«Пераслед сербскага пісьменніка і навукоўца Ёва Бакіча з боку ўрадавых чыноўнікаў і прыхільнікаў урада мусіць быць неадкладна спынены», - заявілі сёння Міжнародны ПЭН і Сербскі ПЭН. Незалежныя галасы ў Сербіі зазнаюць пастаянны ціск, і Міжнародны ПЭН і Сербскі ПЭН чарговы раз заклікаюць улады спыніць усе палітычныя напады на пісьменнікаў і журналістаў.
Міжнародны ПЭН і Сербскі ПЭН выказваюць сур’ёзную занепакоенасць з нагоды няспыннага пераследу пісьменніка і навукоўца Ёва Бакіча, які ўжо больш за чатыры гады зазнае ціск з боку сербскіх уладаў і праўладных троляў. 13 чэрвеня 2019 года незалежны штотыднёвік NIN апублікаваў
інтэрв’ю з Бакічам, у якім ён асудзіў нацыяналістычную пазіцыю сербскіх уладаў і сувязі паміж злачыннымі арганізацыямі і прадстаўнікамі ўрада. У той самы дзень прэзідэнт Аляксандр Вучыч ачарніў Бакіча падчас прэс-канферэнцыі, заклікаўшы пачаць супраць яго крымінальнае расследаванне. Пазней сербская тэлекампанія RTS
апублікавала адрэдагаваную версію інтэрв’ю, у якім ілжыва паказваецца, нібыта Бакіч заклікае да гвалту. Папярэдняе расследаванне пачалося 14 чэрвеня 2019 года і было адразу ж спынена пасля таго, як Бакіч падаў у паліцыю копію свайго інтэрв’ю. Тым не менш, слоўныя нападкі на Бакіча з боку
чальцоў кіроўнай Сербскай прагрэсіўнай партыі (SNS) і праўладных
таблоідаў працягнуліся. Бакіч таксама паведаміў Міжнароднаму ПЭНу, што атрымаў у інтэрнэце некалькі ананімных пагроз.
7 траўня 2023 года, пасля двух выпадкаў масавай стральбы ў краіне цягам некалькіх дзён, праўладная тэлекампанія Pink TV паказала
кароткі фільм, у якім Ёва Бакіча цытавалі без кантэксту і абвінавачвалі ў распальванні нянавісці. Вынікам сталася паклёпніцкая кампанія з боку урадавых чыноўнікаў, праўладных СМІ і троляў, пры гэтым прэм’ер-міністр Ана Брнабіч
заклікала Бялградскі ўніверсітэт выступіць супраць Бакіча, а дэпутат ад SNS стварыў
петыцыю з заклікам звольніць навукоўца. Праўладныя таблоіды
цытавалі Бакіча, які нібыта заклікаў праліваць «кроў» на вуліцах Бялграда – такіх слоў ён ніколі не гаварыў. Міжнародны ПЭН бачыў некалькі ананімных паведамленняў, адпраўленых Бакічу, з пагрозамі здзейсніць гвалт у дачыненні да яго і яго сям’і. Выклікае трывогу той факт, што Pink TV раскрыў яго хатні адрас. Таксама Бакіч паведаміў, што да яго двойчы падыходзіў невядомы, які пагражаў яму і абражаў яго.
«Міжнародны ПЭН самым рашучым чынам асуджае няспынныя пагрозы і пераслед пісьменніка і навукоўца Ёва Бакіча. Непрыхаваны гвалт, з якім сутыкаюцца незалежныя галасы ў Сербіі, надзвычай шакуе, а паклёпніцкія кампаніі, якія ладзяць урадавыя чыноўнікі і прыхільнікі ўрада, відавочна накіраваны на тое, каб прымусіць замаўчаць любое іншадумства. Мы падтрымліваем Бакіча і просім, каб яго бяспека была ў прыярытэце. Усе палітычныя напады на пісьменнікаў і журналістаў мусяць неадкладна спыніцца», – заявіла Ма Тыда, старшыня камітэта Міжнароднага ПЭНа «Пісьменнікі ў зняволенні».
Дадатковая інфармацыя
Ёва Бакіч, 53 гады, – пісьменнік, сацыёлаг і навуковец, які спецыялізуецца на нацыянальных канфліктах у былой Югаславіі. Яго працы факусуюцца на тэорыях этнічнай прыналежнасці, нацыі і нацыяналізме, нацыянальных меншасцях, уцекачах і ваенных даследаваннях, і ён часта дае матэрыялы ў штодзённыя незалежныя газеты. У цяперашні час працуе ад’юнкт-прафесарам у Бялградскім універсітэце, Сербія.
У Сербіі апазіцыйныя і незалежныя журналісты, пісьменнікі і актывісты часта сутыкаюцца з прамымі нападамі і пагрозамі з боку прыватных асоб і дзяржаўных чыноўнікаў толькі за тое, што выказваюцца. Дзясяткі пісьменнікаў і журналістаў
паведамілі, што ў апошнія месяцы ім сур’ёзна пагражалі, што ўзмацніла трывогу за іх бяспеку. Адзін з самых гучных выпадкаў – выпадак з пісьменнікам і журналістам
Марка Відойкавічам, якому давялося пакінуць Сербію і пераехаць у лютым 2023 года праз пастаянныя пагрозы забойства.
У красавіку 2023 года пасля паездкі ў краіну міжнародныя журналісцкія арганізацыі і арганізацыя па свабодзе прэсы прызналі Сербію адным з самых небяспечных месцаў у Еўропе па-за межамі Украіны для журналісцкай працы.
Чытаць заяву па-англійску тут.