• Заявы
  • Заява праваабарончай супольнасці Беларусі аб прызнанні 12 палітычных зняволеных

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі аб прызнанні 12 палітычных зняволеных

Апошняе абнаўленне: 25 мая 2022
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі аб прызнанні 12 палітычных зняволеных
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.),  адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А.Лукашэнка, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Дзяніс Барсукоў, асуджаны па ч. 1 арт.368 КК за абразу А.Лукашэнка да 2 гадоў папраўчай калоніі;
  2. Наталля Малец, асуджана па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  3. Святлана Фірсава, асуджана па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнка да 2 гадоў папраўчай калоніі;
  4. Міхаіл Лабань, асуджаны па ч. 1 арт. 367 КК за паклёп у дачыненні да А.Лукашэнка, ч. 1 арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнка і  арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 4 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  5. Сяргей Ліс, асуджаны па арт. 364 КК за паведамленне у сацыяльнай сетцы ў дачыненні да жонкі супрацоўніка АУС, якое не змяшчала пагроз гвалтам, да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  6. Яўген Паўлоўскі, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 году абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  7. Іван Бацюк, асуджаны па ч.1 і 2 арт. 368 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  8. Максім Лацунцэвіч, узяты пад варту па ч. 1 арт 130 і 369 КК па “справе Зельцара”;
  9. Ігар Леднік, узяты пад варту па ч. 1 арт. 367 КК за паклёп у адносінах да А. Лукашэнкі;
  10. Максім Кубліцкі, асуджаны па арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
  11. Канстанцін Рудніцкі ўзяты пад варту за тэхнічную дапамогу ў стварэнні праграмнага прадукта, які дазваляе раздрукаваць дадзеныя з сайта з дадзенымі асобаў, якія маюць дачыненне да рэпрэсій у Беларусі, садзейнічаючы свабоднаму распаўсюду інфармацыі, што было кваліфікавана як дапамога ў пагрозах гвалтам у дачыненні да прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў АУС, умяшанню ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, абразе прадстаўнікоў улады і незаконных дзеянняў ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных па ч. 6 арт. 16 и ч. 3 арт. 203-1, ч. 6 арт. 16 и арт. 364, ч. 6 арт. 16 и арт. 365, ч. 6 арт. 16 и ч. 1 арт. 366, ч. 6 арт. 16 і арт. 369 КК;
  12. Ігар Галушка, узяты пад варту па ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці), арт. 368 (абраза А. Лукашэнкі) КК за каментары ў сацыяльнай сетцы грамадска-палітычнага зместу з крытыкай улады і А. Лукашэнкі.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Дзяніса Барсукова, Наталлю Малец, Святлану Фірсаву, Міхаіла Лабаня, Сяргея Ліса, Яўгена Паўлоўскага, Івана Бацюка, Максіма Лацунцэвіча, Ігара Ледніка, Канстанціна Рудніцкага, Ігара Галушку, Максіма Кубліцкага і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.