У судзе Ленінскага раёна ў справе праваабарончага цэнтра «Вясна» суддзя Марына Запаснік працягвае парушаць моўныя правы, катэгарычна адмаўляецца выкарыстоўаць у судовым працэсе беларускую мову, як таго патрабуе праваабаронца, літаратар, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
16 студзеня ў Гродне пачаўся суд у закрытым рэжыме па крымінальнай справе журналіста і эсеіста Андрэя (Анджэя) Пачобута.
Распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да: аднаго з пачынальнікаў беларускамоўнай актыўнасці ў LiveJournal Івана (Яна) Марозава; сацыёлага Юрыя Бубнова; культурнага менеджара Уладзіміра Булаўскага; архітэктара Мікіты Каваленкі; трох музыкаў гурта «Tor Band» Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка; выкладчыцы вакалу Ладарыі Кузняцовай; акцёра Андрэя Трызубава; былой выкладчыцы Гомельскага ўніверсітэта, маці загінулага ўдзельніка палка Каліноўскага Паўла Волата, Наталлі Суславай; дзіцячага паэта Дзмітрыя Юртаева; спявачкі Аляксандры Захарык.
Вынесеныя прысуды ў крымінальных справах: даследчыцы рэпрэсій сталінскіх часоў, экскурсаводкі Валерыі Чарнаморцавай; спявачкі Мерыем Герасіменкі (Мерыем Геры); музыкі Яўгена Глушакова, выкладчыцы англійскай мовы Дар’і Цыркун.
Міністэрства інфармацыі cпыніла дзейнасць выдавецтва «Кнігазбор».
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- У судзе Ленінскага раёна Мінска працягваецца суд у справе праваабарончага цэнтра «Вясна». На лаве падсудных – Алесь Бяляцкі, літаратар, старшыня «Вясны», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру. Падчас судовых пасяджэнняў пракурор зачытвае пісьмовыя матэрыялы са справы – фрагменты допытаў сведкаў, пратаколы ператрусаў офісаў «Вясны» і кватэр падсудных, ліставанне, узятае з лічбавых носьбітаў. Пісьмовых матэрыялаў у справе – 284 тамы. Суддзя Марына Запаснік працягвае парушаць моўныя правы. У судзе няма перакладчыка з рускай на беларускую мову. 18 студзеня ў судовым працэсе просьбу Алеся Бяляцкага задаць пытанне па-беларуску, на «яснай мове», суддзя Марына Запаснік назвала «прихотью Беляцкого» і адмовілася прамовіць на беларускай мове нават адзін сказ. Абвінавачваных у зале суда трымаюць у закратаванай клетцы. Акрамя кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага на лаве падсудных – яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч. Зміцер Салаўёў, якога судзяць завочна, знаходзіцца за межамі краіны. Алеся Бяляцкага з калегамі арыштавалі 14 ліпеня 2021 года, з таго часу яны ўтрымліваліся пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Праваабаронцаў судзяць паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд праходзіць у адкрытым рэжыме.
- 9 студзеня стала вядома пра затрыманне аднаго з пачынальнікаў беларускамоўнай актыўнасці ў LiveJournal Івана (Яна) Марозава. Цяпер ён знаходзіцца з СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў мірных пратэстах у Мінску ў 2020 годзе, які артыкул яму інкрымінуюць, дакладна невядома.
- 16 студзеня ў Гродне ў абласным судзе пачаўся суд у закрытым рэжыме ў крымінальнай справе журналіста і эсэіста Андрэя (Анджэя) Пачобута. Андрэя Пачобута абвінавачваюць у закліку да санкцый на падставе арт. 361.3 Крымінальнага кодэкса. Яму таксама выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу). Паводле гэтых артыкулаў прадугледжваецца пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі. Бок абвінавачання сцвярджае, што Андрэй Пачобут называў «агрэсіяй» напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе, «нагнятаў жарсці» адносна пераследу польскай меншасці ў Беларусі.
- 16 студзеня ў судзе Савецкага раёна Мінска асудзілі даследчыцу рэпрэсій сталінскіх часоў, экскурсаводку Валерыю Чарнаморцаву паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Прысуд: 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
- 19 студзеня 2023 года ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска Мерыем Герасіменку (Мерыем Геру) асудзілі на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі») паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Мерыем Герасіменка была затрымана 4 жніўня 2022 года ў Мінску пасля канцэрта ў бары «Банкі-бутэлькі». Сярод песень, выкананых спявачкай на канцэрце, быў твор украінскага гурта «Океан Ельзи» – «Обійми». Пасля затрымання спявачку двойчы асудзілі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула, а затым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
- 20 студзеня Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме прысудзіў музыку Яўгену Глушакову, жыхару вёскі Зябраўка, 9 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яўген Глушакоў быў асуджаны за фотаздымкі вайсковага аэрадрома ў Зябраўцы, зробленыя з дрону, і за кантакты з украінцамі. Яго абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса). Яўген Глушакоў быў затрыманы ў жніўні 2022 года. Раней ён граў у складзе ўкраінскага рок-гурта «Діти Неба», выступаў на ўкраінскім тэлебачанні.
