Адбываецца дэбеларусізацыя – знішчэнне і забарона праяў беларускай культуры. Вітанне «Жыве Беларусь», якое з’яўляецца цытатай з верша класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы (верш напісаны ў 1905–1907 гг.), уключана Міністэрствам унутраных спраў Беларусі ў «пералік нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі». Улады імкнуцца дыскрэдытаваць і крыміналізаваць нацыянальны лозунг, прывязаўшы яго да дзейнасці калабарантаў часоў Другой сусветнай вайны.
Затрыманы культурны менеджар Сяргей Макарэвіч, у Гомелі за антываенныя выказванні судзілі вакалістку постпанк-гурта «VIKT(A)R xOi!» з Мазыра Крысціны Чаранковай, вынесена рашэнне ў крымінальнай справе краязнаўцы і экскурсавода Ігара Хмары.
Мінскі гарадскі суд у закрытым рэжыме вынес рашэнне ў крымінальнай справе мастака і Андрэя Раптуновіча – 4 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Сяргея Гараніна звольнілі з Акадэміі навук, дзе ён быў вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. З Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы звольнілі кандыдатку гістарычных навук, дацэнтку Святлану Сілаву.
Арыштаваных паводле адміністрацыйных спраў не выпускаюць пасля сканчэння тэрміну, катуюць шматразовымі прысудамі па 15 сутак і ўтрымліваюць у нялюдскіх умовах.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 4 лістапада затрыманы паводле крымінальнай справы супрацоўнік дабрачыннага фонду «Вяртанне», культурны менеджар Сяргей Макарэвіч. Дома ў Макарэвіча прайшоў ператрус, а яго самога затрымалі. Дабрачынны фонд «Вяртанне» спрыяў развіццю беларускай культуры, навукі і адукацыі. 25 кастрычніка рашэннем Мінскага гарадскога суда фонд быў ліквідаваны. Затрыманне Сяргея Макарэвіча пракаментаваў кіраўнік выдавецтва «Янушкевіч», з якім ён супрацоўнічаў: «Нашага выдатнага партнёра і вернага паплечніка Сяргея Макарэвіча арыштавалі. Нашы кнігі – ягоная заслуга, у асаблівасці Нобелеўская серыя „Noblesse Oblige“. На ім трымалася дзейнасць выдавецтва, увогуле менавіта з такімі людзьмі, якіх мала, робяцца вялікія і паважныя справы». Сяргей Макарэвіч дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання ў Гродне.
2. 5 лістапада стала вядома, што дырэктар ПТУП «Маёнтак Падароск» Юры Меляшкевіч і фінансавы дырэктар Дзмітрый Карабач абвінавачваюцца паводле крымінальнай справы ў нясплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў супрацоўнікаў. Ініцыятыва «Маёнтак Падароск» аднаўляе сядзібу Чачотаў – Бохвіцаў у Падароску. У 2013 годзе яе выкупіў мецэнат Павел Падкарытаў.
3. 10 лістапада Гомельскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы вакалісткі постпанк-гурта «VIKT(A)R xOi!» з Мазыра Крысціны Чаранковай, якую абвінавачваюць у «распальванні сацыяльнай варожасці» паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса – за антываенныя допісы ў Instagram. Крысціна Чаранкова была затрымана 22 сакавіка 2022 года.
4. 10 лістапада 2022 года ў судзе Слонімскага раёна вынесены прысуд грамадскаму актывісту і музыку Барысу Кучынскаму – 3 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»), 5000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу, штраф 4800 рублёў. Барыса Кучынскага асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса РБ (абраза прадстаўніка ўлады) і заўв. 1 ч. 3 арт. 203 Крымінальнага кодэкса РБ (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных) за лайк у «Аднакласніках» са згадваннем «пацярпелага» старэйшага інспектара міліцыі Віктара Лутчанкі.
5. 10 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы гітарыста «Крамбамбулі» і «Pomidor/off» Уладзіслава Плюшчава, якога 4 жніўня 2022 года асудзілі на 2 гады калоніі з канфіскацыяй аўтамабіля, а таксама прызначылі штраф 6400 рублёў. Цяпер музыку вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); арт. 188 (паклёп); ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных).
6. 10 лістапада на судзе Мёрскага раёна ў закрытым рэжыме пачаўся суд над 69-гадовай былой настаўніцай беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эмай Сцепулёнак, якую затрымалі 29 верасня 2021 года за каментар у сацсетках наконт «справы Зельцэра». Яе абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
7. 11 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме быў вынесены прысуд у крымінальнай справе Вадзіма Васільева – 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 500 базавых велічыняў (16 000 рублёў). Яго асудзілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за нібыта адміністраванне тэлеграм-каналаў «Віцебск 97%» і «Орша 97%». Вадзім Васільеў – асвятляльнік і акцёр. Працаваў у Беларускім тэатры «Лялька» ў Віцебску і ў цэнтры культуры «Віцебск».
8. 11 лістапада суд Івацэвіцкага раёна пастанавіў перавесці мастака Алеся Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтары года. 30 сакавіка 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе быў вынесены прысуд у яго крымінальнай справе – пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у калоніі строгага рэжыму шляхам частковага складання прысуду: 4,5 года калоніі паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (рэабілітацыя нацызму) і год «хіміі» паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года за размяшчэнне 19 сакавіка на выставе ў Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця партрэта антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара. У 2019 годзе Алесь Пушкін за кнігу «Турэмны альбом» стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.
9. 11 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна Мінска вынесена рашэнне ў крымінальнай справе краязнаўцы і экскурсавода Ігара Хмары паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) – 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Ігара Хмара быў затрыманы 2 жніўня 2022 года падчас экскурсіі па Мінску.
10. 14 лістапада Мінскі гарадскі суд у закрытым рэжыме вынес рашэнне ў крымінальнай справе мастака Андрэя Раптуновіча – 4 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Андрэй Раптуновіч – мастак у цэнтры дадатковай адукацыі ў Мінску. Андрэя Раптуновіча асудзілі за планы паехаць ва Украіну і далучыцца да палка імя Каліноўскага (ч. 1 арт. 13 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса), а таксама за рэгістрацыю ў плане «Перамога» (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Яго затрымалі 16 траўня 2022 года, асудзілі на 14 сутак паводле ч. 2 арт. 19-11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), ён павінен быў выйсці на волю 29 траўня, але яму прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту паводле арт. 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (дробнае хуліганства) – нібыта ён размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся. Пасля прад’явілі абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні); ч. 1 арт. 361-3 (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы).
11. 14 лістапада распачата крымінальная справа ў дачыненні да арганізацыі «Klerigata», на базе якой працаваў аддзел Саюза палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс. У Гродне адбыліся ператрусы ў кватэрах старшыні савета СПБ Ірэны Валюсь і віцэ-прэзідэнта Рэнаты Дземянчук. Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў эканамічны суд заяву аб ліквідацыі ТАА «Клерыгата» і распачала крымінальную справу. Падставай паслужылі вынікі праверкі пракуратуры Гродзенскай вобласці і УДФР КДК Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці. Згодна з арт. 7 закона РБ «Аб грамадскіх аб’яднаннях», дзейнасць незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў, саюзаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 1 лістапада стала вядома, што ў канцы кастрычніка 2022 года быў затрыманы і асуджаны на адміністрацыйны арышт на 10 сутак Сяргей Гаранін, намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Сяргей Гаранін асуджаны паводле арт. 19-11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Сяргей Гаранін быў затрыманы падчас рэпрэсіўных дзеянняў у Акадэміі навук у дачыненні да ўдзельнікаў тэлеграм-чату «Навукоўцы супраць гвалту».
2. 14 лістапада прызначаны шосты арышт праваслаўнаму святару Уладзіславу Багамольнікаву, які служыў паніхіду па забітым падчас паслявыбарчых пратэстаў у 2020 годзе мастаку Раману Бандарэнку. Уладзіслаў Багамольнікаў – клірык храма Богаяўлення ў Мінску, загадчык царкоўна-гістарычнага музея Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык філасофіі ў семінарыі, сын вядомага беларускага археолага Уладзіміра Багамольнікава. Уладзіслаў Багамольнікаў ужо адбыў 74 сутак адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна – пяць тэрмінаў бесперапынна. Ён ізноў не выйшаў пасля заканчэння чарговага тэрміну – на яго быў складзены новы пратакол і суд прызначыў яму яшчэ 14 сутак арышту.
3. 14 лістапада не выйшлі на волю пасля адміністрацыйнага арышту ўдзельнікі гурта з Рагачова «Tor Band» Зміцер Галавач і Яўген Бурло, іх жонкі, а таксама фатограф Андрэй Салаў, які здымаў для гурта кліпы. Супрацоўнікі міліцыі адмаўляюцца паведаміць, дзе знаходзяцца затрыманыя і ў чым абвінавачваюцца.
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
8 лістапада стала вядома пра затрыманне жыхара Гомеля Аляксея Барсукова, які нядаўна вярнуўся з Германіі, дзе зрабіў фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам. Аляксей Барсукоў за гэты здымак быў затрыманы і асуджаны на адміністрацыйны арышт.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
Паўлу Мажэйку працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай да 1 студзеня 2023 года. Павел Мажэйка – кіраўнік культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне, журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», што спецыялізавалася на выданні кніг аўтараў з Гродна і пра Гродна. Паўлу Мажэйку абмежавалі пасылкі і бандэролі і блакуюць ліставанне: яму перадаюць лісты толькі ад сям’і. Паўла Мажэйку затрымалі ў сакавіку 2021 года разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у «Цэнтры гарадскога жыцця» партрэт антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара. У дачыненні да Паўла Мажэйкі і Алеся Пушкіна распачалі крымінальную справу «за наўмысныя дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Пасля 72 гадзін затрымання Паўла тады вызвалілі з фармулёўкай «зніклі падставы для затрымання». 30 жніўня 2022 года Паўла Мажэйку затрымалі ў Гродне і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 2 верасня яго перавялі з ізалятара часовага ўтрымання ў следчы ізалятар. Гэта можа азначаць, што Паўлу выстаўлена абвінавачванне і выбрана мера стрымання – за кратамі.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
4 лістапада пракуратура Брэста выявіла факты прапановы грамадзянам да набыцця на электроннай пляцоўцы bonLibro.bу кніжных выданняў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пракуратура мела на ўвазе выданне «Краткий курс истории Беларуси IX–XXI вв.» аўтарства Анатоля Тараса. У верасні 2022 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў яго «экстрэмісцкім матэрыялам». Паводле фактаў распаўсюду пракуратура ініцыявала пачатак адміністрацыйнага працэсу на падставе ч. 2 арт. 19-11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
VI. Звальненні з дзяржаўных устаноў культуры за грамадзянскую пазіцыю
1. 9 лістапада стала вядома, што з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы звольнілі кандыдатку гістарычных навук, дацэнтку Святлану Сілаву. Нагодай для звальнення палічылі адсутнасць яе на працоўным месцы больш за тры гадзіны. На працы Святлана Сілава адсутнічала, бо была затрымана супрацоўнікамі міліцыі. Святлану Сілаву затрымлівалі 18 кастрычніка 2022 года. Тады яе абвінавацілі ў «захоўванні і распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», 21 кастрычніка выкладчыцу вызвалілі. Суд прызначыў ёй штраф. Святлана Сілава працавала ў ГрДУ з 2000 года на кафедры гісторыі Беларусі. Даследчыца гісторыі праваслаўнай царквы з XVIII стагоддзя да часоў камуністычнага таталітарызму.
2. 12 лістапада на сваёй старонцы ў Facebook літаратуразнаўца Сяргей Гаранін паведаміў, што яго звольнілі з Акадэміі навук, дзе ён быў вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. У канцы кастрычніка 2022 года ён быў затрыманы і асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Сяргей Гаранін – намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Быў суджаны за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» арт. 19-11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Сяргея Гараніна затрымалі падчас рэпрэсіўных дзеянняў у Акадэміі навук у дачыненні да ўдзельнікаў тэлеграм-чату «Навукоўцы супраць гвалту».
VII. Ліквідацыя арганізацый і фондаў, што спрыяюць культуры
14 лістапада пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў эканамічны суд заяву аб ліквідацыі ТАА «Клерыгата». Прычына ліквідацыі – вынік праверкі пракуратуры Гродзенскай вобласці і Дэпартамента фінансавых расследаванняў па Гродзенскай вобласці.
VIII. Дэбеларусізацыя
10 лістапада вітанне «Жыве Беларусь», якое з’яўляецца цытатай з верша класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы (верш напісаны ў 1905–1907 гг.), уключана Міністэрствам унутраных спраў Беларусі ў «пералік нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі» з 52 пунктаў. Улады імкнуцца дыскрэдытаваць і крыміналізаваць нацыянальны лозунг, прывязаўшы яго да дзейнасці калабарантаў часоў Другой сусветнай вайны. Цяпер за выкарыстанне лозунга могуць пакараць крымінальнай адказнасцю паводле арт. 341-1. Абвінавачванаму будзе пагражаць штраф, арышт, абмежаванне волі да 3 гадоў або пазбаўленне волі да 4 гадоў.