У судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены прысуд праваабаронцу, літаратару, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму: 10 гадоў калоніі і 5000 базавых велічынь штрафу.
З 4 па 14 сакавіка ў Мінску ў СІЗА КДБ трымалі Змітра Коласа – выдаўца і перакладчыка.
Пракурор запатрабаваў для даследчыц Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай па 10 гадоў зняволення.
Выдавецтва «Зміцер Колас» паведаміла ў сацыяльных сетках, што прыпыняе сваю дзейнасць.
Выдавецтва «Кнігазбор» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.
І. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены жорсткі і несправядлівы прысуд праваабаронцу, літаратару, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму: 10 гадоў калоніі і 5000 базавых велічынь штрафу (185000 рублёў). Паводле палітычна матываванай справы «Вясны» таксама асудзілі Валянціна Стэфановіча на 9 гадоў калоніі, Уладзіміра Лабковіча на 7 гадоў калоніі, Змітра Салаўёва на 8 гадоў (ён застаецца за межамі краіны, суд разглядаў справу і вынес прысуд завочна). Кожнаму з асуджаных прызначаны штраф у 3000 базавых велічынь (111 000 рублёў). За дзейнасць па абароне правоў чалавека і за дапамогу рэпрэсаваным праваабаронцаў надумана абвінавацілі і асудзілі паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Суд праходзіў у адкрытым рэжыме. Падчас суда праваабаронцы трапілі пад прэсінг, цкаванне і дыфамацыю ў праўладных СМІ. Алесь Бяляцкі ў апошнім слове на судзе назваў справу «Вясны» палітычна матываванай і асобна адзначыў парушэнне моўных правоў у судовым працэсе: «Абвінавачанне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я як абвінавачваны з’яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. […] Гэтым самым мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачання. Мне не далі магчымасці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазіцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачанне». Алеся Бяляцкага з калегамі-праваабаронцамі арыштавалі 14 ліпеня 2021 года, з таго часу іх утрымлівалі пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
- З 4 па 14 сакавіка ў Мінску ў СІЗА КДБ заставаўся Зміцер Колас – выдавец, перакладчык з французскай мовы, літаратуразнаўца. Ён быў быў затрыманы 4 сакавіка ў Мінску і дастаўлены ў СІЗА КДБ пасля ператрусу ў кватэры. 14 сакавіка, праз 10 сутак арышту, Зміцер Колас выйшаў на волю. Што яму інкрымінуецца, невядома. 5 сакавіка ў сацыяльных сетках выдавецтва «Зміцер Колас» з’явілася паведамленне аб прыпыненні дзейнасці.
- 6 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе пракурор запатрабаваў для даследчыц Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай па 10 гадоў зняволення. Суд над даследчыцамі пачаўся 6 лютага 2023 года ў адкрытым рэжыме. Валерыя Касцюгова – заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка зборніка аналітычных аглядаў «Белорусский ежегодник», кіраўніца экспертна-маніторынгавай групы «Беларусь у фокусе». 30 чэрвеня 2021 года Валерыю Касцюгову затрымалі пасля ператрусу ў кватэры, змясцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Яе абвінавацілі паводле арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), а таксама паводле ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам) Крымінальнага кодэкса.
- 10 сакавіка ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме на 3,5 года пазбаўлення волі асудзілі перакладчыцу з італьянскай мовы Наталлю Дуліну паводле ч.1 арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 361.4 (cадзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Наталля Дуліна была затрымана на пачатку кастрычніка 2022 г. у межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах. Наталля Дуліна – былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінвістычнага ўніверсітэта.
- 10 сакавіка ў судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся судовы працэс паводле крымінальнай справы ў дачыненні да Уладзіміра і Дзмітрыя Каракіных з гурта «Litesound», а таксама іх бацькоў Юрыя і Вольгі, якіх абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (удзел у пратэстах) і ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Братоў Каракіных затрымалі 13 кастрычніка 2022 года. Пазней стала вядома, што разам з братамі затрымалі іх бацькоў. Нагодай стала сямейнае фота падчас мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 2020 года.
- 14 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў 1,5 года пазбаўлення волі культуролагу Аксане Зарэцкай, 2 гады пазбаўлення волі – заснавальніку кампаніі «Astronim» і фестывалю рэкламы і маркетынгу «Белы квадрат» Багдану Караўцу. Аксану Зарэцкую затрымалі ў снежні 2022 года, Багдана Караўца – у кастрычніку 2022-га. Яны абвінавачваліся на падставе арт. 342 Крымінальнага кодэкса (грубае парушэнне грамадскага парадку).
