У Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме працягваецца суд над заснавальнікам крамы Symbal.bу і менеджарам культуры Паўлам Белавусам.
Даследчыцам Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай прысудзілі па 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Музыкаў гурта «Litesound» Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных і іх маці Вольгу Крайко асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі», іх бацьку Юрыя Каракіна асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі».
Пракурор Аляксандр Кароль падаў апеляцыйны пратэст на прысуд нобелеўскаму лаўрэату, літаратару і праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Ён лічыць 10 гадоў калоніі мяккім прысудам і патрабуе 12 гадоў зняволення.
У Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд крымінальнай справы пяці чалавек, якія вывесілі ў Мінску нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны ў сярэдзіне верасня 2022 года.
У Зэльве дэмантавалі помнік паэтцы, грамадскай дзяячцы, вязню ГУЛАГа Ларысе Геніюш.
І. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- У Мінскім гарадскім суд у закрытым рэжыме працягваецца суд над заснавальнікам крамы Symbal.bу і менеджарам культуры Паўлам Белавусам. Суд над ім пачаўся 20 лютага. Паўлу Белавусу выставілі абвінавачанні паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), арт. 356 (здрада дзяржаве). Бок абвінавачання сцвярджае, што Павел Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах… распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з’яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі, стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы» і «сваімі злачыннымі дзеяннямі… на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы». Павел Белавус знаходзіцца за кратамі з 23 снежня 2021 года.
- 17 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд у крымінальных справах даследчыц Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай. Іх асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, прызналі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 357 (дапамога дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці або разладу).
- 22 сакавіка суд Савецкага раёна Мінска вынес рашэнне ў крымінальнай справе сям’і музыкаў гурта «Litesound». Сям’ю абвінавачвалі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ: удзел у мірных пратэстах 2020 года (ч. 1 арт. 342) і незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (ч. 2 арт. 295). Музыкаў Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных і іх маці Вольгу Крайко асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі», іх бацьку Юрыя Каракіна асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі». Хатняй хіміяй называюць абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, калі на асуджанага накладаюць абавязкі, што абмяжоўваюць яго свабоду: абавязковае прыцягненне да працы; абавязковае наведванне міліцыі (па месцы пастаноўкі на ўлік) для адзначэння; супрацоўнікі міліцыі могуць прыходзіць з праверкай дадому і па месцы працы. Пра затрыманне сям’і музыкаў гурта «Litesound» стала вядома ў кастрычніку 2022 года. У студзені паведамлялася, што ў СІЗА ў Юрыя Каракіна здарыўся інсульт, яго перавялі дадому. Астатнія члены сям’і знаходзяцца ў СІЗА на Валадарскага. «Litesound» – рок-гурт, створаны братамі Каракінымі ў Мінску ў 2005 годзе. У 2012 годзе яны выступалі ад Беларусі на «Еўрабачанні».
- 28 сакавіка Гомельскі абласны суд вынес рашэнне ў крымінальнай справе барда і паэта Аляксея Ільінчыка. Прысуд – 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Аляксей Ільінчык быў затрыманы 18 жніўня 2022 года. Яму былі выстаўлены абвінавачанні на падставе ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп на прэзідэнта), ч. 1 арт. 368 (знявага прэзідэнта) і ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці або разладу). Справу разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Пракурор запатрабаваў для Аляксея Ільінчыка 3 гады пазбаўлення волі. Аляксей Ільінчык – аўтар кніг «От Лешки до Лешего» (2000), «ФАС» (2000), «Счастливый человек» (2002), «Лешики forever! Часть 1» (2002), «Ты знаешь…» (2004).
- 29 сакавіка стала вядома, што пракурор Аляксандр Кароль падаў апеляцыйны пратэст на прысуд у крымінальнай справе праваабарончага цэнтра «Вясна». Пракурор палічыў занадта мяккім прысуд суда Ленінскага раёна Мінска, ён патрабуе для праваабаронцаў больш працяглых тэрмінаў зняволення. 3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска праваабаронцу, літаратару, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму прысудзілі 10 гадоў калоніі, а пракурор патрабуе 12 гадоў калоніі. Паводле палітычна матываванай справы «Вясны» таксама асудзілі Валянціна Стэфановіча на 9 гадоў калоніі – пракурор патрабуе 11 гадоў калоніі. Уладзіміра Лабковіча асудзілі на 7 гадоў калоніі – пракурор патрабуе 9 гадоў. За дзейнасць у абароне правоў чалавека і за дапамогу рэпрэсаваным праваабаронцаў абвінавацілі і асудзілі паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
ІІ. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 13 сакавіка ў Мінску затрымалі былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатра Мікалая Зайца, склалі пратакол паводле арт. 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (дробнае хуліганства) і арыштавалі на 12 сутак. 25 сакавіка Мікалай Заяц меўся выйсці на волю, але адбыўся яшчэ адзін адміністрацыйны працэс у судзе Ленінскага раёна Мінска, дзе яму прысудзілі яшчэ 14 сутак арышту.
