліся жарты і мемы на беларускай мове. Па меркаванні сілавікоў, Андрэй Філіпчык такім чынам папулярызаваў «лацінку і нянавісць да рускамоўнай сацыякультурнай прасторы».
21 лютага ў розных краінах свету праходзіць Міжнародны дзень роднай мовы. Свята было абвешчана Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года і адзначаецца з 2000 года. Гэта адна з нешматлікіх нагодаў, па якіх дзяржаўная прапаганда праз свае СМІ і блогераў звяртаецца да тэмы беларускай мовы. У Дзень роднай мовы ў 2023 годзе на беларускім тэлебачанні (на трох асноўных тэлеканалах) усе выпускі навінаў былі на беларускай мове, кожны канал паказаў невялікі сюжэт, прысвечаны даце. Ключавая роля ў гэтых сюжэтах адводзілася рэспубліканскай дыктоўцы, якая адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа.
Аднак з усіх дзяржаўных чыноўнікаў невялікі каментар СМІ па-беларуску даў толькі кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка. Увечары выйшла праграма «Па сутнасці», у якой дэпутат парламента Ігар Марзалюк выказаў меркаванне пра неабходнасць пазітыўнай дыскрымінацыі беларускай мовы і прапанаваў у рускамоўных школах гуманітарныя прадметы выкладаць па-беларуску. Яго словы выклікалі абурэнне з боку праўладных прапагандыстаў і тэлеграм-каналаў.
У г. Браціславе (Славакія) да Дня роднай мовы амбасада Беларусі зладзіла выставу беларускай кнігі. Аднак большасць прадстаўленых кніг былі перакладзены на рускую мову. Таксама былі выстаўлены некалькі стэндаў з інфармацыяй і фота рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага.
Чыноўнікі на Гарадзеншчыне выказаліся супраць польскай мовы ў касцёлах Беларусі. Чыноўнікі ў Іўі назвалі польскую мову ў касцёле незаконнай падчас сустрэчы раённых уладаў з духавенствам, дзе абмяркоўвалі праблемныя пытанні. Аднак духавенства адзначыла, што ў беларускай каталіцкай царквы 2 афіцыйныя мовы: беларуская і польская. Гэта нават замацавана ў дакументах Каталіцкай царквы ў Беларусі. Такое рашэнне было прынятае падчас пасяджэнняў Сінода 1996–2000 гадоў. Як адзначылі ксяндзы, прычынаў наяўнасці польскай мовы ў касцёлах некалькі: гэта і тое, што Заходняя Беларусь некалі была ў складзе Польшчы, і тое, што каталіцкія святары прыязджалі прапаведаваць у Беларусь пераважна з Польшчы, адпаведна прывозілі польскія тэксты малітваў, бо беларускія не было як раздрукаваць, а расійская культура амаль заўсёды была акупанцкай, таму гістарычна склалася менавіта так.
У мабільным дадатку «Сбербанка» 3 сакавіка 2023 года прыбралі беларускую мову. Банк спаслаўся на тое, што ў адпаведнасці з заканадаўствам інтэрфейс і выхадныя дакументы павінны фарміравацца на адной з дзяржаўных моў — беларускай ці рускай. У банку патлумачылі, што гэта рашэнне абумоўлена высокімі выдаткамі на падтрыманне дадатковых лакалізацый пры малой кліенцкай базе карыстальнікаў беларускага моўнага пакета, гэта пры тым, што «Сбербанк» — адзін з найбуйнейшых банкаў у Беларусі.
1 красавіка на ютуб-канале «Жыццё-маліна» выйшла інтэрв’ю з Аляксандрам Івуліным у якім ён распавёў, што адміністрацыя папраўчай калоніі №22, у якой адбывае пакаранне мастак Алесь Пушкін (асуджаны па арт. 370 КК — здзек з дзяржаўных сімвалаў, арт. 130 — распальванне варожасці ці варажнечы да 5 гадоў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму, 06.04.2021 прызнаны палітвязнем) стварае яму вельмі жорсткія ўмовы адбывання пакарання з-за таго, што Алесь размаўляе выключна па-беларуску, канваіры здзекуюцца з яго, прымушаюць размаўляць па-руску, нібыта не разумеючы беларускай мовы.
4 красавіка 2023 года на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале была апублікавана новая пастанова Дзяржаўнага камітэта па маёмасці ад 24 сакавіка 2023 года №19 «Аб перадачы найменняў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моў на іншыя мовы». Новая пастанова адмяніла выкарыстанне беларускай лацінкі. Яе заменяць іншымі лацінскімі літарамі. А найменні геаграфічных аб’ектаў будуць перадаваць не толькі з беларускай, але і з рускай мовы. Адмены беларускай лацінкі раней дабіваліся прарасійскія актывісты. Па стане на 23 чэрвеня 2023 года ўжо амаль на ўсіх аўтобусных прыпынках у г. Мінску замест беларускай лацінкі з’явіліся надпісы на рускай мове.
