Людзі Слова ў няволі – 26 чалавек, агулам у няволі – 120 дзеячаў культуры.
Заведзены крымінальныя справы супраць рэжысёркі-дакументалісткі Ларысы Шчыраковай (яе 16-гадовага сына Святаслава змясцілі ў прытулак) і праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава. У дачыненні да краязнаўцы Уладзімір Гундара, ужо асуджанага на 18 гадоў пазбаўлення волі, распачата новая крымінальная справа. У Гродне дыджэя і спявака Кірыла Жалудка асудзілі на 1 год пазбаўлення волі.
Практыка забароны на прафесію праз палітычныя матывы атрымала афіцыйнае пацвярджэнне: 7 снежня ўрадавай пастановай № 839 вызначана, што з 2023 года не змогуць працаваць экскурсаводамі тыя, каго судзілі паводле крымінальных і адміністрацыйных спраў за ўдзел у пратэстах.
Працягваецца палітыка дэбеларусізацыі: 8 снежня кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка заявіў, што ў Беларусі будзе разгледжана пытанне транслітарацыі геаграфічных назваў з выкарыстаннем рускай мовы.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 6 снежня ў Гомелі затрымалі Ларысу Шчыракову. Яе 16-гадовага сына Святаслава змясцілі ў прытулак – сацыяльна-педагагічны цэнтр у Гомельскім раёне. У дачыненні да Ларысы Шчыраковай распачалі крымінальную справу паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Ларыса Шчыракова – рэжысёрка-дакументалістка, папулярызатарка гісторыі і этнаграфіі, выканаўца народных песень, рэканструктарка народных абрадаў, каардынатарка праекта ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя», выканаўца ролі рэпрэсаванай і расстралянай беларускай палітычнай дзяячкі Палуты Бадуновай у фільме «Палута Бадунова: успомніць і не забыць», знятага рэжысёрам Валерам Мазынскім. Апошнім часам Ларыса Шчыракава займалася этнафотасесіямі. Цяпер Ларыса Шчыракова ўтрымліваецца ў СІЗА № 3 у Гомелі.
2. 6 снежня ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме вынесены прысуд у крымінальнай справе настаўніцы англійскай мовы з Хойнікаў Ірыне Абдукерынай. Прысуд – 4 гады пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 100 базавых велічынь (3200 рублёў). Ірыну Абдукерыну затрымалі раніцай 5 красавіка 2022 года. Падставай для затрымання стала нібыта тое, што Ірына запісала на тэлефон перамяшчэнне калоны расійскай вайсковай тэхнікі і пераслала запіс у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». Ірыне Абдукерынай прад’явілі абвінавачванне паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці або разладу), арт. 361.1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), арт. 361.2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 369.1 (дыскрэдытацыя Беларусі).
3. 8 снежня ў судзе Ленінскага раёна Гродна паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта) асудзілі дыджэя і спявака Кірыла Жалудка на 1 год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Кірыл Жалудок быў затрыманы 8 жніўня 2022 года, утрымліваўся ў СІЗА № 1 у Гродне.
4. 9 снежня ў дачыненні святара Уладзіслава Багамольнікава распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Уладзіслава Багамольнікава затрымалі 31 жніўня 2022 года, выламаўшы дзверы ў кватэры. Уладзіслаў Багамольнікаў сем разоў быў асуджаны на адміністрацыйны арышт, не выходзячы з-за кратаў, з 31 жніўня ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна 100 дзён. Айцец Уладзіслаў Багамольнікаў служыў паніхіду па забітым падчас паслявыбарчых пратэстаў у 2020 годзе мастаку Раману Бандарэнку, таксама абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка. Уладзіслаў Багамольнікаў – клірык храма Богаяўлення ў Мінску, загадчык царкоўна-гістарычнага музея Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык філасофіі ў семінарыі, сын вядомага беларускага археолага Уладзіміра Багамольнікава.
