• Заявы
  • Заява беларускіх праваабаронцаў аб прызнанні пяці палітычных зняволеных

Заява беларускіх праваабаронцаў аб прызнанні пяці палітычных зняволеных

Апошняе абнаўленне: 8 ліпеня 2022
Заява беларускіх праваабаронцаў аб прызнанні пяці палітычных зняволеных
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя пратэсныя дзеянні выкарыстоўваецца ўладамі для падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.

Крымінальнае заканадаўства істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.

У пазасудовым парадку МУС і КДБ адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і праводзімай ім палітыцы. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:

  1. Аксана Аўчынская змешчана пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК за перадачу звестак аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі ў адзін з телеграм-каналаў;
  2. Алег Храмых змешчаны пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК за перадачу звестак аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі ў адзін з телеграм-каналаў;
  3. Андрэй Раптуновіч заключаны пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні па арт. 361-1 КК і ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы па арт. 361-3;
  4. Аляксандр Загдай заключаны пад варту ў СІЗА па абвінавачванне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК за перадачу інфармацыі аднаму з тэлеграм-каналаў;
  5. Канстанцін Байсараў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па абвінавачванне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК за перадачу звестак аб расійскай ваеннай тэхніцы ў адзін з тэлеграм-каналаў.

Ацэньваючы дадзеную інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычных падзей пасля 24 лютага 2022 г., асноўнай падзеяй якіх стала ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну і наступныя акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, мы прыходзім да высновы аб тым, што ў дадзеных выпадках грамадзяне перасьледуецца з-за іх палітычных перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў, распаўсюджвання інфармацыі і асацыяцыі.

Таму мы прызнаем іх палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць палітвязняў Аксану Аўчынскую, Алега Храмых, Андрэя Раптуновіча, Аляксандра Загдая, Канстанціна Байсарава;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Human Constanta;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.