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 13 сакавіка ў Мінску затрымалі былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатра Мікалая Зайца.
- 14 сакавіка ў Мінску пасля ператрусу ў кватэры затрыманы разам з жонкай Вікторыяй фатограф, аўтар кнігі лірычнай прозы «Шалі» (2012) Дзмітрый Баяровіч.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
- У СІЗА № 3 Гомеля пагоршыўся стан здароўя Аляксея Ільінчыка. Правая рука ў яго амаль не дзейнічае, незадоўга да затрымання ён перанёс інсульт. Аляксея Ільінчык – бард, паэт (псеўданім Леший). Аўтар кніг «От Лешки до Лешего» (2000), «ФАС», (2000), «Счастливый человек» (2002), «Лешики forever! Часть 1» (2002), «Ты знаешь…» (2004). Затрыманы 18 жніўня 2022 года. Паводле інфармацыі праўладнага тэлеграм-канала, барда затрымалі за «творчую дзейнасць у інтэрнэце». Імаверныя артыкулы Крымінальнага кодэкса, паводле якіх яго абвінавачваюць: арт. 130 (распальванне варожасці), арт. 363 (супраціў пры затрыманні), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Утрымліваецца ў СІЗА № 3 Гомеля.
- Журналіста, паэта і музыку Андрэя (Анджэя) Пачобута тыдзень трымалі ў адзіночнай камеры. Пра гэта ён напісаў у лісце на волю.
- Жонка Паўла Мажэйкі, Ірына Чарняўка, распавяла, што падчас спаткання ў гродзенскай турме маці Паўла заўважыла сляды катаванняў і бесчалавечнага абыходжання: «Звярнула ўвагу на сляды наручнікаў на руках. Калі яго затрымлівалі, мы разумеем, што яго затрымлівалі жорстка. Праз паўгода засталіся сляды наручнікаў на запясцях, гэта, канешне, нас усіх прыводзіць у роспач, што такія рэчы адбываюцца і што мы нічым не можам дапамагчы. Самае галоўнае, што мы практычна не маем ніякай інфармацыі». Павел Мажэйка – кіраўнік культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне, журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», што спецыялізавалася на выданні кніг аўтараў з Гродна і пра Гродна. 30 жніўня 2022 года Паўла Мажэйку затрымалі ў Гродне і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 2 верасня яго перавялі з ізалятара часовага ўтрымання ў следчы ізалятар.
IV. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
- 5 сакавіка 2023 года на старонцы выдавецтва «Зміцер Колас» у сацыяльных сетках з’явіўся допіс: «Шаноўнае спадарства, выдавецтва прыпыняе сваю дзейнасць да асобнага паведамлення». Заснавальніка выдавецтва Змітра Коласа затрымалі 4 сакавіка 2023 года ў Мінску. Выдавецтва «Зміцер Колас» вядомае кнігамі-перакладамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі, сярод якіх серыя «Паэты планеты», у якой выйшла 100 кніг выбітных аўтараў. 28 лютага 2023 года ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна адбылася імпрэза з нагоды сотага выпуску серыі «Паэты планеты».
- 6 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў раман пісьменніка Альгерда Бахарэвіча «Апошняя кніга Пана А» экстрэмісцкімі матэрыяламі. У спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» выданне з’явіліся праз восем дзён, разам з дзевяццю нумарамі часопіса «Наша гісторыя», трыма нумарамі часопіса «Arche» і календаром «Не маўчы па-беларуску» за 2021 год.
- Выдавецтва «Кнігазбор» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.
V. Дэбеларусізацыя
У Оршы гарадскія ўлады адмовіліся змяніць мову з рускай на беларускую на мемарыяльнай шыльдзе ў гонар Уладзіміра Караткевіча на будынку сярэдняй школы № 3, што носіць імя Караткевіча з 1985 года. Раней там вісела шыльда з тэкстам па-беларуску: «У гэтай школе ў 1938–1941 гг. вучыўся выдатны беларускі пісьменнік Ул. Караткевіч». Аднак у лістападзе 2022 года ўрачыста адкрылі іншую шыльду, на рускай мове.