5. 15 снежня стала вядома, што ў дачыненні да краязнаўцы з Баранавічаў Уладзіміра Гундара, ужо асуджанага на 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, распачалі крымінальную справу за абразу пракурора, паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 2 снежня ў Мёрах затрыманы Вітольд Ермалёнак – кіраўнік музейнага аб’яднання «Спадчына Мёрскага краю», настаўнік гісторыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, аўтар больш чым 450 публікацый, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», «Чалавек года Віцебшчыны – 2010». Вітольд Ермалёнак затрыманы разам з сынам Антонам. Вітольд Ермалёнак працуе ў той жа школе, у якой працавала палітзняволеная настаўніца Эма Сцепулёнак.
2. 9 снежня ў Гомелі на 12 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі Іллю Міронава – актывіста і арганізатара канцэртаў.
3. 10 снежня стала вядома, што ў Браславе затрыманы бубнач браслаўскага гурта «Лабухі» Сяргей Садоўскі, які арганізоўваў канцэрты і фестываль «Жывое неба Браслава».
4. 13 снежня не выйшлі на волю ўдзельнікі музычнага гурта «Tor Band» Зміцер Галавач і Яўген Бурло, іх трэці раз запар пакаралі арыштам на 15 дзён. Музыкаў затрымалі 28 кастрычніка разам з жонкамі. Жонцы Дзмітрыя Галавача прысудзілі штраф, жонцы Яўгена Бурло – адміністрацыйны арышт.
5. 14 снежня ў Мінску на выхадзе з каледжа затрыманы Віталь Магучаў – выкладчык гісторыі Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
2 снежня стала вядома, што юрыст і паэт Максім Знак змешчаны ў памяшканне камернага тыпу, дзе вязні маюць права атаварвацца ў месяц толькі на 32 рублі, атрымліваць адну бандэроль на паўгода і выходзіць на прагулку на 30 хвілін. 6 верасня 2021 года Максіма Знака асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраванне ім). 24 траўня 2022 года КДБ унёс Максіма ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». За кратамі Максім Знак напісаў кнігу, якая складаецца са 100 кароткіх апавяданняў і называецца «Зэкамерон».
IV. Звальненні з дзяржаўных устаноў культуры за грамадзянскую пазіцыю
1. 8 снежня з Нацыянальнага мастацкага музея звольнілі Ірыну Моніч – маці мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча. Ёй не падоўжылі працоўны кантракт. Мікіта Моніч напісаў у сацсетках: «З яе боку не было парушэнняў працоўнай дысцыпліны, а з боку непасрэднага начальніка не было ніякіх прэтэнзій да выканання працоўных абавязкаў. Больш за тое, кіраўніцтва гэтага начальніка нават не паведаміла пра тое, што той страціць супрацоўніка. Так што мама шукае працу». Мікіту Моніча ў ліпені 2020 года звольнілі з музея за верш, які ён апублікаваў у сацыяльных сетках пасля так званай справы «Белгазпрамбанка» і арышту Віктара Бабарыкі.
2. У Бярозе звольнілі настаўніка вышэйшай катэгорыі Мікалая Жуковіча, аўтара падручнікаў па беларускай літаратуры для пачатковых і сярэдніх класаў.
V. Забарона на прафесію
7 снежня ўрадавай пастановай № 839 вызначана, што з 2023 года не змогуць працаваць экскурсаводамі тыя, каго судзілі за ўдзел у пратэстах паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 130 (распальванне варожасці або разладу), арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і іншых артыкулаў. Забарона на прафесію распаўсюдзіцца і на экскурсаводаў, якія маюць адміністрацыйныя прысуды паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), арт. 24.23 (несанкцыянаванае пікетаванне), арт. 24.22 (распаўсюд сродкамі масавай інфармацыі загадзя ілжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць прэзідэнта).
VI. Дэбеларусізацыя
8 снежня кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка выступіў перад Рэспубліканскім саветам па гістарычнай палітыцы і заявіў, што ў Беларусі разгледзяць магчымасць транслітарацыі геаграфічных назваў з выкарыстаннем рускай мовы: «Будзе разгледжана пытанне транслітарацыі ў геаграфічных назвах вуліц і населеных пунктаў з выкарыстаннем рускай мовы. Цяпер паступаюць звароты грамадзян наконт гэтага пытання, і мы вырашылі разгледзець яго і ўнесці яснасць, як далей выкарыстоўваць рускую мову ў назвах вуліц, населеных пунктаў, у транспарце».