26 студзеня 2023 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзянаў, якія выказаліся з нагоды відавочнага парушэння прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасці прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.
Нам вядома пра тое, што пазбаўленыя волі:
Таццяна Колас, якая абвінавачвалася ў перадачы асабістых дадзеных Telegram-каналу “Чорная кніга Беларусі” паводле ч. 3 арт. 203-1 КК —неправамерныя дзеянні ў дачыненні да звестак аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных; ч. 3 арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы; ч. 3 арт. 352 КК — незаконнае валоданне камп’ютарнай інфармацыяй; ч. 3 арт. 426 КК — перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, асуджаная да 6 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Павел Петручэня, змешчаны пад варту ў СІЗА паводле ч. 6 арт. 16 ч. 3 арт. 130 КК за перадачу звестак Telegram-каналу “Чорная кніга Беларусі”;
Аляксандр Грыдзюшка, асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК за распальванне іншай сацыяльнай варажнечы, паводле ч. 2 арт. 295 КК за захоўванне агнястрэльнай зброі, паводле ч. 1 арт. 368 і арт. 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да 4 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Уладзіслаў Аўчыннікаў, асуджаны паводле ч. 1 арт. 352 КК — неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй, ч. 2 арт. 424 КК — злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі за перадачу звестак супрацоўнікаў МУС Telegram-каналам да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 300 базавых велічынь;
Дмітрыйс Міхайлаўс, асуджаны паводле ч. 3 арт. 361 КК за заклікі ў сацыяльных сетках да прыняцця абмежавальных мер (санкцый) у дачыненні да Беларусі за парушэнне правоў чалавека, паводле ч. 2 арт. 130 КК за распальванне іншай сацыяльнай варожасці, ч. 1 і ч. 2 арт. 368, арт. 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да 4 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Вячаслаў Бяганскі, асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК за распальванне іншай сацыяльнай варажнечы да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Ілля Краўчэўскі, асуджаны за абразу А.Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, паклёп у дачыненні да А. Лукашэнкі, распальванне іншай сацыяльнай варожасці, удзел у масавых беспарадках, супраціў міліцыі, перадачу дадзеных да 8 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Віталь Енаровіч, асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК — распальванне іншай сацыяльнай варожасці і ч. 1 арт. 342 КК — актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, да пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады ў папраўчай калоніі;
Цімафей Галубко, асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК за распальванне іншай сацыяльнай варажнечы да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбывання пакарання.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных. Судовыя рашэнні прынятыя паводле палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны вязень”, палітычным зняволеным з’яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Таццяны Колас, Паўла Петручэні, Аляксандра Грыдзюшкі, Уладзіслава Аўчыннікава, Дмітрыйса Міхайлаўса, Вячаслава Бяганскага, Іллі Краўчэўскага, Віталя Енаровіча, Цімафея Галубко.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
- вызваліць згаданых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.