21 красавіка стала вядома, што Міністэрства інфармацыі падало ў эканамічны суд г. Мінска пазоў аб спыненні дзяржаўнай рэгістрацыі выдавецкага дома «Зміцер Колас». Падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў «“Вызваленыя” i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакумэнтах беларускiх архiваў» (6 студзеня суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаў апублікаваныя дакументы «экстрэмісцкімі матэрыяламі»). З 5 сакавіка выдавецтва «Зміцер Колас» прыпыніла сваю дзейнасць. Сам Зміцер Колас на пачатку сакавіка быў затрыманы разам з друкаром Алегам Сычовым і 10 сутак правёў у СІЗА КДБ. У выніку выдавец быў вызвалены без прад’яўлення абвінавачанняў. 11 мая стала вядома, што эканамічны суд ліквідаваў выдавецтва «Зміцер Колас».
У Twitter 25 красавіка 2023 г. беларуская актывістка Кацярына Варажун распавяла пра сітуацыю з «дзяржаўным двухмоўем» у беларускім бізнесе. Паводле апублікаваных скрыншотаў бачна, што кампаніі «Сливки.бай» і «Буслік» негатыўна ставяцца да беларускай мовы. Так, прадстаўнік кампаніі «Сливки.бай» папрасіў перакласці ўсе дакументы на рускую мову, таму што яны не прымаюць дакументы па-беларуску. У «Бусліку» таксама папрасілі пісаць прозвішча і імя кліентаў па-руску, паколькі могуць узнікнуць праблемы з пасылкай тавару. Трэба адзначыць, што сетка супермаркетаў для дзяцей «Буслік» мае назву на беларускай мове. А на афіцыйным сайце кампаніі па-беларуску напісана, што «бусляня па старажытных паданнях прыносіць шчасце ў хату, сімвал Радзімы, сямейнага дабрабыту, хатняй утульнасці, любові да роднай зямлі і роднай хаты».
Тэлеграм-канал «Праўда Герашчанка» апублікаваў частку праграмы з расійскага канала тэлебачання, дзе паказалі эпізод, у якой расіяне абураюцца, што беларусы, асабліва моладзь, размаўляюць па-беларуску. З праграмы вынікае, што гэта польскія і літоўскія спецслужбы вучаць беларусаў размаўляць на беларускай мове для таго, каб аддзяліць Беларусь ад Расіі.
25 траўня 2023 года «Радыё Свабода» апублікавала артыкул, у якім былыя палітвязні распавялі пра стан беларускай мовы ў калоніях.
- 1.Памочнік начальніка жаночай калоніі №4 г. Гомеля выяўляе асаблівае стаўленне менавіта да беларускамоўных: «Любіць рэгулярна спыняць палітычных і чапляцца да іх, выпытваючы ў тым ліку, як па-беларуску будзе якое-небудзь слова». Палітзняволенымі гэта ўспрымалася яе вытанчаны, пачварны здзек з жанчын, якія цалкам залежаць ад чалавека ў пагонах і не могуць яму супрацьстаяць.
2. Начальнік бабруйскай калоніі №2 абразліва называў беларускамоўнага палітвязня «беларускамоўнай малпай». Увогуле яны адзначаюць, што ў пенітэнцыярнай сістэме склалася сістэмная з’ява — пераслед беларускамоўных грамадзян на падставе ўжывання імі беларускай мовы.
3 чэрвеня 2023 года на «Радыё Свабода» выйшаў артыкул, у якім апублікавалі фрагмент кнігі Алега Груздзіловіча (асуджаны па арт. 342 КК да 1 г. 6 мес. пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, 20.07.2021 прызнаны палітвязнем, 21.09.2021 вызвалены праз памілаванне). Адзначае, што калонія вымушае палітвязняў прыстасоўвацца да ўмоў і выбіраць, з кім можна гаварыць па-беларуску, а з кім не. Каб не атрымаць лішні тэрмін у ШІЗА або пазбаўлення спаткання ці перадачы, Алег вымушаны быў з супрацоўнікамі калоніі размаўляць па-руску.
Кіраўнік беларускага Тэатра юнага гледача Вера Палякова 5 чэрвеня 2023 года выказала пажаданне, каб у тэатры было больш рускай мовы. Яна сказала, што на сённяшні час з 20 дзіцячых спектакляў 15 ідуць па-беларуску і 5 па-руску. А ёй хацелася б, каб было 50 на 50, бо ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы і гасцям горада Мінска больш прыемна і цікава глядзець спектаклі на рускай мове.