- 21 студзеня ў Магілёве сацыёлагу, загадчыку кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Юрыю Бубнову выставілі абвінавачванне ў паклёпе на прэзідэнта (арт. 367 Крымінальнага кодэкса). Яго затрымалі 12 студзеня на працы. Юры Бубноў – адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў у Магілёве і фестывалю «Дранік-фэст».
- 22 студзеня стала вядома, што ў Віцебску ў дачыненні да культурнага менеджара Уладзіміра Булаўскага завялі крымінальную справу. Падставай для абвінавачвання маглі стаць фотаздымкі ў сацыяльных сетках з мірных пратэстаў 2020 года.
- 24 студзеня ў Фаніпалі затрыманы архітэктар Мікіта Каваленка. Супрацоўнікі міліцыі ўчынілі ў кватэры Мікіты Каваленкі ператрус, забралі камп’ютар і тэлефон. У дачыненні да Мікіты Каваленкі распачата крымінальная справа, але пакуль дакладна невядома, які артыкул Крымінальнага кодэкса яму інкрымінуюць.
- 24 студзеня стала вядома, што музыкаў гурта «Tor Band» Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка перавялі ў гомельскі СІЗА, супраць іх распачата крымінальная справа. Які артыкул інкрымінуюць музыкам, дакладна невядома. 16студзеня гурт быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».
- 24 студзеня ў Мінску затрымана выкладчыца вакалу Ладарыя Кузняцова, ёй інкрымінавана ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
- 24 студзеня суд Савецкага раёна Мінска вынес прысуд выкладчыцы англійскай мовы Дар’і Цыркун за ўдзел у мірных пратэстах ў 2020года (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Суд прызначыў Дар’і Цыркун абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 3 гады («хатняя хімія»).
- 25 студзеня стала вядома, што акцёра тэатральна-музычнага калектыву «Пуговицы» Андрэя Трызубава перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Пра гэта паведаміў акцёр Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) на сваёй Facebook-старонцы. Андрэя Трызубава затрымалі 4 студзеня ў Мінску.
- 26 студзеня ў дачыненні да былой выкладчыцы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, маці загінулага ўдзельніка палка Каліноўскага Паўла Волата, Наталлі Суславай, распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 361.3 Крымінальнага кодэкса (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў баявых дзеяннях). Перад тым, 25 лістапада 2022 года ў дачыненні да Наталлі Суславай распачалі крымінальную справу за інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат», паводле арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Падчас пратэстаў 2020 года Наталля Суслава тройчы трапляла за краты паводле адміністрацыйных спраў. 29 кастрычніка 2020 года дацэнтка кафедры рускай і сусветнай літаратуры ГДУ імя Францыска Скарыны звольнілася з універсітэта. Пасля гібелі сына Наталля Суслава з’ехала ва Украіну і далучылася да беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца супраць расійскай агрэсіі.
- 26 студзеня стала вядома, што ў дачыненні да Дзмітрыя Юртаева распачата крымінальная справа за абразу прэзідэнта, на падставе ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Дзмітры Юртаеў – дзіцячы паэт (псеўданім Змітрок Бурачок), шоумен, былы настаўнік прыватнай мінскай школы «Smart School». Дзіцячыя вершы піша на беларускай і рускай мовах. Аўтар зборніка вершаў на рускай мове «Жги!».
- 30 студзеня ў Мінску затрымалі спявачку Аляксандру Захарык, ёй інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), На гэты момант спявачка знаходзіцца на Акрэсціна. Аляксандра Захарык у 2009 і 2016 гадах выходзіла ў фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне». У 2016 годзе яна прадстаўляла Беларусь на конкурсе «Новая хваля». А найбольшую вядомасць набыла як удзельніца расійскага тэлевізійнага праекта «Голос».
