У сувязі з інфармацыяй аб заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”) у дачыненні да Данііла Вітунова, Паўла Далгакова, Сяргея Жоглы, Мікалая Завадскага, Антона Касцючэнкі, Анастасіі Кізім, Ксеніі Котавай, Уладзіміра Лысака, Віктара Мацяйковіча, Віктара Мазаніка, Алеся Папковіча, Яна Папковіча, Уладзіміра Паўлава, Яўгена Рагуцкага, Інгі Рэйдальф, Карыны Рэйдальф, Віталя Рыбакова, Аляксандра Семашкі, Артура Хлуса, Кацярыны Якаўлевай; па ч.2 арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”) Дзмітрыя Русецкага, накіраванні для адбыцця пакарння ў выглядзе абмежавання волі па ч. 1 арт. 342 КК ў папраўчую установу Мікіты Адзінца, Сяргея Асановіча, Яўгена Афанасенкі, Анастасіі Буткевіч, Дзмітрыя Гурэева, Арцёма Заблоцкага, Антона Камароўскага, Аляксандра Карзюка, Андрэя Кунцэвіча, Рыгора Парамонава, Аляксея Пратаповіча, Арцёма Парфененкі, Вячаслава Сыраежкі, Паўла Шчэрбіна, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.
Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Данііла Вітунова, Паўла Далгакова, Сяргея Жоглу, Мікалая Завадскага, Антона Касцючэнку, Анастасію Кізім, Ксеніі Котавай, Уладзіміра Лысака, Віктара Мацяйковіча, Віктара Мазаніка, Алеся Папковіча, Яна Папковіча, Уладзіміра Паўлава, Яўгена Рагуцкага, Інгу Рэйдальф, Карыну Рэйдальф, Віталя Рыбакова, Аляксандра Сямашку, Артура Хлуса, Кацярыну Якаўлеву, Дзмітрыя Русецкага, Мікіту Адзінца, Сяргея Асановіча, Яўгена Афанасенку, Анастасію Буткевіч, Дзмітрыя Гурэева, Арцёма Заблоцкага, Антона Камароўскага, Аляксандра Карзюка, Андрэя Кунцэвіча, Рыгора Парамонава, Аляксея Пратаповіча, Арцёма Парфененку, Вячаслава Сыраежку, Паўла Шчэрбіна і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Lawtrend;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.