- 22 сакавіка пасля ператрусу ў кватэры затрымалі і асудзілі на 15 сутак Фёдара Чаранкова – вакаліста мазырскага гурта «Ня Варта». Затрыманне было жорсткім, супрацоўнікі міліцыі выламалі дзверы ў кватэру.
- 29–31 сакавіка ў Полацку сярод супрацоўнікаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прайшлі ператрусы і затрыманні. Затрымалі 11 чалавек. Сярод затрыманых – былая дырэктарка музея Тамара Джумантаева, філосаф Ігар Бортнік, электрык музея, фатограф Кірыл Смалякоў, фатограф Ігар Супранёнак, загадчыца рэстаўрацыйных майстэрняў Аксана Шафран, Аксана Козел з музея ткацтва, Вольга Філімонава з Сафійскага сабора, Вікторыя Бабко з фондаў, Надзея Язмер з Сафійскага сабора, былая супрацоўніца музея Алена Ходзікава. Былой дырэктарцы музея Тамары Джумантаевай, фатографу Кірылу Смалякову і электрыку музея прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Кандыдата філасофскіх навук Ігара Бортніка ўтрымліваюць у Наваполацкім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
ІІІ. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
- 3 сакавіка суд Глыбоцкага раёна разгледзеў адміністрацыйную справу мясцовага прадпрымальніка Юрыя Татарыновіча і прысудзіў яму 70 базавых велічынь штрафу, што складае 2590 рублёў (1026 долараў). Юрыя Татарыновіча асудзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) за тое, што ён размясціў сваё фота на Facebook-старонцы з выявай сцяга Украіны і герба «Пагоня». Таксама на яго Facebook-старонцы была публікацыя з выявай бел-чырвона-белага сцяга.
- 16 сакавіка ў судзе Астравецкага раёна асудзілі Паўла Дубава паводле арт.370 Крымінальнага кодэкса (глумленне з дзяржаўных сімвалаў) за тое, што ён у карпарацыйнай суполцы кампаніі грузаперавозак пакінуў каментарый на беларускай мове, у якім сцвярджаў, што «наш сцяг – бел-чырвона-белы», а дзяржаўны назваў «усходам сонца над балотам». Прысуд – 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
- 20 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд крымінальнай справы пяці чалавек, якія ў сярэдзіне верасня 2022 года вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома на вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску. Гэта Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая. Праз два тыдні пасля іх затрымання МУС прызнала «экстрэмісцкім фарміраваннем» канал у мабільнай праграме «Zello», праз які яны кантактавалі пры арганізацыі акцыі. Цяпер іх абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і ч. 2 арт. 361.4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
28 сакавіка з’явілася інфармацыя, што Марыю Калеснікаву змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) у гомельскай жаночай калоніі. ПКТ – камера з жорсткім рэжымам утрымання, «турма ў турме», куды пераводзяць вязняў за парушэнні парадку ў калоніі. Вязні, пераведзеныя ў ПКТ, моцна абмежаваны, яны маюць права атрымліваць адну бандэроль або дробны пакет на працягу 6 месяцаў, здзяйсняць штодзённую прагулку працягласцю 30 хвілін.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
16 сакавіка суд Добрушскага раёна прыняў рашэнне аб прызнанні кнігі «Адысея капітана БНР» Анатоля Гатоўчыца экстрэмісцкай. Дакументальная аповесць Анатоля Гатоўчыца «Адысея капітана БНР» падрыхтавана на падставе ўспамінаў дзеяча беларускага нацыянальнага руху Цімоха Вострыкава, які пасля вызвалення са сталінскіх лагераў стала жыў у Гомелі.
VI. Знішчэнне мясцінаў памяці, значных для беларускай культуры
30 сакавіка стала вядома, што ў Зэльве дэмантавалі помнік паэтцы, грамадскай дзяячцы, вязню ГУЛАГа Ларысе Геніюш. Пра дэмантаж помніка рэдакцыі радыё «Рацыя» паведаміў унук Ларысы Геніюш Міхась Геніюш, які сказаў: «Уночы гэты помнік знялі і кудысьці звезлі. Няма яго там. Не ведаю, чаму так сталася. Гэта для мяне вельмі дзіўна, хаця б з той нагоды, што нават за савецкай уладай, калі жыла Ларыса Геніюш, выдавалі яе кнігі, друкавалі вершы, плацілі ёй за гэта грошы, клікалі ў Саюз пісьменнікаў. І раптам помніка няма праз адну ноч». Аўтар скульптурнай выявы Ларысы Геніюш – Міхась Інькоў. Помнік пры царкве ў Зэльве быў усталяваны з блаславення мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. У 2023 годзе помнік Ларысе Геніюш патрабавала ліквідаваць прарасейская актывістка Вольга Бондарава. Хаця спачатку Зэльвенскі райвыканкам адмовіў Бондаравай, помнік усё ж дэмантавалі.