- 31 студзеня чарговым разам на месяц працягнулі тэрмін утрымання за кратамі Паўлу Мажэйку – кіраўніку культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне, журналісту, каардынатару выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», што спецыялізавалася на выданні кніг аўтараў з Гродна і пра Гродна. 30 жніўня 2022 года Паўла Мажэйку затрымалі ў Гродне і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 2 верасня яго перавялі з ізалятара часовага ўтрымання ў следчы ізалятар.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 15 студзеня сталі вядомыя падрабязнасці затрымання і адміністрацыйных прысудаў Валянціне Болбат, арганізатарцы культурніцкіх імпрэз з Верхнядзвінска. 13 студзеня прайшоў чарговы адміністрацыйны суд, яе абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях за малюнкі ў сацыяльных сетках. Суд прызначыў Валянціне Болбат 100 базавых велічынь штрафу (3700 рублёў) у дадатак да папярэдніх адміністрацыйных арыштаў. Першы раз Валянціну Болбат затрымалі 22 лістапада 2022 года, адбыліся тры суды запар. Валянціне Болбат двойчы прысуджалі адміністрацыйны арышт на 10 сутак паводле арт.19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), а на трэці раз прызначылі 320 рублёў штрафу. За кратамі ў Валянціны Болбат пагоршылася здароўе, таму яе вызвалілі на тры дні раней. Але 11 студзеня яе выклікалі ў Верхнядзвінскі РАУС і сказалі прыйсці ў міліцыю ў Наваполацку. Там яе адразу ж затрымалі і адправілі ў ЦІП на трое сутак. Тады яна абвясціла галадоўку. 13 студзеня, калі яна знаходзілася за кратамі, адбыўся чацвёрты суд, на падставе арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях.
- 24 студзеня ў Магілёве затрыманы музыка Ілля Сазонаў, яго абвінавацілі ў тым, што ён размяшчаў у сваіх сацыяльных сетках «інфармацыю экстрэмісцкай скіраванасці».
- 25 студзеня ў Гродне затрымалі Антона Янкоўскага, папулярызатара беларускай традыцыйнай культуры, які працаваў ў студыі распрацоўкі настольных гульняў «Кубік», дзе былі створаны гульні «Паўстанцы», «ВКЛ» і «Мова». Антон Янкоўскі быў затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацыяльных сетках.
- 26 студзеня ў Магілёве на 10 сутак за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў арыштаваны музыка Аляксандр Бурак.
- 29 студзеня стала вядома пра затрыманне паэта, барда і вандроўніка Андрэя Мельнікава. Да 5 лютага ён будзе заставацца ў ізалятары часовага ўтрымання Мінскага раёна, яму інкрымінуецца артыкул «Дробнае хуліганства».
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
У следчым ізалятары Гродна, дзе ўтрымліваюць культурнага менеджара і выдаўца Паўла Мажэйку, перасталі прымаць вітаміны і лекі ад родных вязняў. Гэтае распараджэнне тычыцца ўсіх зняволеных.
IV. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
22 студзеня стала вядома, што Міністэрства інфармацыі спыніла дзейнасць выдавецтва «Кнігазбор». 26 студзеня Генадзь Вінярскі, дырэктар выдавецтва, паведаміў на сваёй Facebook-старонцы, што здаў у Міністэрства інфармацыі пасведчанне выдаўца: «Вось і скончылася мая эпапея выдаўца. 27 гадоў працы, каля 3 тысяч найменняў кніг, прэзентацыі, выставы. Сёння здаў у Міністэрства інфармацыі пасведчанне выдаўца. У хуткім часе пачнём працэс ліквідацыі ПУП «Кнігазбор», таму купляйце ў кнігарнях кнігі нашага выдавецтва, пакуль яны ёсць». У тэлеграм-канале Міністэрства інфармацыі паведамлі, што прычына − «парушэнне тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэннем аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў». Выдавецтва «Кнігазбор» было зарэгістравана ў 2006 годзе, дырэктарам быў Генадзь Вінярскі, галоўным рэдактарам – Кастусь Цвірка.
V. Рэпрэсіі за выкарыстанне беларускай нацыянальнай сімволікі (бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня»)
- 24 студзеня ў Шаркаўшчыне Віцебскай вобласці аштрафавалі на 30 базавых велічынь (1110 рублёў) папулярызатара беларускай мовы, гісторыі і культуры Ігара Дземідовіча. Адміністрацыйнае пакаранне было вынесена судом за аватарку з выявай палітзняволенага грамадскага дзеяча і літаратара Паўла Севярынца і бел-чырвона-белай стужкай. Ігар Дземідовіч раней працаваў у Шаркаўшчыне настаўнікам гісторыі, арганізаваў курсы «Мова нанова», якія праіснавалі да восені 2020 года.
- 26 студзеня праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне у Мінску Ганны Шурдзяковай за тое, што «захоўвала дома пратэсную сімволіку» – бел-чырвона-белы сцяг.