Пастановай Саўміна ад 19.08.2022 №274 Міністэрства адукацыі Беларусі замяніла бланкі дакументаў аб адукацыі. У новых бланках спецыялісты сістэмы адукацыі зрабілі памылку: замест слова «прозвішча» па-беларуску напісалі рускае слова «фамилия» ў беларускім правапісе. Але паколькі беларуская ўлада ніколі не прызнае памылак, то намеснікам міністра Аляксандрам Кадлубаем быў разасланы ліст у падпарадкаваныя ўстановы адукацыі, дзе ён даў тлумачэнне правільнасці выбранага тэрміна, спасылаючыся на тлумачальны слоўнік. Такім чынам, мала таго, што Міністэрства адукацыі зрабіла памылку, дык яшчэ яе і абгрунтавала.
Былы палітвязень Станіслаў Паўлінковіч распавёў праваабарончаму цэнтру «Вясна», што падчас адбыцця пакарання ў калоніі ў г. Крупкі, калі прасіў па-беларуску ў бібліятэкара кнігі на беларускай мове, чуў у адказ: «Ты што, паляк?». Па словах палітвязня, бібліятэкара ажно трэсла ад таго, што Станіслаў размаўляў з ім па-беларуску.
30 чэрвеня Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сярод новых яго фігурантаў — культурніцкі інтэрнэт-рэсурс budzma.me і тэлеграм-канал https://t.me/budzmaby. І сайт, і тэлеграм-канал з’яўляюцца беларускамоўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», скіраванай на папулярызацыю беларускай культуры. Галоўная ідэя кампаніі — аб’яднаць беларусаў праз станаўленне павагі да сябе, сваёй культуры, мовы, гісторыі і ўсведамлення сваёй адметнасці.
Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы ўпакоўкі» прадпісвае, што «інфармацыя павінна быць выкладзена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы — сябра саюза пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(ў)-чальцоў». Аднак наяўнасць выбару звяло сітуацыю да таго, што руская мова ў маркіроўцы прадукцыі стала абавязковай, а беларуская — не.
У адказ на гэта беларускі праваабаронца Ігар Случак звярнуўся да беларускіх вытворцаў прадукцыі з прапановамі пазначаць сваю прадукцыю па-беларуску. Некаторыя вытворцы з ім пагадзіліся, але большасць адмовілася і ўвогуле спыніла ліставанне.
- Так, птушкафабрыка «Рассвет» не будзе дадаваць беларускую мову на сваю прадукцыю з-за адсутнасці свабодных грашовых сродкаў на набыццё новых упаковачных комплексаў па прычыне цяжкага фінансавага становішча прадпрыемства.
- ТАА «Фармтэхналогія» не будзе маркіраваць сваю прадукцыю і рабіць сайт на беларускай мове з-за таго, што яно не хоча несці дадатковыя выдаткі. Перапіску з праваабаронцам І. Случаком яны спынілі.
- ААТ «Кобрынскі масларобна-сыраробны завод» адмовіўся ад выкарыстання беларускай мовы пры маркіроўцы сваёй прадукцыі, бо мастацкая рада гэтага завода палічыла мову немэтазгоднай. Немэтазгоднасць выкарыстання беларускай мовы на цэтліках і ўпакоўках тлумачыцца занадта малымі фізічнымі памерамі большасці адзінак упакоўкі прадукцыі прадпрыемства.
- ААТ «Слуцкі мясакамбінат» не будзе выкарыстоўваць беларускую мову пры маркіроўцы сваёй прадукцыі, бо арыентуецца на краіны СНД і рускамоўных жыхароў.
- Вытворца дзіцячага харчавання «БЕЛЛАКТ» не будзе дадаваць на ўпакоўку беларускую мову, бо для яе там няма месца. Прадпрыемства спыніла перапіску.
- ААТ «Рагачоўскі МКК» не будзе дадаваць беларускую мову на ўпакоўку сваёй прадукцыі, бо для яе няма месца і ён арыентуецца на спажыўцоў СНД, якія выкарыстоўваюць рускую мову.
- Вытворца малочнай прадукцыі, які працуе пад беларускамоўным брэндам «Сафійка», адмовіў у заяве маркіраваць сваю прадукцыю па-беларуску з-за высокіх выдаткаў.
Інфармацыя ўзятая са старонкі ў фэйсбуку Ігара Случака.
На нашу думку, вельмі важна збіраць і публікаваць выпадкі дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, бо сёння як ніколі беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Мы працягнем пільна сачыць за станам беларускай мовы і рабіць падобныя агляды не радзей як раз на паўгады. Таму калі ў вас ёсць прыклады дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, якія не ўвайшлі ў гэты агляд, калі ласка, дасылайце іх на наш адрас — [email protected].
Агляд падрыхтаваны асацыяцыяй «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў»