Сёлета заснавальнікі прэміі, Радыё Свабода і Беларускі ПЭН, пераносяць цырымонію ўзнагароды на 2023 год.
Няспынныя рэпрэсіі, арышты аўтараў і выдаўцоў цягам мінулага году зрабілі амаль немагчымым публічнае з’яўленне твораў, напісаных у зняволенні. Цяпер за кратамі 11 лаўрэатаў прэміі: Ігар Аліневіч, Аляксандр Фядута, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Алесь Бяляцкі, Мікола Дзядок, Алесь Пушкін, Андрэй Аляксандраў, Максім Знак, Мікола Папека, Андрэй Скурко.
Беларускі ПЭН адсочвае і фіксуе храналогію Людзей Слова — літаратараў, перакладчыкаў і даследчыкаў літаратуры, публіцыстаў, інтэлектуалаў, а таксама тых, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў, — якія цяпер за кратамі.
З лістоў з турмаў і калоніяў, са звестак ад родных і сяброў дакладна вядома, што рэпрэсіі не спынілі творчую актыўнасць. Беларускі ПЭН і Радыё Свабода выказваюць упэўненасць, што творы абавязкова дойдуць да чытачоў, а іх аўтары атрымаюць вядомасць і прызнанне.
Прысуджэнне прэміі імя Францішка Аляхновіча пераносіцца на Дзень зняволенага пісьменніка налета. На разгляд будуць прымацца творы, апублікаваныя цалкам ці часткова ў перыяд з лістапада 2021 па лістапад 2023 г.
Арганізатары просяць сваякоў, сяброў зняволеных збіраць і захоўваць творчасць з-за кратаў, перадаць вязням нашае запрашэнне ўдзельнічаць у стварэнні літаратуры памяці і пажаданні хуткай свабоды.
Даведацца больш пра прэмію імя Францішка Аляхновіча і яе лаўрэатаў можна на тут.