Заўтра спаўняецца год, як Расійская Федэрацыя пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварванне ва Украіну. Паводле звестак ААН, 7199 мірных жыхароў былі забітыя і 11756 атрымалі раненні, хаця фактычныя лічбы, відавочна, значна большыя. Многія дагэтуль лічацца прапалымі без вестак. Больш за 14 мільёнаў чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Больш за 2,8 мільёна ўкраінцаў знаходзяцца ў Расійскай Федэрацыі і Беларусі, большасць з іх былі пераселеныя прымусова.
«У гэтую трагічную гадавіну Міжнародны ПЭН зноў заклікае расійскія ўлады неадкладна і безадгаворачна спыніць разбуральную вайну супраць Украіны. Пакаранні смерцю без суда, гвалтоўныя знікненні, катаванні, прымусовыя дэпартацыі – усё гэта ваенныя злачынствы. Наўмысныя абстрэлы жылых раёнаў і электрастанцый прывялі да таго, што мільёны ўкраінцаў апынуліся ў надзвычайна цяжкіх умовах, бо яны вымушаныя пакутаваць ад холаду і не маюць доступу да жыццёва неабходных паслуг. Ядзерныя пагрозы непрымальныя. Прыцягненне да адказнасці за ваенныя злачынствы мае вырашальнае значэнне. Усе вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасці», – адзначае Герман Рохас, старшыня камітэта «Пісьменнікі за мір» Міжнароднага ПЭНа.
«Пакуль працягваецца вайна Пуціна супраць Украіны, з’яўляюцца ўсё новыя доказы зверстваў, учыненых расійскімі войскамі. Сэксуальны гвалт выкарыстоўваецца як зброя вайны, у асноўным супраць жанчын, у тым ліку дзяўчатак і пажылых жанчын. Членаў сям’і часам вымушаюць быць сведкамі злачынстваў. Пацярпелыя павінны атрымаць доступ да правасуддзя і быць абароненымі ад паўторнай траўматызацыі або іншай шкоды», – кажа Зоі Радрыгес, старшыня камітэта жанчын-пісьменніц Міжнароднага ПЭНа.
Пісьменнікаў і журналістаў рабілі мішэнямі, выкрадалі, падвяргаліся нападам і забівалі
З 24 лютага 2022 года прынамсі 13 украінскіх і замежных журналістаў і супрацоўнікаў СМІ былі забітыя пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў. 28 лістапада 2022 г. аналіз ДНК пацвердзіў, што цела, знойдзенае ў магіле №319 у лясе каля Ізюма, Усходняя Украіна, належыць украінскаму пісьменніку Уладзіміру Вакуленку. Навіна пра тое, што ён быў выкрадзены, з’явілася ў красавіку, але яго лёс стаў вядомы толькі пасля таго, як украінская армія адваявала Ізюм у расійскіх войскаў.
На тэрыторыі, падкантрольнай расійскім войскам і звязаным з імі ўзброеным групоўкам, грамадзянскія журналісты і праваабаронцы ўтрымлівацца за кратамі па палітычных матывах. Крымскататарскі журналіст і актывіст Сервер Мустафаеў утрымліваецца пад вартай у Расійскай Федэрацыі, што груба парушае міжнароднае права.
«Міжнародны ПЭН рашуча асуджае пагрозы жыццю і бяспецы пісьменнікаў і журналістаў у выніку поўнамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну і заклікае прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Расійскія ўлады павінны неадкладна і безадгаворачна вызваліць усіх затрыманых за мірнае выказванне сваіх поглядаў. Міжнародная супольнасць мусіць павялічыць падтрымку для забеспячэння ўстойлівасці СМІ ва Украіне і зрабіць усё магчымае, каб украінскія журналісты і СМІ ў выгнанні працягвалі сваю працу», – сцвярджае Ма Ціда, старшыня камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні» Міжнароднага ПЭНа.
Злачынствы супраць культурнай спадчыны
Музеі, бібліятэкі і архівы па ўсёй Украіне падвяргаюцца няспынным атакам. Расейскія войскі наўмысна знішчаюць гістарычныя аб’екты, рабуюць і вывозяць культурныя каштоўнасці; гэта злачынствы, якія ўкраінскія ўлады назвалі атакай на саму ідэнтычнасць украінцаў. Па стане на 1 лютага 2023 года ЮНЕСКА пацвердзіла шкоду, нанесеную 238 культурным аб’ектам. На акупаваных тэрыторыях Украіны ў мясцовых школах укараняюцца «расійскія стандарты», а выкладанне ўкраінскай мовы, гісторыі і літаратуры паступова згортваецца.
«Міжнародны ПЭН заклапочаны маштабамі знішчэння і рабавання неацэннай культурнай спадчыны Украіны расійскімі сіламі і падтрымлівае многіх мастакоў і дзеячаў культуры, якія, нягледзячы ні на што, працягваюць сваю працу. Паколькі ўкраінскія ўлады нястомна працуюць над абаронай сваёй культурнай спадчыны, міжнародная супольнасць павінна звярнуць асаблівую ўвагу на падтрымку Украіны ў дакументаванні такіх нападаў. Культура павінна быць у цэнтры намаганняў па рэканструкцыі і аднаўленні», – адзначыў Урці Уруцікоэтчэа, старшыня камітэта перакладу і моўных правоў Міжнароднага ПЭНа.
Рашучасць Украіны
Нягледзячы на найскладанейшыя абставіны, Украінскі ПЭН працягвае сваю наватарскую працу: #Дыялогі_на_вайне, “Словы і кулі”, “Тут і цяпер: гісторыі журналістаў на вайне”, #Словы_салідарнасці і шэраг фотавыстаў і многае іншае – усё гэта мае на мэце зафіксаваць досвед вайны і супрацьстаяць расійскай дэзынфармацыі.
«Культура прыходзіць не тады, калі “ўсе пытанні вырашаны”. Яна прыходзіць не тады, калі гарантаваная бяспека і камфорт. Культура – гэта экзістэнцыяльны адказ на наш глыбінны чалавечы досвед, які часта ўзнікае, калі мы знаходзімся паміж жыццём і смерцю. Вайна – гэта зло, але часта культура – адзін з рэдкіх шанцаў пераадолець экзістэнцыяльную цішыню, народжаную вайной. Украінская культура сёння змагаецца з ворагам, як і ўсё грамадства, але я веру, што гэтая барацьба прывядзе не толькі да перамогі Украіны і вольнага свету, але і да перамогі жыцця над смерцю. Культура не можа збавіць нас ад болю, але яна можа дапамагчы чалавеку перамагчы ў яго барацьбе», – кажа Уладзімір Ермаленка, прэзідэнт Украінскага ПЭНа.
«Сёння мы зноў выказваем нашу падтрымку нашым сябрам з Украінскага ПЭНа і ўсім, хто пацярпеў ад вайны ва Украіне. Наша пасланне міжнароднай супольнасці зразумелае. Дзяржавы павінны падтрымліваць усе намаганні па прыцягненні да адказнасці за парушэнні міжнароднага права ў галіне правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права, учыненыя ва Украіне, і калектыўна працаваць над забеспячэннем прававой абароны, пакрыцця страт і кампенсацыі за мінулыя парушэнні і прадухіленнем новых парушэнняў», – кажа Бурхан Сонмез, прэзідэнт Міжнароднага ПЭНа.